Паводле ўцечак амерыканскіх сакрэтных дакументаў, Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны планавала вайсковыя аперацыі супраць расійскіх салдат у Сірыі пры дапамозе курдаў і пры ўскоснай згодзе Турцыі. У той жа час расійскія вайскоўцы ледзь не збілі амерыканскі беспілотнік.

У 2022 годзе Украіна планавала напад на расійскі кантынгент войскаў у Сірыі, аднак не распачала рэалізацыю сваіх планаў. Пра гэта паведаміла выданне The Washington Post са спасылкай на чарговую порцыю злітых сакрэтных дакументаў Пентагона.
У дакументах сказана, што Галоўнае ўпраўленне разведкі (ГУР) Украіны займалася «агрэсіўнай падрыхтоўкай дыверсій, ліквідацый і дэстабілізуючых дзеянняў» на кантраляваных Расіяй тэрыторыях Сірыі з прымяненнем беспілотнікаў і наземных аперацый, выкарыстоўваючы курдаў і сірыйскія апазіцыйныя ўзброеныя фарміраванні.
Мэтай дадзеных мерапрыемстваў было нанясенне адчувальнай шкоды ў расійскім тыле і прымушэнне Расіі да перамяшчэння часткі сваіх войскаў з Украіны ў Сірыю (а не наадварот, як гэта адбывалася раней).
«Украінскія афіцэры разглядалі магчымасць навучання чальцоў Сірыйскіх дэмакратычных сіл (SDF) — вайсковых сіл паўночна-ўсходняй аўтаноміі Сірыі, якая кантралюецца курдамі — для нанясення ўдараў па расійскіх аб'ектах і правядзення «нявызначаных дзеянняў» з дапамогай БПЛА», — гаворыцца ў дакументах.
Ва ўцечках таксама сказана, што Сірыйскія дэмакратычныя сілы патрабавалі ад Украіны гарантый захавання іх удзелу ў падобных аперацыях у поўным сакрэце, аднак аб планах даведалася Турцыя, якая з'яўляецца непрымірымым супернікам курдскіх фарміраванняў.
Але Турцыя не стала перашкаджаць планам Украіны і рэкамендавала той здзяйсняць свае напады з тэрыторый і пры дапамозе тых сіл, якія ніяк не злучаны з Турцыяй, каб не выклікаць на сябе «зваротны гнеў Масквы». Турцыя хацела, каб Расія потым нанесла ўдар у адказ менавіта па курдах, што таксама адпавядае турэцкім мэтам.
«У канчатковым выніку, паводле дакументаў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў канцы снежня 2022 года загадаў адмяніць рэалізацыю падобных планаў нападу. Гэта магло быць выклікана як унутранымі праблемамі на стадыі падрыхтоўкі, так і ўмяшаннем ЗША, якія не хацелі ўскладняць уласныя аперацыі ў рэгіёне», — піша The Washington Post.
Акрамя гэтага, у дакументах таксама расказваецца аб раней невядомым інцыдэнце, калі восенню мінулага года расійскія СПА ў Сірыі абстралялі і ледзь не збілі амерыканскі беспілотнік MQ-9 (адзін з беспілотнікаў гэтай жа мадэлі быў раней збіты Расіяй у акваторыі Чорнага мора непадалёк ад Крыма).
Што за аперацыі Украіна планавала ў Сірыі?
Згодна з уцечкамі, Украіна збіралася атакаваць расійскі марскі порт у Тартусе, аэрапорт Басель аль-Асад у Латакіі, а таксама расійскую ваенную авіябазу Хмеймім — галоўны апорны пункт Расіі ў Сірыі.
Акрамя гэтага ўкраінская вайсковая выведка планавала напасці на кантраляваныя Расіяй нафтагазавыя радовішчы ў цэнтральнай Сірыі, каб пазбавіць Маскву дадатковых даходаў для фінансавання вайны супраць Украіны.
У спісе патэнцыйных мэтаў для нападу таксама былі найміты з ПВК «Вагнер» і звязаны з імі сірыйскі газавы завод «Джыхар» каля горада Пальміра.
«Усе гэтыя аперацыі апісваюцца ў сакрэтных дакументах з пазіцыі ўзроўню іх патэнцыйнай шкоды для Расіі і верагоднасці больш агрэсіўнага зваротнага ўдару з яе боку», — адзначае The Washington Post.
Украінскае кіраўніцтва пакуль ніяк не пракаментавала інфармацыю з амерыканскіх уцечак, а кіраўнік ГУР Украіны генерал-маёр Кірыла Буданаў ад каментароў увогуле адмовіўся.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Но потом отменили операцию.
По ряду причин.