Дом-музей Рэмбранта ў Амстэрдаме арыгінальным спосабам прываблівае моладзь
Вядомы тату-майстар Hanky Panky, сярод кліентаў якога былі Лэдзі Гага і Red Hot Chili Peppers, прапануе наведвальнікам зрабіць татуіроўкі з вобразамі з твораў знакамітага мастака.

У анонсе акцыі на сайце музея адзначаецца, што ў Рэмбранта і студыі Schiffmacher & Veldhoen, заснавальнікам якой з'яўляецца Хенк Шыфмахер (Henk Schiffmacher), больш вядомы як Hanky Panky, шмат агульнага: яны сусветна вядомыя майстры сваёй справы і глыбока ўкараніліся ў ДНК Амстэрдама. У іх мастацтве таксама ёсць важныя падабенствы: як у гравюрах, так і ў татуіроўках усё пачынаецца з малюнка, які затым наносіцца на паверхню тушшу і іголкай.
Там, дзе Рэмбрант выкарыстоўваў медную пласціну і ліст паперы, каб ператварыць сваю кампазіцыю ў гравюру, мастакі-татуіроўшчыкі наносяць свой малюнак на скуру чалавека. У выніку зʼяўляецца твор мастацтва, які вы носіце з сабой усё жыццё.
Тое, што Рэмбрант меў татуіроўку, малаімаверна. Але тэарэтычна гэта магчыма, таму што нанясенне перманентнага малюнка на цела — старажытная тэхніка, якая была распрацаваная ў розных рэгіёнах свету адначасова. Яна была вядомая яшчэ ў Старажытным Егіпце.
Першапачаткова гэтыя меткі на скуры былі прыкметамі прыналежнасці да якой-небудзь групы: племянной, рэлігійнай, пірацкай, легіянерскай. Але гэта таксама быў спосаб пазначыць пэўныя катэгорыі людзей, напрыклад, рабоў ці зняволеных.
Сёння ж татуіроўка — гэта сродак заявіць аб сваёй арыгінальнасці, сродак спакушэння, правакацыі ці проста ўпрыгажэння.
Шыфмахер адзначае:
«У свеце прадаецца больш татуіровак, чым твораў мастацтва, якія можна павесіць на сцяну. Стары мастак-татуіроўшчык аднойчы назваў татуіроўкі «Рэмбрантам для бедняка», бо такі «твор мастацтва» больш даступны, чым карціна аднаго са старых майстроў, але не менш старанна выкананы і адабраны. Многія людзі таксама ствараюць сапраўдную калекцыю татуіровак ад канкрэтных мастакоў-татуіроўшчыкаў».
Усім ахвотным майстар і яго каманда падчас акцыі «Рэмбрант для беднякоў» прапануюць шэраг дызайнерскіх татуіровак, у тым ліку арыгінальныя гравюры Рэмбранта, подпіс Рэмбранта і яго манаграму.
Дырэктар дома-музея Рэмбранта Мілу Халбесма (Milou Halbesma) у інтэрвʼю The Guardian сказала, што праект адпавядае імкненню музея ахапіць разнастайных сучасных мастакоў.
«Мы заўсёды шукаем праекты, звязаныя не толькі з Амстэрдамам, але і з майстэрствам. Мы лічым сябе домам мастакоў. Рэмбрант не толькі жыў і працаваў у гэтым доме, але і навучаў сваіх вучняў. Мы хочам працаваць у нашай новай студыі з галандскімі мастакамі, каб звязацца з публікай, і мы лічым Шыфмахера і яго каманду мастакамі. Гаворка ідзе пра выклік для кожнага музея — дабрацца да наступнага пакалення».
Як паведамляецца на сайце музея, акцыя пройдзе з 19 па 25 чэрвеня ў будынку, які ў XVII стагоддзі быў культурным цэнтрам, дзе Рэмбрант, яго памочнікі і вучні разам працавалі над сваімі творамі. Цяпер новае пакаленне мастакоў XXI стагоддзя арганізоўвае тут сваю студыю. Такім чынам музей застаецца месцам, поўным інавацый і эксперыментаў. Пры гэтым захоўваецца шматвекавое мастацтва гравюры і малявання тушшу.
Папярэдняя рэгістрацыя адкрытая на сайце музея. Кошт татуіроўкі складае ад 100 да 250 еўра.
Чытайце яшчэ:
Дзе адпачыць і што паглядзець на Падляшшы?
Навукоўцы з дапамогай 3D-сканавання даследавалі загадкавую рымскую практыку пахавання
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
але гэта стала ўжо настолькі масава, што не арыгінальна, а наадварот. цяпер арыгінальна татуіроўку не мець