Дызель можа перамагчы электрамабілі? Як еўрапейскі аўтапрам аказаўся на мяжы крызісу
Еўрапейскі аўтампрам перажывае складаныя часы. Продажы электрамабіляў абваліліся, а VW і Audi задумваюцца пра закрыццё некаторых заводаў у Еўропе. «Наша Ніва» разбіралася, што прывяло да крызісу.

Рэкордны рост продажаў
У Еўрасаюзе ў 2023 годзе было прададзена 10,5 мільёна новых аўтамабіляў, з іх 1,54 мільёна прыйшлося на электрамабілі.
Такім чынам, доля электракараў склала 14,6% ад агульных продажаў. Адбылося гэта на фоне 37%-га росту продажаў электрамабіляў у параўнанні з 2022 годам.
Тым не менш па выніках мінулага года найбольш папулярнымі ў Еўрасаюзе заставаліся бензінавыя аўто. Машыны з бензінавым рухавіком занялі 35,3% рынку продажаў новых аўто ў ЕС. Другімі па папулярнасці аказаліся машыны з гібрыднымі ўстаноўкамі — 33,5% (поўныя гібрыды 25,8%, плагін-гібрыды PHEV 7,7%).
Папулярнасць дызельных аўтамабіляў працягвала зніжацца, іх доля скарацілася да 13,6% ад агульнай колькасці, што на 3% менш, чым у 2022-м.
Трэнды змяняюцца?
Аднак у гэтым годзе назіраецца адваротная тэндэнцыя — попыт на электрамабілі пачаў падаць. Калі летась электрамабілі хоць мінімальна, але апярэджвалі дызельныя аўто (14,6% супраць 13,6%), то ўжо па выніках гэтага года дызель мае ўсе шанцы абагнаць «электрычкі».

Па выніках 7 месяцаў 2024 года доля электрамабіляў у агульнай статыстыцы продажаў новых аўто ў ЕС знізілася да 12,5%.
Германія — галоўны антыдрайвер
Найбольшае зніжэнне цікавасці да электрамабіляў назіраецца ў Германіі. Перш за ўсё яно абумоўлена тым, што з-за праблем у бюджэце ўрад Германіі ў снежні 2023 года адмяніў выплаты дзяржаўных субсідый на іх куплю.
У адказ некаторыя аўтавытворцы, напрыклад, Tesla, прынялі рашэнне кампенсаваць субсідыі, якія складалі 6750 еўра, з уласнай кішэні. Але большасць такіх прапаноў дзейнічала толькі да красавіка 2024 года. Таму калі за першыя 4 месяцы 2024 года продажы электракараў скараціліся толькі на 15,9%, у маі — на 30,6%, а па выніках ліпеня — ужо на 36,8%.
Такім чынам доля электрамабіляў на нямецкім рынку новых аўто знізілася з 20% у 2023 годзе да 12,9%.

Не толькі ў Германіі
Зніжэнне попыту на электракары назіраецца і ў іншых краінах Еўропы. Напрыклад, у Швейцарыі продажы электрамабіляў у ліпені ўпалі на 19%, а ў Швецыі — на 15%.
Жнівень 2024 года адзначыўся максімальным спадам продажаў новых аўто. Агулам продажы новых аўто ў Еўрасаюзе ў гэтым месяцы скараціліся на 18,3%. А продажы электрамабіляў у ЕС абваліліся адразу на 43,9%.
Не надта папулярнымі застаюцца электрамабілі ў Італіі. Там на долю электрамабіляў выпадае толькі 4% продажаў новых аўто.
Праз скарачэнне попыту на аўтамабілі, у першую чаргу электрычныя, у VW загаварылі пра неабходнасць закрыцця на тэрыторыі Германіі як мінімум аднаго завода па вытворчасці аўтамабіляў і аднаго па вытворчасці запчастак. Таксама загаварылі пра закрыццё завода Audi у Бельгіі, на якім вырабляюць электрычны Audi Q8 e-tron.

Кітай перамагае?
Складанасці, з якімі сутыкнуліся еўрапейскія аўтавытворцы, Bloomberg назваў паражэннем Еўропы ў гонцы электрамабіляў.
Рэч у тым, што Еўрасаюз на заканадаўчым узроўні забараніў з 2035 года выпускаць аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання.
Гэтыя меры разам з дзяржаўнымі праграмамі па стымуляванні пераходу на электрамабілі прымусілі еўрапейскіх аўтавытворцаў інвеставаць шмат сіл і сродкаў у распрацоўку электрамабіляў.
Апошнія, у сваю чаргу, каштуюць значна даражэй за аналагі з традыцыйнымі рухавікамі. Некаторыя аўтавытворцы паспяшаліся адмовіцца ад выпуску новых мадэляў з РУЗ, замяніўшы іх электрычнымі.
Так адбылося з Peugeot Rifter і Citroen Berlingo. Французы выпусцілі новае пакаленне аўто выключна з электрычнымі рухавікамі. Але праз падзенне попыту былі вымушаныя дадаць у лінейку 1,5-літровы дызель. Пры гэтым машыны з дызелем пад капотам каштуюць на 10 тысяч еўра танней, чым іх электрычныя аналагі.

Пра вяртанне традыцыйнага паліва заявілі і ў Fiat. Адбылося гэта пасля таго, як продажы цалкам электрычнага Fiat e500 аказаліся куды больш сціплымі, чым чакалася. Таму было прынята рашэнне дадаць у лінейку гібрыдную версію з літровым бензінавым рухавіком пад капотам.
На думку Bloomberg, крызіс выкліканы адразу трыма прычынамі: падзенне попыту падчас пандэміі, ціск з боку кітайскага аўтапрама і не поўная акупнасць інвестыцый у развіццё электратранспарту.
І паколькі Еўрасаюз на заканадаўчым узроўні зрабіў усё, каб попыт на электрамабілі павялічваўся, мясцовыя аўтавытворцы сутыкнуліся з яшчэ адной праблемай — кітайскім аўтапрамам.
Калі з вытворчасцю аўто з рухавікамі ўнутранага згарання ў Кітая атрымлівалася не вельмі, то ў галіне электрамабіляў яны дасягнулі поспеху. Іх аўтамабілі выглядаюць больш прывабнымі і даступнымі на фоне дарагіх электракараў еўрапейскай вытворчасці. Поспехі амерыканскай Tesla — таксама не тое, чаго хацелася бачыць еўрапейскім аўтавытворцам.
Экалогія супраць эканомікі
Сітуацыя з кітайскай экспансіяй прывяла да таго, што Еўрасаюз вырашыў падняць імпартныя пошліны на машыны, вырабленыя ў Кітаі, каб падтрымаць сваю аўтапрамысловасць.
Вясной гэтага года ЗША ўвялі загараджальныя пошліны на электрамабілі з Кітая, падняўшы іх з 27,5% да 102,5%.
На гэтым фоне ў ЕС усё часцей пачынаюць гучаць галасы палітыкаў, якія выступаюць за скасаванне забароны на рэгістрацыю новых аўто з рухавікамі ўнутранага згарання пасля 2035 года.

Днямі міністр па справах прадпрыемстваў і прадукцыі Італіі Адольфа Урсо заявіў, што экалагічная палітыка Еўрасаюза прывяла да сур'ёзнага крызісу еўрапейскага аўтапрама.
Італьянскі міністр адзначыў, што «электрамабілі каштуюць занадта дорага ў параўнанні з даходамі еўрапейцаў і італьянцаў». Таксама, на яго думку, паспешнае ўкараненне электрамабіляў у ЕС прывядзе да таго, што ЕС стане празмерна залежным ад Кітая.
Кітай — абсалютны лідар у вытворчасці акумулятараў для электракараў. Акрамя вытворчасці саміх батарэй, ён кантралюе значную частку асноўных рэсурсаў для вырабу іх кампанентаў. Так, на долю краіны прыпадае 85% вытворчых магутнасцяў у анодах і 70% у катодах для батарэй. Кітай апрацоўвае больш за 50% графіту, кобальту і літыю, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці, а таксама валодае 80% сусветных запасаў графіту. Таму перасцярогі зразумелыя.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
мировые "автогиганты" из 20-го века, свернув свои электро-программы, подписали себе смертный приговор. они уже никогда не смогут догнать Тесла и китайцев и будут разобраны по частям этими самыми китайцами.
обратный отсчет уже идет...