Мова1111

Моўныя грані. Як па-беларуску называюцца бакі цэглы?

І ці ёсць свая назва для трэцяга боку цэглы, звычайна схаванага ад вачэй?

Цэгла, складзеная рубам. Фота: Wikimedia Commons

Такімі тэрміналагічнымі пытаннямі задаліся ў тэлеграм-канале «Спадчына».

Будаўнічая тэрміналогія звычайна вельмі распрацаваная, бо нават у вясковым дойлідстве патрабуецца дакладна разумець, пра што ідзе гаворка. Тры рознага памеру грані цэглы традыцыйна маюць свае назвы ва ўсіх мовах, бо ад іх размяшчэння ў муры залежыць яго трываласць і знешні выгляд.

Самыя вядомыя назвы маюць вузейшыя грані — бакавая і тарцовая. Па іх чаргаванні вызначаецца тып муроўкі, а калі на іх паставіць цэглу, то яе размяшчэнне будзе апісвацца адрозным чынам. 

Цэгла з клямом Ваньковічаў на шырокай грані ў зборах Хойніцкага раённага краязнаўчага музея. Фота: Wikimedia Commons

Будучых будаўнікоў сёння на вучобе знаёмяць з гэтымі тэрмінамі выключна па-руску. Найменшая тарцовая грань гэта «тычок», вузкая выцягнутая бакавая грань — «ложок», а самая шырокая, на якую звычайнай кладзецца цэгла, — «постель».

З першымі дзвюма гранямі асаблівых праблем няма, шмат хто яшчэ памятае іхнія беларускія назвы, бо традыцыйная пераемнасць ад майстра да вучня ў вясковым дойлідстве спынілася не так даўно, а таксама яны зафіксаваныя ў слоўніках.

Па-беларуску тарцовая грань гэта старча́к. Так называецца любы прадмет, які стаіць старчма, то-бок вертыкальна. Менавіта так і будзе стаяць цагліна, калі паставіць яе на гэты бок. У муроўцы трохі іншая логіка, таму «класці цэглу старчаком» будзе азначаць выкладаць яе тарцом да плоскасці сцяны.

Два рубы і адзін старчак — балтыйская муроўка Крэўскага замка. Фота: Wikimedia Commons

Выцягнутая бакавая грань цэглы па-беларуску гэта руб. Гэта таксама ўніверсальны тэрмін для вузкага краю або вузкага боку любога прадмета. З той жа асновай словы рубец (след на целе, шво) і рубаха (ад старажытнарускага «рубъ» — кавалак, абрывак тканіны). 

Чаргаванне руба і старчака цэглы вызначае тып муроўкі: два-тры рубы і адзін старчак — балтыйская муроўка як у Крэўскім замку, адзін руб і адзін старчак — гатычная муроўка, як у Сынкавіцкай царкве-крэпасці, калі адзін рад быў выкладзены рубам, а іншы старчаком — рэнесансная муроўка і г.д. 

Самым загадкавым аказаўся трэці бок цэглы, на які яна ў большасці выпадкаў кладзецца. Гэты бок звычайна схаваны ўнутры мура, а таму пра яго згадваюць значна радзей, чым пра старчак і руб. 

Грані цэглы па-беларуску. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Па-польску гэта «podstawa», па-руску «постель», па-англійску «bed», але двухмоўныя слоўнікі не даюць адзінага і пераканаўчага перакладу, які б можна было адназначна звязаць з цэглай. Нічога канкрэтнага не адшукалася і ў іншых слоўніках.

Але актывісты, перабіраючы розныя варыянты, натыкнуліся на некалькі крыніц, у якіх найбольшая грань цэглы называецца словам пасцель.

Ілюстрацыя да артыкула пра каменныя работы ў Энцыклапедыі сельскага гаспадара.

Па-першае, гэта Энцыклапедыя сельскага гаспадара, якая выйшла ў 1993 годзе пад рэдакцыяй гісторыка Міхася Ткачова і змяшчае шмат карыснай інфармацыі па прыватным будаўніцтве на беларускай мове.

Цікава, што на схеме з цаглінай найменшая грань пазначана як папярочка, але далей сустракаюцца толькі старчак і старчаковы.

Энцыклапедыя таксама прыводзіць назвы непаўнамернай цэглы: трохчвэртка (3/4 звычайнай цагліны), палавінка (1/2) ды чвэртка (1/4).

Фрагмент з кнігі «Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII-XVIII стст.» Міхася Ткачова

Слова пасцель Ткачоў выкарыстоўваў і ў сваёй кнізе «Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII-XVIII стст.» 1978 года, калі распавядаў пра падоўжаныя барозны на цэгле, з якой складзена Камянецкая вежа. 

Фрагмент з кнігі «Манументальнае дойлідства Беларусі XI—XVIII стагоддзяў: гісторыя будаўнічай тэхнікі» Міхася Ткачова

Археолаг Алег Трусаў піша ў кнізе «Манументальнае дойлідства Беларусі XI—XVIII стагоддзяў: гісторыя будаўнічай тэхнікі», выдадзенай у 2001 годзе, што шырокія бакі цаглін навукоўцы называюць пасцель і яе агляд часта дапамагае атрымаць звесткі пра тэхналогію іх вытворчасці. 

Пачынаючы з XIII стагоддзя на пасцелі беларускай цэглы з'яўляюцца доўгія барозны, праведзеныя пальцамі або (радзей) спецыяльнай прыладай накшталт грабеньчыка.

Трусаў таксама прыводзіць гістарычныя назвы непаўнамернай цэглы: дзявятка, або трохчвэртка (3/4 звычайнай цагліны), палавінка, або шасцёрка (1/2), квартка, ці чацвярцінка (1/4), а таксама бэлечка (1/2), атрыманая пры разломванні цагліны ўдоўж. 

Фрагмент з кнігі «Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце»

У першым томе выдання «Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце», выдадзеным у 2005 годзе, беларуская мастацтвазнаўца Тамара Габрусь таксама згадвае пра нягладкую пасцель цэглы-плінфы, якую рабілі дзеля лепшага злучэння з рошчынай.

Звычайна пад пасцеллю разумеецца месца для спання з пасланымі на ім спальнымі рэчамі, але слоўнікі сапраўды даюць і другое яго значэнне — частка вырабу ці якой-небудзь прылады, на якой размяшчаецца што-небудзь. Пасцель, напрыклад, ёсць у падшыпніка, гэтае ж слова цалкам пасуе і для цэглы. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Чытач
    21.10.2024
    Цікава, дзякуй.
  • Сцяпан
    21.10.2024
    яшчэ есць умельцы у Беларусі, якія кладуць самастойна печы з цэглы і яны навучыліся гэтаму не па ютубу а ад старжйшых майстроў
  • Индеец
    21.10.2024
    Бак цэглы по-беларуски - так и называется, у меня по мове была твердая пятерка. А вот слов "пан-паненка", "цаль" - в беларуском языке никогда не было, а есть "спадар-спадарыня"(господин-госпожа) и дзюйм. Хотите говорить на польско-украинской трасянке - говорите, но это никакая не мова. Можете еще румынских слов добавить, Молдова тоже хочет в ЕС.

Цяпер чытаюць

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць4

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Усе навіны →
Усе навіны

Далай-лама распавёў у сваёй кнізе, што ягоны пераемнік павінен нарадзіцца за межамі Кітая1

Гігін расказаў, што зменіцца практыка пакарання за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў13

У Тадэвуша Кандрусевіча значна пагоршаў стан здароўя4

«На пенсіі скажаце дзякуй». Як беларусы ўкладваюцца ў крыпту1

У Мінску збіраюцца будаваць першы аўтамабільны тунэль. Дзе ён будзе?4

Жыхарка Магілёва паабедала на 160 рублёў. Што яна ела?3

Гайдукевіч: Калі сабака схадзіў у туалет ў людным месцы, а гаспадар пайшоў далей — штраф мінімум 500 даляраў!13

З афіцыйнай біяграфіі Турчына на сайце Саўміна выдалілі інфармацыю пра невядомыя 5 гадоў яго жыцця ў 90-я10

Налёт на кватэру айцішніка: пагражаючы зброяй, патрабавалі крыптавалюту на мільярд рублёў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць4

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць