Літаратура11

«Выкінутыя на ўзбочыну жыцця, але творчасці гэта не замінае». Як выжываюць у цяперашняй Беларусі літаратары?

У апошнія гады шмат літаратараў вымушаныя былі пакінуць радзіму, але шмат іх засталося і ў Беларусі. Аднак галасоў апошніх амаль не чуваць: з-за абмежаванняў, створаных уладамі, кантактаваць з пляцоўкамі, якія знаходзяцца за мяжой, ім вельмі небяспечна. Пра тое, як сёння адчуваюць сябе творцы ўнутры краіны, Budzma.org пагутарыла на ўмовах ананімнасці з літаратарам, які працягвае жыць у Беларусі.

Litaraturnaje žyccio
Крыніца: shedevrum.ai

— Сакавік 2025 года: якое цяпер жыццё ў літаратара, які працягвае быць і працаваць у Беларусі?

— «Яечня з паляндвіцай і чысты каўнер — вось усё, што мне трэба», — як сказаў адзін літаратурны герой. Літаратура — від мастацтва не надта высокатэхналагічны. Усё, што трэба прафесійнаму літаратару — свой кут, стол, камп’ютар.

Яшчэ патрэбен выдавец, але не раней чым напішацца кніга, якая вымагае некалькіх гадоў працы. Таму, у адрозненне ад кіно і тэатра, кнігі ў Беларусі пакрысе пішуцца, праўда, у шуфлядку. Па маіх адчуваннях тут усё працягваецца. У тым ліку выхад у свет… Мы ж літаратары — існуюць усялякія хады, таму кніжкі і публікацыі з’яўляюцца.

Так, літаратары ў Беларусі выкінутыя на ўзбочыну жыцця, але творчасці гэта не замінае. Хутчэй наадварот, пасля бесшабашных і вясёлых 2010-х, калі мы жылі ў нейкім адрыве ад астатняй краіны, ад свайго чытача, ап’янёныя адноснай свабодай, наступіла карыснае працверазенне, парадаксальная еднасць літаратараў са сваім народам: яны цяпер падзяляюць агульны лёс.

Іх гэтаксама выганяюць з уласнай зямлі, цкуюць, садзяць у турмы. Думаю, творчасці гэта толькі на карысць. Мы вярнуліся не толькі ў рэальнасць, але і дадому.

— Ці ёсць літаратурнае жыццё ў Беларусі?

— Каб адкрыта праходзілі вечарыны незалежнай беларускай літаратуры — такога цяпер няма. Нават вечарыны ў музеях не заўсёды анансуюць. Нават з праўладнага Саюза пісьменнікаў сталі нашмат менш кудысьці выязджаць, нават «на спецыяльна прызначаныя для такіх мерапрыемстваў» пляцоўкі. На ўсё трэба ўзгадненні.

Не здзіўляйцеся, калі нават на «ўзгодненую» вечарыну прыйдзе чалавек у форме або без і папросіць паказаць прэзентаваную кнігу. Таму часта вечарыны адбываюцца без кніг увогуле.

Па маіх назіраннях, у справе дазволу літаратурных вечароў праглядаецца нацыянальны прынцып. Польская і ўкраінская публічная літаратурная дзейнасць закрытыя ў прынцыпе. Беларуская — вельмі моцна пасечаная. Сёе-тое адбываецца трохі больш адкрыта, яшчэ можна нешта зладзіць, зноў жа з бясконцымі ўзгадненнямі. Тут як бы нацыянальныя літаратуры — прамы адбітак стаўлення ўлады да той ці іншай краіны.

— Чыноўнікі вырашылі абраць рэжым цішыні?

— Чыноўнікі ад «ніззя!»-ведамстваў — так. Ім так прасцей і больш звыкла. Але чыноўнікам ад культуры, навукі — ох не! Тыя зацікаўленая, каб літаратурны працэс не спыняўся, ім трэба выконваць планы, дэманстраваць вынікі, размяркоўваць бюджэт — інакш на наступны год нічога не атрымаюць.

Ёсць таксама чыноўнікі (праўда-праўда!), якім баліць калі не за людзей і культуру, дык прынамсі за імідж краіны. Або за ўласнае месца — калі не будзе літаратуры, дык навошта тады чыноўнік ад літаратуры? Таму паўстала супярэчанне. Адныя — каб усё замарозіць, іншыя — каб ток культуры не спыняўся. Гэта дае невялічкі зазор, магчымасць для працы.

— Выдавацца яшчэ можна?

— Так. Ёсць нішы — дзіцячая літаратура, класіка, пераклады, літаратура, якая абяртаецца вакол гісторыі.

Ckavannie litarataraŭ
Крыніца: artchive.ru

— З якімі яшчэ складанасцямі сутыкаюцца літаратары, якія працягваюць жыць і працаваць унутры Беларусі?

— Натуральна, у некаторых выпадках гэта пагроза трапіць за краты — у тым ліку праз прафесійную дзейнасць. Бывае, дастаткова таго, што працаваў стыль-рэдактарам «не ў тым месцы».

Цкаванне. У дзяржаўных выданнях, у даносніцкіх сацсетках цкуюць літаратараў. Прычым ужо не падзяляюць: тут хто ці там. Нават сябраў афіцыйнага Саюза пісьменнікаў. Агульны закід — нелаяльнасць. Вышукваюць падабайкі і бчб-фоткі, спрабуюць лезці ў змест напісанага, але апошняе даносчыкам даецца з цяжкасцю.

Калі быць пісьменнікам, паэтам, жывучы ў цяперашняй Беларусі — складана, але плённа, то сумежныя прафесіі пакутуюць ад нерэалізаванасці. Варта звярнуць увагу на менеджараў культуры (арганізатараў мерапрыемстваў, каардынатараў праектаў). Моладзь, якая хоча кіраваць літпрацэсам, з’яўляецца, а досведу пераняць няма ад каго — культурных ініцыятыў унутры Беларусі мала, імпрэзы пад забаронай. Гэта пакуль што не праблема, але на доўгай дыстанцыі будуць цяжкасці.

А яшчэ літаратурныя перакладчыкі. У адрозненне ад пісьменнікаў, якія ў нашай культуры заўжды «прарасталі праз асфальт», маладыя перакладчыкі патрабуюць догляду і пешчання: майстар-класаў, штудыяванняў, вандровак, свабоднага паветра. Думаю, нашым калегам на волі варта звярнуць увагу на гэта.

— Гучыць усё гэта змрочна.

— Глядзіце, мы неяк забыліся, што беларуская літаратура ўжо больш за сто пяцьдзясят год існуе ў такім «селі-ўсталі» рэжыме. Яна заўжды апрача творчых, чыста літаратурных задач, думала пра самазахаванне і пераемнасць.

Пасля трыццаці гадоў адноснай свабоды ў 2021 годзе беларуская літаратура проста адышла на загадзя арганізаваныя пазіцыі, на мінулую лінію абароны, пабудаваную папярэднікамі. Мая настольная кніга зараз — мемуары «Доўгая дарога дадому» Васіля Быкава.

Асабліва тыя месцы, дзе ён расказвае, як тройка літаратараў, Быкаў, Карпюк і Клейн, людзі вольных, дэмакратычных поглядаў, у 60-я гады XX стагоддзя акапаліся ў ссавечаным Гродне і зладзілі кругавую абарону. Гутаркі, абмеркаванні, абарона агульных інтарэсаў. Яны трымаліся разам, інакш іх з’елі б.

Ясна, што ў той парадыгме яны міжволі станавіліся параноікамі, лічылі, што небяспека паходзіць адусюль. Помню, як я з лёгкай усмешкай чытаў гэтыя мемуары 15 гадоў таму. Цяпер мая ўсмешка сцёрлася — кручу быкаўскія і клейнаўскія парады на вус.

Цяпер у Беларусі адбываецца падобнае: людзі гуртуюцца, збольшага абмяркоўваюць дзеянні ўладаў. Сёння вельмі важна зразумець сітуацыю, ацаніць і зразумець, якія крокі робіць іншы бок, які лічыць нас апанентамі. Важна разумець, у якіх кірунках можна рухацца, а куды ўжо бессэнсоўна.

Абменьваемся інфармацыяй: хто ў якім «спісе».

Мне здаецца, адносіны паміж літаратарамі сталі больш шчырымі, няма ранейшага адчування канкурэнцыі і зайздрасці. Ёсць разуменне, што мы знаходзімся ў адной лодцы. З тых, хто застаўся, я ўсіх рады бачыць.

— А што наконт стасункаў з беларускімі літаратарамі за мяжой? Якія яны?

— Мы адчуваем бясконцую сардэчную падтрымку нашых калег з-за мяжы. Яны, выгнаныя і апляваныя, жывуць у вельмі цяжкіх псіхалагічных і матэрыяльных умовах, але знаходзяць час даслаць нам, на Бацькаўшчыну, свой прывет, і пацешыць даробкам. Я імі ганаруся. Жыве кніга!

Каментары1

  • Абу
    10.03.2025
    Павага і рэспект - ніякага жалю да сабе, ніякай крыўды да з'ехаўшых, толькі адданасць свайму мастацтву.

Цяпер чытаюць

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць5

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Усе навіны →
Усе навіны

Далай-лама распавёў у сваёй кнізе, што ягоны пераемнік павінен нарадзіцца за межамі Кітая1

Гігін расказаў, што зменіцца практыка пакарання за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў13

У Тадэвуша Кандрусевіча значна пагоршаў стан здароўя4

«На пенсіі скажаце дзякуй». Як беларусы ўкладваюцца ў крыпту1

У Мінску збіраюцца будаваць першы аўтамабільны тунэль. Дзе ён будзе?4

Жыхарка Магілёва паабедала на 160 рублёў. Што яна ела?3

Гайдукевіч: Калі сабака схадзіў у туалет ў людным месцы, а гаспадар пайшоў далей — штраф мінімум 500 даляраў!13

З афіцыйнай біяграфіі Турчына на сайце Саўміна выдалілі інфармацыю пра невядомыя 5 гадоў яго жыцця ў 90-я10

Налёт на кватэру айцішніка: пагражаючы зброяй, патрабавалі крыптавалюту на мільярд рублёў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць5

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць