Яшчэ нядаўна на гэтым месцы была пустка, але неўзабаве наведвальнікі замка змогуць прагуляцца па тых жа алеях, што і князі Радзівілы.

На тэрыторыі замкавага комплексу ў Міры пачалася рэалізацыя аднаго з самых амбітных праектаў апошніх гадоў — аднаўленне гістарычнага італьянскага саду, які існаваў пры замку ў XVIII стагоддзі.
Як паведаміў дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Лойка, праект рэалізуецца на плошчы каля 6 гектараў і стане часткай маштабнага плана па вяртанні гістарычнага аблічча ўсёй тэрыторыі комплексу.
«10 гадоў навукоўцы з усёй краіны вялі знясільваючую працу па стварэнні праекта «італьянскага» саду. Было вывучана мноства дакументаў, праведзены аналіз ландшафту Мірскага замка, які мы маем сёння. Акрамя ўзнаўлення таго саду, які вядомы з гісторыі, будуць і некаторыя новаўвядзенні», — сказаў Лойка.
Гістарычны кантэкст
Сад быў закладзены напрыканцы XVI — напачатку XVII стагоддзя Мікалаем Крыштофам Радзівілам, вядомым пад мянушкай «Сіротка». Ён стаў часткай вялікага будаўнічага праекта па ператварэнні Мірскага замка ў магнацкую рэзідэнцыю.
Да нашага часу сад не захаваўся, але яго апісанні маюцца ў інвентарных дакументах сярэдзіны XVIII стагоддзя. У інвентары за 1746 год гаворыцца, што сад меў геаметрычную структуру з 25 квадратаў, у якіх раслі пладовыя дрэвы, гародніна і лекавыя расліны. Таксама былі аранжарэя, гаспадарчыя пабудовы, дом садоўніка і тры зялёныя алеі, адна з якіх была вішнёвай.
У 1830 годзе дарога на Стоўбцы адсекла сад ад замка, што прывяло да яго паступовага заняпаду.

Што адновяць
Па словах прадстаўнікоў музея, у распрацоўцы праекта прымалі ўдзел супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі, Міністэрства культуры, а таксама беларускія архітэктары і гісторыкі. Акрамя вывучэння беларускіх крыніц, аналізаваліся еўрапейскія ўзоры — італьянскія, французскія і галандскія сады.
У выніку было прынята рашэнне аднавіць сад у выглядзе, найбліжэйшым да стану XVIII стагоддзя — перыяду, па якім захавалася найбольш дакументаў.
Работы па рэканструкцыі пачаліся ў красавіку 2024 года. Ужо завершаныя асноўныя падрыхтоўчыя этапы: пракладзены інжынерныя сеткі, умацавана берагавая лінія вадаёма, зроблена вертыкальная планіроўка тэрыторыі, усталяваныя апоры для жывых шпалер.

Арыгінальны «італьянскі» сад прадугледжвае пэўную планіроўку, якая абавязкова павінна быць вытрыманая. У прыватнасці, сад павінен размяшчацца прыступкамі, а яго паверхня будзе падзелена на нескладаныя геаметрычныя формы з дапамогай дыяганальных і прамых дарожак. Абавязкова павінны быць вадаём і фантан, акружаныя кветнікамі або выбрукаванай пляцоўкай. Форма кветнікаў і самога вадаёма — круглая, авальная або квадратная.
Уся тэрыторыя будучага саду Мірскага замка будзе вылучацца з навакольнага ландшафту ліпавай шпалерай і агароджай з глогу, якая будзе дубляваць яе. Унутраную кампазіцыю сфарміруюць з пладовых дрэў і кустоўя, таксама будуць выкарыстаны зялёныя насаджэнні, што ўзрастаюць па вышыні.

Акрамя гэтага, у садзе размесцяць аранжарэю з экзатычнымі раслінамі і ўстановяць скульптуры сучасных аўтараў. На ўсходнім баку тэрыторыі з’явіцца альтанка з відам на сад.
Калі праект быў вынесены на грамадскае абмеркаванне, то адной з тэм, якая выклікала найбольшую занепакоенасць, стала высечка 134 дрэваў, якія раслі на гэтай тэрыторыі.
«Мы растлумачылі насельніцтву, што ў выніку на тэрыторыі гарадскога пасёлка Мір мы высадзім 1340 дрэваў. То-бок, кампенсуем страту ў дзесяцікратным памеры», — адзначыў Лойка.
Калі можна будзе пабачыць вынікі


Па словах дырэктара музея, асноўныя будаўнічыя работы плануецца завяршыць у 2025 годзе. Фінансуецца рэканструкцыя за кошт уласных пазабюджэтных сродкаў музея. Кожны турыст, які набывае квіток у музей, ускосна ўдзельнічае ў фінансаванні праекта.
Сёлета Мірскі замак адзначае 25-годдзе ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а ў 2027 годзе ён будзе адзначаць 500-годдзе з моманту заснавання.
Аднак эфект ад аднаўлення гістарычнага саду будзе відаць толькі праз некалькі гадоў.
«Убачыць сад ва ўсёй яго велічы можна будзе толькі праз тры-чатыры гады, калі значна падрастуць дрэвы і кустоўе», — удакладніў ён.
Вялікія планы на будучыню
Паралельна з рэканструкцыяй італьянскага саду ідуць праектныя работы па ўзнаўленні англійскага пейзажнага парку.
У 2023 годзе ў комплексе рэканструявалі дамбу, пабудавалі новы мост, адкрылі сезоннае кафэ.
Далейшае развіццё ўключае рэканструкцыю палаца Святаполк-Мірскіх, фундаменты якога былі выяўлены некалькі гадоў таму. Частка будынка будзе аддадзена пад музей, іншая — пад гасцініцу на 40 нумароў.
«Калі ўсе этапы рэстаўрацыі будуць завершаны, нашы госці змогуць убачыць Мірскі замак ва ўсёй яго велічы і прыгажосці. Дзякуючы стварэнню дадатковых гасцінічных нумароў мы зможам прымаць у сябе яшчэ больш наведвальнікаў, якія будуць не толькі любавацца гэтымі гістарычнымі пейзажамі, але і камфортна пражываць на тэрыторыі замка», — адзначыў Лойка.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬНе рэстаўрацыя, а пасмешышча. У Ружанах «зарэстаўравалі» рэзідэнцыю Сапегаў
Навукоўцы расказалі пра складанасці і правакацыі пры рэстаўрацыі найстарэйшага храма Беларусі
У Жыровіцах ставяць новыя пазалочаныя іканастасы ў рускім стылі. Барочны іканастас царкоўнікі спісалі ў музей
У вежы Шчытоўка Наваградскага замка збіраюцца зрабіць музей
Каментары