Паца-Ваца і Пагоня — у Варшаве адкрыўся офіс Святланы Ціханоўскай. Паказваем, як там усё выглядае ФОТЫ
У Варшаве адбылося афіцыйнае адкрыццё Офіса Святланы Ціханоўскай. Ён размясціўся ў гістарычным штабе польскай «Салідарнасці» ў самым цэнтры горада па адрасе пл. Канстытуцыі, 6.
Па плане прастора будзе не толькі месцам для працы варшаўскай часткі каманды Ціханоўскай, але і пунктам прыцягнення грамадзянскай, культурнай супольнасці і беларускай дыяспары агулам.
Паказваем, як там усё ўладкавалі ўнутры.

Месца польскай «Салідарнасці» і беларускага скандалу
Сімвалічна, што варшаўскі Офіс размясціўся ў гістарычным памяшканні былой кавярні Niespodzianka — менавіта тут у 1989 годзе працаваў выбарчы штаб варшаўскай «Салідарнасці».
Згадваецца, што ў тыя часы ў кавярню ледзь не штодзень прыходзілі тысячы людзей. Валанцёры рыхтавалі тут агітацыйныя матэрыялы, арганізоўвалі сустрэчы з кандыдатамі, раздавалі плакаты і дапамагалі выбаршчыкам. Людзі прыносілі ў штаб ежу, каву і грошы, каб падтрымаць працу апазіцыі.
Пасля выбараў 4 чэрвеня 1989 года менавіта каля Niespodzianka збіраліся варшавякі, каб даведацца пра вынікі галасавання і адсвяткаваць перамогу «Салідарнасці».
«У 1989 годзе тут працавалі палякі, якія змагаліся за дэмакратычныя перамены ў сваёй краіне. Сёння тут будуць працаваць беларусы, якія працягваюць барацьбу за свабодную і дэмакратычную Беларусь», — каментуе галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Да таго як польскія ўлады перадалі беларусам будынак Офісу, тут з 2021 працаваў Беларускі моладзевы хаб, кіраўніком якога з’яўляўся Алесь Лапко. Але ў 2023 годзе выбухнуў скандал, звязаны з заменай кіраўніцтва.
Частка чальцоў назіральнай рады арганізацыі замяніла Лапко на заснавальніка «Белага легіёна» Сяргея Бульбу. Карыстаючыся гэтым, у адзін з дзён група мужчын на чале з самім Бульбам заняла гэтае памяшканне. У выніку хаб вымушана пераехаў на іншы адрас, а па старым з'явілася прастора «Робім разам». Праўда, у 2025 годзе паліцыя выселіла «Робім разам» з памяшкання па рашэнні суда — паводле мясцовых уладаў, пляцоўка на той момант назапасіла запазычанасцяў на амаль 23 тысячы даляраў.
У Офісе Ціханоўскай распавялі, што ўлады Варшавы зноў аддалі беларусам будынак «на ўмовах сімвалічнай арэнднай платы».
Вядома, што Беларускі моладзевы хаб Алеся Лапко цяпер будзе галоўным партнёрам грамадскай прасторы пры Офісе.
Слуцкі пояс, Паца-Ваца і радкі з паэмы «Новая Зямля» — хто ствараў дызайн новага Офіса?
З парога ўвагу на сябе звяртае чырвоная мазаіка на сценах, якая складваецца ў сімвалы беларускай гісторыі і культуры.
Рухаючыся ў інтэр’еры, вы беспамылкова зразумееце сэнс усіх «пасхалак». Вось Слуцкі пояс — сімвал беларускай культурнай спадчыны і шляхецкай традыцыі. Вось радкі з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» — «Мой родны кут, як ты мне мілы…», якія нагадваюць пра сувязь з Радзімай. А вось і герб «Пагоня» — гістарычны дзяржаўны сімвал Беларусі, які ўнутры краіны цяпер імкнуцца вычысціць нават з гарадской геральдыкі.







Аўтарам дызайну для варшаўскага офіса стаў беларускі мастак і дызайнер Міхась Смольскі, які жыве ў Аўстрыі. У яго інтэрпрэтацыі, дарэчы, вершнік на сцяне скіраваны ў бок Беларусі, што сімвалізуе сувязь беларусаў за мяжой са сваёй краінай.

Утварыўся тут і маленькі музей — любы наведнік зможа пазнаёміцца як з прыемнымі, так і сумнымі старонкамі беларускага супрацьстаяння рэжыму праз сабраныя артэфакты: кнігі, фотаздымкі, узнагароды і нават амаль спаленыя бюлетэні з 2020-га, якія хацелі знішчыць, не пакінуўшы доказаў галасавання за Святлану Ціханоўскую.



У Офісе распавялі, што на месцы ўжо абсталяваныя дзве студыі для запісу інтэрв’ю і іншых відэа. Імі змогуць карыстацца беларускія незалежныя медыя, прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадскіх ініцыятыў.


У будучыні тут таксама плануюць арганізаваць грамадскую прыёмную і юрыдычныя кансультацыі для беларусаў у вызначаныя дні.
Мяркуецца, што пляцоўка будзе адкрытая для ўсіх ідэй і праяўлення беларусаў — палітычных і дыпламатычных школ, адукацыйных праграм, трэнінгаў, дыскусій і прэзентацый, сустрэч з вядомымі асобамі, культурнага адпачынку і іншага.
У мэтах бяспекі большасць публічных мерапрыемстваў будзе даступная выключна па папярэдняй рэгістрацыі.

Каментары