Якія аб’екты ў сферы адукацыі, спорту і гарадской гаспадаркі ўзвядуць у Мінску, расказалі Мінск-навіны.

У горадзе будуюць чатыры школы і столькі ж дашкольных устаноў. Калі ўсё пойдзе паводле плана, многія з іх адзначаць наваселле ўжо сёлета.
На вуліцы Таёжнай
У межах вуліц Ваўпшасава — Ключавой — Таёжнай узводзяць трохпавярховы дзіцячы сад, разлічаны на 12 груп для дзетак ад 3 да 7 гадоў. Ён будзе з басейнам, універсальнай і спартыўнай заламі, памяшканнямі для творчасці і іншымі карыснымі функцыямі. Звяртае на сябе ўвагу і знешні выгляд садка: згодна з рэндарам, чакаецца шмат шкла, а значыць, і святла. Яркія фарбы на фасадзе нададуць будынку каларыту.
Будоўля пачалася летам 2024 года, але ёй папярэднічаў складаны падрыхтоўчы перыяд з вынасам сетак і падрыхтоўкай пляцоўкі. Паколькі на такія аб’екты звычайна сыходзіць каля года, завяршэння можна чакаць у другой палове 2025-га.
На вуліцы Фогеля

Дакладней, у межах праспекта Незалежнасці — вуліц Фогеля — Гурцьева ўзводзяць дзіцячы сад на 230 месцаў з басейнам. На гэтай пляцоўцы працэс прасунуўся далей: будынак ужо ўзведзены, ідуць унутраныя работы. Яшчэ да Новага года, пакуль дазваляла надвор’е, будаўнікі займаліся уцяпленнем фасада і нават крыху добраўпарадкавалі тэрыторыю. Звонку садок упрыгожаць «аб’ёмныя» геаметрычныя фігуры, быццам выціснутыя трафарэтам на сценах. Вялікая верагоднасць, што ў 2025 годзе па гэтым адрасе адбудзецца наваселле.
На вуліцы 50 гадоў Перамогі

Дзіцячы сад узводзяць у жылым раёне Усходні на вуліцы 50 гадоў Перамогі. Работы стартавалі ў пачатку 2024 года, увесці аб’ект у эксплуатацыю плануюць у 2025-м. У раёне назіраецца дэфіцыт месцаў у дашкольных установах — новая ўстанова прыйдзецца дарэчы.
Мінск-Свет

Тут будаўнікі адразу двух трэстаў працуюць над дзвюма сярэднімі школамі. Адна з іх, разлічаная на 1 056 месцаў, з басейнам, цірам і вялікай спартыўнай зонай, будуецца ў квартале № 20 Будтрэстам № 35. У сваю чаргу Будтрэст № 4 узводзіць школу ў 16-м квартале, у межах вуліц М. Савіцкага — Брацкай — Ж. Алфёрава. Установа зможа прыняць 1 020 вучняў. Для іх прадугледжаны і асобна стаячы басейн, які на ўзроўні другога паверха злучаць са школай пешаходнай галерэяй. Вонкавы выгляд навучальнай установы архітэктары задумалі з выразнай адсылкай да супрэматызму Казіміра Малевіча — на фасадах лёгка пазнаюцца яркія геаметрычныя фігуры.

Акрамя басейна з дзвюма чашамі (вялікая і маленькая), у школе будуць магутны спартыўны блок, памяшканні для гуртковай дзейнасці, канферэнц– і актавая залы, а таксама школьны музей.
Работы на абодвух аб’ектах яшчэ шмат, але ёсць гарадское заданне ўвесці абедзве навінкі ў эксплуатацыю ўжо сёлета.
У жылым раёне Сокал

Тут узводзіцца яшчэ адна школа. Паводле інфармацыі Камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама, асноўныя работы завершацца ў 2025 годзе. Расце будынак сярэдняй школы і ў Смалявічах.
Спорт

У Лошыцы, на вуліцы Я. Лучыны, пасля кансервацыі аднавілася будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу. У ім будуць тры басейны для дарослых і дзяцей, ванны для гідрамасажу, розныя віды лазняў, саляны пакой і купель. У комплексе таксама размесцяцца трэнажорная зала, шматфункцыянальная спартыўная зала і міні-кафэ. Інтэр’еры выканаюць у экалагічным стылі. Упрыгожаннем ФАК стане міні-сажалка з рыбкамі, а ў фае размесцяць вадаспад за шклом з падсветкай.
Аналагічны аб’ект будуецца ў Каменнай Горцы, але яго завершаць крыху пазней. Акрамя таго, у горадзе ўзводзіцца некалькі ФАКаў для студэнтаў БДУ і БДТУ.

Каментары