Грамадства1515

«Людзі ідуць у мячэці, а не лечаць псіхічныя хваробы». Беларускі псіхіятр расказаў аб працы ва Узбекістане і ў Польшчы

Малады беларускі доктар Уладзімір Пікірэня з'ехаў з краіны пасля свайго звальнення з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў 2022 годзе. З тых часоў медык папрацаваў у клініках Узбекістана, дзе людзі хутчэй звяртаюцца да чараўнікоў, чым да псіхіятраў, і ў Польшчы, дзе дактары атрымліваюць добрыя заробкі. Пра свае ўражанні аб прафесіі ў дзвюх гэтых краінах ён расказаў «Нашай Ніве».

Уладзімір Пікірэня. Фота: Uladzimir Pikirenia / Facebook

«Цяжка было любую альтэрнатыву выказваць»

На радзіме псіхіятр Уладзімір Пікірэня паспеў папрацаваць і ў дзяржаўных установах, і ў недзяржаўных праектах. Дапамагаў таксама і міжнароднай арганізацыі «Лекары без межаў», што займалася ў Беларусі лячэннем рэзістэнтных форм сухотаў. Працу над праектам ён сумяшчаў з занятасцю на кафедры ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

Займаўся і тэмай ужывання псіхаактыўных рэчываў — з арганізацыяй, якая імкнулася дапамагчы знізіць распаўсюджванне ВІЧ-інфекцыі.

Медык з’ехаў з Беларусі ў 2023 годзе — трыгерам для гэтага стала звальненне з БДМУ, дзе яму прапанавалі звольніцца або па пагадненні бакоў, або па артыкуле. Ён абраў першы варыянт.

Уладзімір кажа, што ўжо знайшоў новае месца для працы ў Беларусі, але тую арганізацыю папярэдзілі з Міністэрства аховы здароўя — сказалі, што лепей яго да сябе не ўладкоўваць. У БДМУ ж апошнім часам яму забаранялі выказвацца ў медыя без пісьмовага дазволу адміністрацыі.

«Для ўзбекаў словы значаць істотна менш, чым для беларусаў»

Добры знаёмы запрасіў яго да сябе ва Узбекістан — медыку прапанавалі працу ў прыватнай клініцы і выкладанне ў мясцовым інстытуце. У лютым 2023 года Уладзімір з сям’ёй — жонкай і трыма дзецьмі — ужо быў ва ўзбекскай Бухары. Гэта старажытны горад на поўдні краіны, размешчаны ў пустыні.

Тут ён адразу зазначае: з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Узбекістане з’явілася шмат расійскіх мігрантаў, а ў сталіцы, Ташкенце, працуюць і беларускія дактары. Беларускі медыцынскі дыплом у гэтай краіне пацвярджаць не трэба — толькі прыязджай і працуй. Не трэба рабіць і візу.

Уладзімір з жонкай Таццянай. Фота: Uladzimir Pikirenia / Facebook

Адразу пасля прыезду сям’ю чакала непрыемнасць — хаця ўсё было дамоўлена, гаспадар арандаванай кватэры не падрыхтаваўся да гасцей, і новы дом беларусаў быў нават без мэблі. Першы час давялося жыць у гасцініцы.

«Для мяне спачатку цяжка было прыстасавацца да таго, што словы значаць істотна менш для мясцовага насельніцтва, чым для беларускага. То-бок калі табе кажуць «заўтра зробім» ці «будзе зроблена» — гэта зусім не азначае, што гэта сапраўды будзе зроблена. І верагодна, што нават ніколі не будзе», — расказвае Уладзімір свае ўражанні ад Узбекістана.

Дзеці медыка, якія тады былі ў трэцім, пятым і восьмым класах, адразу пайшлі ў мясцовую прыватную школу з рускай мовай навучання, але якасць адукацыі бацькам не спадабалася. Тады іх перавялі ў расійскую анлайн-школу «Фоксфард». У жонкі, якая спецыялізавалася на міжнародных адносінах і ў Беларусі таксама была ўладкавана ў недзяржаўных арганізацыях, працу ва Узбекістане знайсці не атрымлівалася.

«Людзі ідуць у мячэці, да якіх-небудзь чараўнікоў, а не лечаць псіхічныя хваробы»

У цэлым ва Узбекістане менш людзей клапоцяцца пра сваё псіхічнае здароўе, здалося Уладзіміру. Па працы доктарам у прыватнай клініцы ён заўважыў, што запыт на псіхіятрыю там значна меншы, чым у Беларусі.

«Проста таму што ўяўленне аб псіхічным здароўі на пачатковым узроўні. Людзі ідуць у мячэці, да якіх-небудзь чараўнікоў, а не лечаць псіхічныя хваробы», — тлумачыць медык.

Корпус Бухарскага медыцынскага інстытута, дзе выкладаў Уладзімір, і пляцоўка каля дзяржаўнага дзіцячага садка. Фота: Google Maps, асабісты архіў героя

На кафедры псіхіятрыі ва ўзбекскім ВНУ Уладзімір выкладаў на англійскай мове — для замежных студэнтаў. У адной з яго груп вучыліся індыйцы, якія пасля лютага 2022 года былі вымушаны кінуць сваё навучанне ва Украіне і пераехаць у Бухару.

Уладзімір кажа, што яны шмат ведалі пра Беларусь, хаця сваімі думкамі пра краіну і не дзяліліся. Затое параўноўвалі адукацыю ва Узбекістане і ва Украіне — на карысць апошняй.

Ва Узбекістане медык далучыўся і да працы праекта, які арганізоўваў Франкфурцкі ўніверсітэт. Ён быў накіраваны на падвышэнне навуковага патэнцыялу краін Цэнтральнай Азіі і Кітая — каманды з Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана і Кітая працавалі ў галіне дапамогі людзям з ВІЧ і тым, хто ўжывае псіхаактыўныя рэчывы. У кожнай краіне быў каардынатар, які дапамагаў удзельнікам пісаць свае дысертацыі. Ва Узбекістане гэту ролю выконваў Уладзімір.

«Доктар у Польшчы менш за 1700 даляраў не атрымлівае»

Праз год і чатыры месяцы медык з сям’ёй вырашыў з’ехаць з Узбекістана: жонцы так і не ўдалося ўладкавацца там на працу, а самога Уладзіміра акурат паклікалі на канферэнцыю ў Варшаву. Зрабіўшы гуманітарныя візы, яны даляцелі да Польшчы і засталіся там жыць.

Уладзімір у польскім аэрапорце. Фота: Uladzimir Pikirenia / Facebook

«Чым Польшча адрозніваецца ад Узбекістана — гэта вялікай, проста неверагоднай колькасцю сяброў, знаёмых, якія жывуць у Польшчы. Прыехаўшы, мы адразу адчулі вельмі моцную сяброўскую падтрымку», — згадвае беларус.

За пару дзён у Варшаве ім знайшлі жыллё на першы час, а былая студэнтка Уладзіміра прапанавала яму прыйсці доктарам у польскую бальніцу, дзе сама працавала. Псіхіятр паразмаўляў з дырэктарам шпіталя — той яго адразу прыняў да сябе.

Спачатку, пакуль трэба было вывучыць польскую мову і пацвердзіць беларускі дыплом, псіхіятр быў сакратаром у шпіталі. На гэтай пазіцыі трэба было займацца фармальнымі пытаннямі — афармляць бальнічныя, звязвацца з сацыяльнымі службамі ці адпраўляць некаторыя справы ў архіў.

Шпіталь і польскі горад Фромбарк, дзе працуе беларус. Фота: асабісты архіў героя

Атрымаўшы дазвол, Уладзімір зноў стаў доктарам. Кажа, што ў Польшчы нагрузка на аднаго лекара істотна меншая, чым у Беларусі — пазіцыя сакратара якраз гэтаму спрыяе. Так, на стаўку псіхіятра ў яго цяпер ад 8 да 15 пацыентаў, тады як на радзіме было па 25.

Тое ж і з заробкамі — доктар у Польшчы менш за 1700 даляраў не атрымлівае, тлумачыць Уладзімір. Выходзіць нават больш, калі браць дзяжурствы і развівацца.

«Мне падаецца, што перажываць пэўныя цяжкасці, звязаныя з эміграцыяй, лепш, чым потым жыць, ведаючы, што ты здрадзіў сваёй натуры і пакрывіў душою ў нейкіх момантах, праявіў непрынцыповасць.

З іншага боку, я абсалютна разумею людзей, якія працягваюць жыць у Беларусі і намагаюцца рабіць тое, што могуць. У тых умовах, якія ёсць. У Беларусі застаецца агромністая колькасць выдатных людзей, якія на пэўны час не могуць адкрыта выказваць сваю пазіцыю, але, безумоўна, падтрымліваюць перамены. Калі ўмовы для змен з’явяцца, менавіта яны стануць новым драйверам перамен».

Каментары15

  • Ольга
    24.06.2025
    Молчание не станет драйвером перемен. Устроился? Работай. Тебе уже нет дела до Республики Беларусь.
  • Янic
    24.06.2025
    Здаецца, доктар яшчэ не пацвердзіў дыплом)) — хутчэй працуе паводле варункаў, але гэта яшчэ не пацверджанне. Шлях пацверджання дыплома зусім нялёгкі i не хуткi
  • Ик
    24.06.2025
    Ольга, Ничто не станет драйвером перемены, пока не падет Путин, после этого и АГЛ станет сторонником западной цивилизации, он умеет перевоплощаться не хуже Арестовича.

Цяпер чытаюць

На перадсмяротным відэа з калоніі насамрэч быў не Вітольд Ашурак. З'явіліся новыя падрабязнасці смерці палітвязня1

На перадсмяротным відэа з калоніі насамрэч быў не Вітольд Ашурак. З'явіліся новыя падрабязнасці смерці палітвязня

Усе навіны →
Усе навіны

У турагенцтве расказалі, як іх узламаў Чабурашка

Малдова забараніла ўезд у краіну беларускай зборнай па кікбоксінгу. У яе складзе быў і Дзмітрый Шакута8

«Буры, дзетка, буры!!!» Трамп адрэагаваў на рост цэн на нафту пасля ўдараў па Іране10

Следчы камітэт Расіі: Тэракт у «Крокус Сіці Хол» быў здзейснены па замове Украіны10

Кіт Келаг пракаментаваў свой візіт у Мінск10

У Мінску гатэль шукае супрацоўніка з заробкам ад 30 000 рублёў2

Неўзабаве на беларускі рынак выйдзе новы мабільны аператар4

У Рагачоўскім раёне скончыў жыццё самагубствам старшыня сельвыканкама1

Венгрыя і Славакія заблакавалі новы пакет санкцый ЕС супраць Беларусі і Расіі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На перадсмяротным відэа з калоніі насамрэч быў не Вітольд Ашурак. З'явіліся новыя падрабязнасці смерці палітвязня1

На перадсмяротным відэа з калоніі насамрэч быў не Вітольд Ашурак. З'явіліся новыя падрабязнасці смерці палітвязня

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць