«Мала што ў інтэрнэце пішуць». Выкладчык, якога абвінавацілі ў дамаганнях, працягне працаваць у ансамблі «Белая Русь»
Каледж, дзе выкладае Анатоль Карповіч, адправіў яго ў адпачынак як мінімум да канца прыёмнай кампаніі. А ў ансамблі, якім кіруе харэограф, пакуль ніякіх дзеянняў прадпрымаць не плануюць.

Па словах дырэктара Мінскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў Юрыя Ляйко, да якога журналістка «Нашай Нівы» звярнулася пад выглядам гарадской блогеркі, зараз Анатоль Карповіч знаходзіцца ў адпачынку, куды яго адправілі па загадзе адміністрацыі ўстановы.
Ён адзначыў, што Карповіч працаваў у каледжы не на поўную занятасць, а асноўная яго дзейнасць — кіраванне ансамблем «Белая Русь».
Намесніца дырэктара ансамблю Вольга Бунчук, да якой журналістка таксама звярнулася як гарадская блогерка, сказала, што на гэты момант Анатоль Карповіч працягвае працаваць у калектыве.
На пытанні аб тым, ці будзе ансамбль неяк рэагаваць на публічныя абвінавачванні супраць іх кіраўніка, праводзіць расследаванне, Бунчук адказала «мала што пішуць у інтэрнэце».
«Я проста не ведаю. Складана адказваць на такія пытанні», — сказала яна.
Некалькі дзён таму Арцём Каўрыга абвінаваціў у дамаганнях свайго колішняга выкладчыка Анатоля Карповіча. Гэта нібыта здарылася, калі Арцёму было 15 год. Каўрыга, які цярер жыве ў ЗША, сказаў, што вырашыў распавесці сваю гісторыю, зараз, праз 15 год, каб вылечыцца ад траўмы і папярэдзіць студэнтаў каледжу і іх бацькоў.
Каментары
І, нажаль, 20 гадоў таму там тое самае было. Я на іншым аддзяленні вучылася, але ў нас выкладчык быў Сінельнік - маладых дзяўчат лез цалаваць і мацаць. Адна дзяўчына зацяжарыла… і іншая калега гэтага настаўніка правяла з ёй “размову” каб ад дзіцяці пазбавіцца і каб гэта ўсё прыкрыць.
Мілыя буларускія бацькі, размашляйце пра гэтыя рэчы з вашымі дзецьмі. У Беларусі педафілаў шмат, толькі нажаль мала пра гэта кажуць.