У Беларусі падаражэюць новыя аўтамабілі, а выбар у дылераў стане больш сціплым. Што змяняецца
Урад прыняў важныя змены ў заканадаўстве, якое рэгулюе ўвоз новых аўто юрыдычнымі асобамі. Вось як гэта адаб'ецца на беларускім аўтамабільным рынку.

Што зменіцца?
Па факце падпісаныя ўрадам змены — гэта хутчэй вяртанне на даваенныя рэйкі, чым нешта прынцыпова новае. Але гэта не робіць падзею менш важнай.
Рэч у тым, што да 2022 года больш за 80% новых машын, якія афіцыйна прадаваліся ў Беларусі, былі расійскай вытворчасці. А паколькі ў адказ на расійскую агрэсію супраць Украіны сусветныя аўтавытворцы закрылі свае заводы на тэрыторыі РФ і прыпынілі пастаўкі кампанентаў для АўтаВАЗа, на рынку хутка ўзнік дэфіцыт.
Каб згладзіць праблему, беларускія ўлады спрасцілі правілы ўвозу аўто юрыдычнымі асобамі, дазволіўшы пастаўляць у краіну машыны без атрымання сертыфіката «Адабрэнне тыпу транспартнага сродку» (АТТС).
Гэта дазволіла юрыдычным асобам афіцыйна пастаўляць аўтамабілі без атрымання АТТС, які можа каштаваць нават некалькі соцень тысяч даляраў для адной або некалькіх мадэляў аўто. У дадатак яго атрыманне зацягваецца па часе, і ўвесь працэс можа лёгка заняць цэлы год.
Замест дарагога АТТС дастаткова было атрымаць заключэнне аб ацэнцы адзінкавага транспартнага сродку. То бок сертыфікацыя стала хутчэй фармальнасцю.
Але пастанова №372 скасоўвае спрошчаны парадак увозу аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі. Яна ўступае ў сілу 8 жніўня — праз 30 дзён пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Зялёная святло для «электрычак» да 2026 года
Пры гэтым дзеянне часткі пунктаў дакумента не распаўсюджваецца на заключэнні аб ацэнцы адзінкавага транспартнага сродку, аформленыя да ўступлення ў сілу гэтай пастановы, калі размова ідзе пра аўто з рухавікамі ўнутранага згарання або гібрыды.
Для электрамабіляў пераходны перыяд будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2026 года.

Гэта зроблена для таго, каб пастаўшчыкі маглі завяршыць пастаўкі машын, якія ўжо былі замоўленыя або набытыя ў трэціх краінах.
Разнастайнасці стане менш
Вяртанне да старой схемы, калі імпарт аўто юрыдычнымі асобамі дазволены толькі пасля атрымання дарагога АТТС, прывядзе да таго, што пастаўшчыкі будуць вымушаныя адмовіцца ад паставак шэрагу мадэляў. А цэны на мадэлі, што атрымаюць сертыфікат, вырастуць, бо ён каштуе нятанна.
Паколькі з-за апісаных новаўвядзенняў частка марак і мадэляў можа знікнуць з продажу, людзі, якія набылі такія аўто, могуць сутыкнуцца з сітуацыяй, калі, па-першае, будзе дэфіцыт запчастак, а па-другое, іх аўто будзе максімальна незапатрабаваным на другасным рынку, бо яны будуць вельмі рэдкімі праз адсутнасць новых паставак.
Рэч у тым, што значнае спрашчэнне ўмоў імпарту аўто юрыдычнымі асобамі прывяло да таго, што ў Беларусі цягам апошніх гадоў з’явілася шмат «шэрых» аўтасалонаў, якія афіцыйна пастаўлялі і прадавалі аўто, не будучы пры гэтым афіцыйнымі дылерамі.
Продажам новых аўто пачалі займацца ў тым ліку кампаніі, што раней працавалі толькі з аўто пад замову, бо адсутнасць неабходнасці атрымліваць АТТС давала такую магчымасць.

Як правіла, размова ідзе пра электрамабілі кітайскай вытворчасці, якія літаральна запаланілі беларускі рынак новых аўто. І гэта не дзіўна, бо ўмовы для імпарту электрамабіляў юрыдычнымі і фізічнымі асобамі амаль аднолькавыя.
Для аўто з рухавікамі на традыцыйным паліве і гібрыдаў мытная нагрузка паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі значна адрозніваецца, таму неафіцыйныя дылеры рабілі стаўку на электракары.
Пры гэтым важна адзначыць, што ў выпадку з фізічнымі асобамі ніякіх змен не будзе. Пры прыватным імпарце аўто з любым тыпам рухавіка атрыманне дадатковых сертыфікатаў, як і раней, не патрабуецца.
Тым не менш сам факт вяртання да даваенных патрабаванняў сведчыць пра тое, што расійскі і беларускі аўтапрамы менш чым за тры з паловай гады цалкам перабудавалі вытворчасць і ланцужкі паставак і цяпер могуць самастойна задаволіць попыт.
Belgee і Lada захапілі рынак
Праўда, для шараговых аўтааматараў пазітыву ў гэтым мала. Выбар марак і мадэляў у параўнанні з даваенным перыядам зменшыўся, максімальна «кітаязаваўся», а цэны на аўто выраслі.
Як вынік, каля дзвюх трацін продажаў новых аўто ў афіцыялаў цяпер прыпадае ўсяго на дзве маркі: беларуска-кітайскія Geely/Belgee і расійскую Lada.
Пасля вяртання АТТС разнастайнасці стане яшчэ менш, а цэны вырастуць, таму цалкам верагодна, што доля Geely/Belgee і Lada будзе яшчэ большай. Але што для шараговага аўтааматара дрэнна, то вельмі добра для Belgee. Менавіта дзякуючы вайне і санкцыям, беларуска-кітайскі аўтавытворца змог атрымаць каля 50% рынку новых аўто ў Беларусі. Вяртанне да старых нормаў толькі ўзмацніць іх пазіцыю на рынку.
Каментары
Им, параллельный ввоз авто, - серпом по одному месту.
Смешно, правила вернули на довоенные времена, а как не было предложения нормальных авто, так и нет, нормальные авто и их сборки не могут вернуть.