Усяго патроху

Беларуска праз два гады дабілася кампенсацыі ад Wizz Air за затрымку рэйса

Валерыя два гады таму сутыкнулася з непрыемнай гісторыяй: вылет затрымалі больш чым на чатыры гадзіны, але ў кампенсацыі авіякампанія Wizz Air дзяўчыне адмовіла праз «тэхнічныя прычыны». У выніку беларуска звярнулася да пасярэднікаў, якія судзіліся з лаўкостэрам. Пра гісторыю расказвае «Белсат».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Jakub Porzycki/NurPhoto via Getty Images

Валерыя ляцела з адпачынку ў Францыі ў Польшчу ў жніўні 2023 года.

«Я часта падарожнічаю Wizz Air — у іх танныя квіткі, самалёты не такія забітыя, як у Ryanair, лётаюць яны з аэрапорту Шапэна, а не Модліна, і звычайна не спазняюцца. А тут вылет пачалі затрымліваць — на гадзіну, яшчэ на гадзіну, ды яшчэ на гадзіну. У выніку затрымка склала больш за чатыры гадзіны. Улічваючы, што прыязджаць у аэрапорт трэба за дзве гадзіны, пасажыры правялі па шэсць гадзін у аэрапорце.

Вакол плакалі і капрызілі дзеці, Wifi працаваў ледзь-ледзь, навушнікі разрадзіліся — я проста не ведала, куды сябе падзець. Пры гэтым усе астатнія рэйсы лёталі паводле раскладу. Потым усім пасажырам, якія спазняюцца, падарылі ваўчар на ежу — каля чатырох еўра! Небывалая шчодрасць за шэсць гадзін чакання і наступны дзень на працы пасля пяці гадзін сну. Пасля прыезду дахаты я адразу напісала ліст у Wizz Air з просьбай выплаціць кампенсацыю за адкладзены рэйс».

Праз два дні «дбайнага расследавання авіякампаніі» Валерыя атрымала адмову Wizz Air ад кампенсацыі.

«Шкадуем з-за непрыемнай сітуацыі і пасля стараннага расследавання вашага выпадку пацвярджаем, што рэйс быў затрыманы / адменены праз тэхнічныя прычыны. Вышэйзгаданыя абставіны, паводле Еўрапейскага рэгламенту 261/2004, адносяцца да катэгорыі надзвычайных абставін, таму са шкадаваннем паведамляем вам, што кампенсацыя не прадугледжана», — пазначана ў лісце лаўкостэра.

Дзяўчыну гэта насцярожыла: адказ быў больш падобны на стандартную адпіску.

«З якіх гэта часоў тэхнічныя прычыны авіякампаніі адносяцца да надзвычайных абставін? Гэта ж не маланка, якая ўдарыла ў самалёт, а звычайная падрыхтоўка самалёта да вылету. Я б яшчэ паверыла, што яны ў мароз не могуць вылецець, але дакладна не з Францыі ў жніўні!»

Тады дзяўчына вырашыла звярнуцца да пасярэдніка AirHelp. Паводле яе, у электроннай форме на сайце трэба было толькі пазначыць асабістыя даныя, даныя пра рэйс і адказ авіякампаніі. Яшчэ праз некалькі дзён яна атрымала пацвярджэнне, што яе заяву прынялі.

«Там была пазначана камісія ў памеры 35% у выпадку выйгранай спрэчкі. Увогуле выбару ў мяне не было: мне ўжо адмовілі, так што я ці нічога не атрымаю, або 65% ад кампенсацыі».

Наступны год пасярэднік маўчаў — і Валерыя накіравала яму пытанне аб тым, як прасоўваецца справа. Той паведаміў, што «нічога не можа зрабіць праз затрымкі» і што прыцягнуў да справы юрыстаў, каб «перадаць справу непасрэдна ў суд».

Прайшоў яшчэ год і дзяўчына наогул забылася на гэтую гісторыю.

«Я, калі шчыра, даўно страціла надзею, але ў чэрвені 2025 года, праз амаль два гады, мне прыйшоў ліст ад пасярэднікаў, што Wizz Air прайграў справу і мне сплацяць кампенсацыю. Я вельмі здзівілася!»

З ліста AirHelp вынікала, што Wizz Air павінен будзе выплаціць кампенсацыю за спознены рэйс цягам двух месяцаў.

«Мы звярнуліся ў суд і рады паведаміць, што выйгралі вашу справу! WizzAir выплаціць вам кампенсацыю за сарваны рэйс», — вынікае з адказу AirHelp.

У ліпені дзяўчына ўпершыню даведалася пра суму кампенсацыі — яна аказалася ніжэйшай за чаканую.

«У выніку прыбытак пасярэдніка склаў не 35%, а палову сумы кампенсацыі (яшчэ 15% забралі за суд). Так што я атрымала 125 еўра. З аднаго боку, крыўдна, што пра гэта адразу не гавораць, а з іншага боку, гэта лепш, чым наогул нічога. Я б за 125 еўра дакладна не цягалася па судах два гады. А пасярэдніку гэта відавочна выгадна — у іх такія справы оптам ідуць».

Каментары

Цяпер чытаюць

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?7

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія шпіёны сачылі за Грозевым з дапамогай шпіёнскіх акуляраў. Вось як гэта было

Стала вядома, якім можа быць «лёгкі першы крок» Трампа, калі Расія праігнаруе ягоны ультыматум4

Сяргей Бульба назваў роспуск «Паспалітага рушэння» «глыбінным перафарматам»

БДУ падвёў вынікі ўступнай кампаніі. Сталі вядомыя самыя папулярныя спецыяльнасці

Расія разглядае прапанову аб «паветраным перамір’і» з Украінай, але без спынення вайны10

Навукоўцы высветлілі, чаму ў Ціхім акіяне вымерлі мільярды марскіх зорак4

Беларус знайшоў манету I стагоддзя. Ці можна на ёй узбагаціцца?2

Трамп заявіў, што, «напэўна», не пойдзе на трэці тэрмін2

«Флагшток» склаў карту начных пралётаў дронаў над Гомельшчынай. Сітуацыя незвычайная6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?7

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць