Падводны дрон падпарадкаваўся аператару па адлегласці 16 тысяч кіламетраў
Яшчэ некалькі гадоў таму гэта выглядала б як фантастыка: чалавек у Аўстраліі кіруе падводным беспілотнікам у водах Англіі. Але сёлета гэта ідэя стала рэальнасцю.

Як піша Focus.pl, падчас сумесных вучэнняў Talisman Sabre у ліпені быў праведзены гістарычны эксперымент: аператар у Аўстраліі паспяхова кіраваў беспілотнай падводнай лодкай, якая знаходзілася ў водах каля Плімута —за 16 000 кіламетраў. Вынікі выпрабаванняў абнародавалі толькі ў жніўні, бо вайсковым аналітыкам патрабаваўся час для праверкі надзейнасці атрыманых дадзеных.
Эксперымент адбыўся ў межах праграмы AUKUS Pillar II — партнёрства паміж Аўстраліяй, Вялікабрытаніяй і ЗША, арыентаванага на распрацоўку перадавых абаронных тэхналогій. Асноўная навіна ў тым, што ўпершыню на практыцы ў рамках аперацыі Maritime Big Play была прадэманстравана поўная ўзаемазамяняльнасць падводных беспілотнікаў гэтых краін.
Да аперацыі далучылася і Японія, якая яшчэ ў 2024 годзе абвясціла пра сумесную працу ў сферы падводнай акустычнай сувязі — ключавога элемента такіх аперацый.
Галоўным героем выпрабаванняў стаў Excalibur — самы вялікі падводны беспілотнік, які калі-небудзь меў брытанскі флот. Яго характарыстыкі сапраўды ўражваюць. Маючы даўжыню 12 метраў і шырыню 2 метры, ён важыць каля 21 тоны і мае радыус дзеяння да 1600 кіламетраў.
Excalibur можа апускацца глыбей, чым класічныя брытанскія падлодкі з экіпажам. Яго канфігурацыя дазваляе лёгка прыстасоўваць апарат да розных місій — ад выведкі да назірання за марскімі тэрыторыямі
На працягу наступных двух гадоў Excalibur чакаюць інтэнсіўныя выпрабаванні ў моры. Іх мэта — зразумець асаблівасці эксплуатацыі буйных падводных беспілотнікаў, а таксама інтэграваць іх з традыцыйнымі караблямі і падлодкамі. Гэтыя даследаванні павінны дадаць новы досвед да ўжо існуючых праграм, у тым ліку па пошуку і абясшкоджванні мін.
Варта адзначыць, што ў падобным напрамку рухаюцца і партнёры Вялікабрытаніі: ЗША развіваюць праект Orca XLUUV, а Аўстралія працуе над дронам Ghost Shark.
Аналітыкі адзначаюць, што такія платформы здольныя значна пашырыць магчымасці флотаў — асабліва ў галіне працяглага назірання і дзеянняў у аддаленых рэгіёнах. Але пры гэтым падкрэсліваюць: пакуль што Excalibur застаецца ў першую чаргу каштоўнай даследчай лабараторыяй, а не баявой зброяй. Яго сапраўдная каштоўнасць выявіцца толькі пасля гадоў выпрабаванняў у розных аперацыйных умовах.
Каментары