«Я адбыла ўвесь тэрмін, а мяне яшчэ выслалі», — так журналістка і былая палітзняволеная Ларыса Шчыракова кажа пра сваю дэпартацыю. І сапраўды, жанчыне заставалася да вызвалення некалькі месяцаў. Шмат хто з вязняў, вывезеных у Літву 11 верасня, таксама адбыў большую частку тэрміну або ўвогуле мусіў выходзіць на волю цягам месяцаў.
Напрыклад, праваабаронцам невядома, калі была затрыманая грамадзянка Літвы Алена Раманаўскене, асуджаная на 6 гадоў зняволення па арт. 357 (агентурная дзейнасць). Таксама невядомая дата затрымання берасцейскай журналісткі Алены Цімашчук, якую ў чэрвені 2024‑га прысудзілі да 5 гадоў зняволення па некалькіх артыкулах, у тым ліку па арт. 361 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім).

Не па ўсіх палітвязнях, якія выйшлі на свабоду 11 верасня 2025 года, ёсць дастаткова інфармацыі, каб вылічыць даты заканчэння іх тэрмінаў. У некаторых выпадках праваабаронцы не ведаюць дату затрымання. Пра іншых можа быць блытаніна з датай, калі іх прысуд набыў моц.
Тым не менш мы налічылі каля дзесяці палітвязняў, якія вызваліліся б да канца года.
Зміцер Дашкевіч мусіў выйсці ўжо ў першай палове кастрычніка. З іншага боку, Дашкевічу двойчы падаўжалі тэрмін па артыкуле 411 (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі). Таму невядома, ці не здарылася б гэта яшчэ раз.
Праз некалькі месяцаў павінна была выйсці на свабоду Ларыса Шчыракова, гомельская журналістка. Яе асудзілі на тры з паловай гады за кратамі па артыкулах 361 і 369 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыя Беларусі).
У першыя гадзіны пасля вызвалення і дэпартацыі яна ледзь стрымлівала слёзы:
«Я думаю, што гэта вельмі жорстка, што я рэальна адбыла тэрмін тры гады, а цяпер мяне яшчэ выслалі. А ў мяне тут няма ні дома, ні родных. Калонія на Антошкіна знаходзіцца ў Гомелі. Варта было б проста адчыніць браму і мяне выпусціць».
Прыкладна ў канцы кастрычніка мусіў бы выйсці на волю прафсаюзны дзеяч Аляксандр Ярашук, у лістападзе скончыліся б тэрміны Максіма Вінярскага, Ігара Цяпцеева і Іллі Дубскага. У снежні сканчваліся тэрміны Дзмітрыя Казлова, Яўгена Сямёнава, Глеба Гладкоўскага, Віталя Бандарука, Уладзіміра Мацкевіча.
У студзені 2026‑га вызваліліся б «па званку» Сяргей Спарыш, Андрэй Крылоў, Павел Нікіценка, Якаў Шафарэнка, Андрэй Хвескавец, Віктар Уласенка і Цімур Рызапур.
У сакавіку 2026‑га скончыліся б тэрміны ў Яўгена Меркіса і Андрэя Сцепанькова, у красавіку — у Ірыны Слаўнікавай.
Шмат хто з вызваленых беларусаў адседзеў большую частку тэрміну. У жніўні 2026‑га сканчваўся тэрмін у Святаслава Шубіча, у верасні — у Паўла Вінаградава і Паўла Падабеда.
Такім чынам, каля 25 палітвязням — большасці ад вызваленых беларусаў — заставалася правесці за кратамі менш за год.
Восенню 2026‑га таксама мусіў выйсці на волю Аляксандр Манцэвіч.
Чацвёра вызваленых, калі б не амерыканцы, выйшлі б на свабоду ў 2027‑м годзе. Гэта Вячаслаў Лазараў, Яўген Афнагель, Андрэй Войніч і Мікалай Хіла.
Некаторым палітвязням заставалася адбыць больш за два гады тэрміну. Гэта, напрыклад, Павел Мажэйка, у якога тэрмін мусіў скончыцца ў лютым 2028‑га года, ці Дзмітрый Кучук, які выйшаў бы ў жніўні 2029-га.
У 2030‑м свабоду пабачылі б Генадзь Фядыніч і Юлія Фенер.
Некаторым з вызваленых давялося б чакаць свабоды значна даўжэй.
Возьмем, напрыклад, Галіну Дзербыш. Пенсіянерка з Гродзенскага раёна атрымала 20 гадоў зняволення, яе тэрмін сканчваўся б у 2039-м. Галіне ўжо 64 гады, яна мае інваліднасць другой групы і праблемы з сэрцам. Ці дажыла б яна да свайго вызвалення?
Іншы вызвалены вязень з велізарным тэрмінам — Ігар Лосік. Журналіст атрымаў 15 гадоў зняволення, але за кошт доўгага знаходжання ў СІЗА (ён правёў там амаль 2 гады) тэрмін скараціўся на некалькі месяцаў. І ўсё роўна, калі б не цяперашняе вызваленне, Лосік апынуўся б на свабодзе толькі прыкладна ў чэрвені 2034‑га года.
Тэрмін зняволення Мікалая Статкевіча павінен скончыцца прыкладна ў маі 2034-га.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Каго хочуць адпусцяць, каго хочуць будуць трымаць бясконца.
Калі і вызваляць, дык жыцця не дадуць.
Самы мудры быў Зэльцар. Павага яму.