Афіцыйная прапаганда пачынае асцярожна казаць, што эпідэмія яшчэ толькі наспявае. Але расследаванне журналістаў «Новай газеты Еўропа» сцвярджае, што сітуацыя нашмат горшая.

«Расійская ваенная аперацыя ператварылася ў ачаг эпідэмій, наступствы якіх выйдуць далёка за межы лініі фронту», — папярэджвае аўтар артыкула ў «Новай газеце Еўропа» Ілля Волжскі.
Па словах аўтара, у той час як афіцыйная прапаганда толькі пачынае казаць пра тое, што «наспявае эпідэмія», на фронце хваробы ўжо сталі часткай штодзённасці. Вайскоўцы вымушаны хаваць свае дыягназы, каб атрымаць кантрактныя выплаты, у шпіталях катастрафічна не хапае лекаў і стэрыльных медыцынскіх інструментаў, а ў акопных умовах інфекцыі распаўсюджваюцца з шалёнай хуткасцю.
Наспявае эпідэмія
Аўтар спасылаецца на словы расійскай прапагандысткі Анастасіі Кашаваравай, якая паведаміла, што ў войску плануюць пераняць досвед ПВК «Вагнер», дзе існаваў асобны атрад Umbrella для байцоў з ВІЧ і гепатытам.
Паводле яе слоў, цяпер у арміі служыць шмат кантрактнікаў з ВІЧ, гепатытамі, анкалогіяй і нават сухотамі, якія трапілі на службу па падробленых даведках дзеля грошай. Таму было вырашана фармаваць з такіх вайскоўцаў, якія маюць катэгорыю прыдатнасці «В» (абмежавана прыдатны), асобныя падраздзяленні. Іх абавяжуць насіць адметныя павязкі ў залежнасці ад дыягназу, а асноўнай задачай стане ўтрыманне абарончых рубяжоў.
Кашаварава, якую цытуе выданне, тлумачыць, што прамой забароны на ўдзел у вайне для такіх салдат няма, бо поўнае вызваленне ад службы дае толькі катэгорыя «Д».
«Тыя, хто хварэе даўно, пагаршаў захворванне ўжываннем алкаголю/наркотыкаў, а потым пайшоў падпісваць кантракт, — іх альбо саджаць за махлярства, альбо, калі атрымалі выплаты, няхай служаць у асобным падраздзяленні. Так будзе справядліва. А нашэнне павязак — правільна, медыкі, эвакуацыйныя групы будуць ведаць, што баец хворы, і павышаную ўвагу надаваць пры кантакце і аперацыях», — лічыць прапагандыстка.
Расаднік хвароб
Раней Кашаварава апісвала фронт як ідэальнае асяроддзе для распаўсюджвання хвароб: «Там, дзе смерць, побач заўсёды блукае хвароба і яе разносчыкі — пацукі, мышы, вошы».
Як сцвярджае прапагандыстка, пасля значных страт на пачатку вайны ў войска пачалі масава набіраць былых зняволеных і іншых людзей з ВІЧ і гепатытам. Да таго ж на фронце квітнее наркаманія, што таксама спрыяе распаўсюджванню інфекцый. У выніку, знаходзячыся ў адным акопе ці на адным аперацыйным стале, здаровыя вайскоўцы лёгка заражаюцца.
Асабліва востра стаіць праблема з гепатытам С, які, па словах Кашаваравай, ператварыўся ў сапраўдную эпідэмію. Лячэння ў войску практычна няма, а хворых не звальняюць.
«На грамадзянцы рэальна павінны задумацца — стаіць пагроза эпідэміі сацыяльна небяспечных захворванняў. Гепатыт, ВІЧ, сухоты — цяпер гэта закранае войска і распаўсюджваецца на франтавыя рэгіёны, далей пойдзе і ўглыб Расіі», — заявіла Кашаварава.

Зняволеныя і наркаманы
Інфармацыю прапагандысткі пацвярджае ананімны расійскі доктар, які займаецца рэабілітацыяй параненых. Паводле яго слоў, велізарны працэнт арміі складаюць былыя зняволеныя, наркаманы і людзі з сацыяльна неабароненых слаёў. Ён адзначае, што многія мабілізаваныя з так званых «ДНР» і «ЛНР» ужо мелі сур'ёзныя праблемы са здароўем.
Доктар сцвярджае, што сустракаў нават байцоў з адкрытай формай сухотаў, якія маглі заразіць дзясяткі таварышаў па службе.
Аўтар таксама спасылаецца на словы афіцэра медыцынскай службы, які распавядае пра так званыя «акопныя хваробы», галоўная з якіх — сухоты. Праз антысанітарыю, дрэннае харчаванне і стрэс у салдат рэзка падае імунітэт.
Па словах доктара-рэабілітолага, да паловы расійскіх зняволеных, якія ідуць на службу, — былыя наркаманы, якія ў войску вяртаюцца да сваіх згубных звычак. Паколькі з алкагалізмам на перадавой у многіх падраздзяленнях пачалі сур'ёзна змагацца, значная частка салдат, якія захапляюцца рознымі рэчывамі, перайшла на наркотыкі.
Аўтар апісвае гісторыю мабілізаванага Аляксандра Кузняцова, у якога пасля ранення выявілі хранічны гепатыт С. Нягледзячы на дыягназ, камісія прызнала яго прыдатным да службы. Па словах медыкаў, якіх цытуе выданне, каб быць звольненым з гепатытам, трэба мець цыроз печані і атрымаць інваліднасць I групы.
Акрамя таго, ёсць і гісторыі адкрытага махлярства. Так, салдат Павел Шчапоцін прызнаўся на допыце, што купіў падробленыя даведкі, каб схаваць гепатыт С, сухоты і язву страўніка. За паслугі пасярэдніка, які дамовіўся з медыкамі ў Дагестане, Шчапоцін павінен быў заплаціць каля $4000.
Кантрактнікі з ВІЧ
Аўтар артыкула цытуе «Ваенна-медыцынскі часопіс», паведамляючы пра выбуховы рост захворвання на ВІЧ у войску. У параўнанні з даваенным перыядам у канцы 2023 года колькасць выпадкаў вырасла ў 20 разоў.
Паводле даных, якія прыводзіць выданне, амаль усе інфікаваныя (99,8%) — кантрактнікі. Амаль усе з іх — салдаты і матросы (93,5%), невялікая частка — афіцэры (4,4%), прапаршчыкі і мічманы (1,8%), а таксама курсанты (0,1%).
Многія з іх ведалі пра свой дыягназ, але выкарыстоўвалі фіктыўныя даведкі, каб атрымаць кантракт і выплаты. Аўтары даследавання адзначаюць, што рэальныя лічбы могуць быць значна вышэйшымі праз праблемы з дыягностыкай.

Адзін шпрыц на ўсіх
Масавае заражэнне, як тлумачыцца ў артыкуле, адбываецца не толькі праз наркаманію, але і падчас аказання медыцынскай дапамогі.
Па словах доктара-рэабілітолага, у іх шпіталі сотні вайскоўцаў, якія захварэлі на ВІЧ. Ёсць нават спецыяльныя палаты для хворых на ВІЧ і адначасова на адкрытую форму туберкулёзу.
Іншы суразмоўца са сферы эпідэміялогіі патлумачыў, што расійскія вайскоўцы маглі масава заразіцца ВІЧ і пасля траплення на фронт — праз парушэнні правілаў асептыкі пры аказанні медыцынскай дапамогі.
«У ваенных умовах шпрыцы маюць уласцівасць вельмі хутка заканчвацца», — адзначае спецыяліст. Гэтыя словы пацвярджае ваенны медык, словы якога цытуе выданне, апісваючы ўмовы ў прыфрантавых шпіталях: «Усюды кроў. (…) Нават аперацыйныя прадэзынфікаваць мы толкам не можам». Паводле яго слоў, паўторна выкарыстоўваюцца не толькі шпрыцы, але і хірургічныя інструменты.
Аўтар спасылаецца на матэрыял Цэнтра Карнэгі, у якім сцвярджаецца, што вайна значна пагоршыла сітуацыю з эпідэміяй ВІЧ. Гэта адбылося з-за змены прыярытэтаў у ахове здароўя і зніжэння выяўляльнасці хваробы, бо людзі перасталі праходзіць рэгулярныя агляды.
Акрамя перадачы інфекцыі праз раненні, у войску працвітаюць і традыцыйныя шляхі: неабароненыя палавыя кантакты і ін'екцыі наркотыкаў агульнай іголкай. Гэтаму спрыяе само армейскае асяроддзе, дзе салдаты з вялікімі грашыма жывуць «апошнім днём».
Пры гэтым усплёск адбываецца на фоне таго, што ВІЧ фармальна з'яўляецца падставай для прызнання непрыдатным да вайсковай службы. Але на справе ўсё інакш. У якасці прыкладу аўтар прыводзіць выпадак, калі жыхара Свярдлоўскай вобласці з цяжкай стадыяй ВІЧ мабілізавалі на вайну другі раз.

Чумны барак
Як адзначае аўтар, эксперты, апытаныя выданнем, лічаць ідэю стварэння асобных падраздзяленняў для хворых нерэальнай, бо на фронце ніхто не праводзіць сістэматычнага абследавання. Аўтар спасылаецца на словы доктара-рэабілітолага, які называе гэтую прапанову стварэннем «чумнога барака».
Паводле яго слоў, у такім падраздзяленні смяротнасць будзе павышаная нават не ў баі, бо «яны ж усе адзін аднаго перазаражаюць. Праз тыдзень усе пагалоўна будуць з сухотамі. Праз месяц — з гепатытам». Лячыць іх будзе няма дзе, бо шпіталі і так перапоўненыя параненымі.
Спецыяліст падкрэслівае, што неабходна ўлічваць, што ў арміі ўжо лютуе эпідэмія цяжкіх захворванняў. Калі наступіць мір і ў расійскія гарады вернецца велізарная колькасць дэмабілізаваных, яны прынясуць з сабой рэзкі скачок распаўсюджання розных хвароб, да чаго расійская медыцына, хутчэй за ўсё, не будзе гатовая.
Якая сітуацыя з наркотыкамі на фронце?
«Другая армія свету» паказала прыклад выхавання байцоў
У палон да ўкраінцаў трапіў 33‑гадовы наркаман з Віцебска, якога на фронце выкарыстоўвалі як «адкрывачку»
«Прымаю да 6‑7 чалавек за суткі». Як прастытуткі ездзяць да расійскіх вайскоўцаў на акупаваныя тэрыторыі
Каментары
Але 1 шпрыц на ўсіх - гэта па-брацку, гэта моцна, гэта своіх не бросаем і адзін за ўсіх, усе за аднаго. Так трымаць! Гэты экспанат абавязаны заняць сваё пачэснае месца ў храме УС рф побач з фуражкай Гітлера!