Рукапісныя кодэксы з нацыянальнай сімволікай прыбылі ў асабліва надзейнай упакоўцы і ў суправаджэнні аховы, бо іх кошт ацэньваюць прыкладна ў адзін мільён еўра.

Упершыню гэтыя ўнікальныя помнікі кніжнага мастацтва вяртаюцца ў краі, дзе былі створаныя. Цяпер раскошныя альбомы бул папы Пія IX, прывезеныя з Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі, можна пабачыць на міжнароднай выставе «Пагоня і лілея» (Vytis ir Lelija), якая праходзіць у Ракішскім краязнаўчым музеі, паведамляе Delfi.
У 1854 годзе папа Пій IX абвясціў догмат пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі ў сваёй буле Ineffabilis Deus. Французскі тэолаг Мары-Дамінік Сір (1827—1917) прапанаваў перакласці яе на як мага больш моў і аформіць кожны пераклад як унікальны раскошны рукапіс з нацыянальнай і рэлігійнай сімволікай. Цягам 1870—1880‑я гадоў у Ватыкан было перададзена каля трохсот такіх альбомаў.

Адметна, што з заходніх губерняў Расійскай імперыі ў Рым трапілі адразу тры пераклады: па-польску, па-літоўску і па-царкоўнаславянску. Гэта выглядае як палітычная заява, асабліва ў святле таго, што ў час паўстання 1863 года, якое ўжо было не за гарамі, зноў вярнуліся да ідэі адраджэння Рэчы Паспалітай трох народаў — палякаў, літоўцаў і русінаў.

На выставе ў Ракішках паказваюць арыгінальныя рукапісы літоўска– і польскамоўнай версій, а таксама іканаграфію царкоўнаславянскай. Месца абрана невыпадкова, бо Ракішскую сядзібу, у якой размяшчаецца музей, атрымала ў спадчыну пасля смерці брата графіня Марыя з Тызенгаўзаў Пшаздзецкая (1823—1890), якая аформіла польскі пераклад булы.

Літоўскую версію аздобіла Ідалія з Сабанскіх Броэль-Плятэр (1808—1891), а кірылічную — Наталля з Біспінгаў Кіцкая (1806—1888). Усе тры былі пабожнымі патрыёткамі і не прызнавалі ўлады Расійскай імперыі праз той боль, што яна прынесла іх краіне і сем’ям.
«Трэба мець на ўвазе, што гэта была другая палова XIX стагоддзя — цяжкі час пераследу. Гэтыя пераклады набылі пэўнае нацыянальнае, дзяржаўнае адценне. Былі падрыхтаваныя раскошныя альбомы, кожны з якіх быў унікальным, адзіным у сваім родзе, у шыкоўным пераплёце, з дзяржаўнай сімволікай. Гэта быў дар Папу Рымскаму», — кажа куратарка выставы Санта Каньчыце.

Гэтыя графіні цесна звязаныя і з сённяшнімі беларускімі землямі: Марыя Пшаздзецкая, дачка знакамітага арнітолага Канстанціна Тызенгаўза, нарадзілася і вырасла ў Паставах, а Наталля Кіцкая, дачка маршалка шляхты Ваўкавыскага павета, выхоўвалася ў радавым маёнтку ў Галоўчыне (цяпер Пружанскі раён).
Польскі і царкоўнаславянскі варыянты ілюстраваныя мініяцюрамі з важнымі гістарычнымі падзеямі і постацямі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, часта змяшчаюць выявы «Пагоні», гербаў розных шляхетных родаў і сімвалы вызваленчай барацьбы.

Кожнай старонкай «апякуецца» адзін з найбольш шанаваных цудатворных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі на гэтых землях — сярод іншых тут можна пабачыць абразы Маці Божай Вострабрамскай, Жыровіцкай, Бялыніцкай і інш.
Над 26‑ю аркушамі польскамоўнага кодэкса Марыя Пшаздзецкая пачала працаваць у 1857‑м па ініцыятыве аўтара перакладу ксяндза Аляксандра Елавіцкага.
Іканаграфічную праграму яна распрацавала, магчыма, разам з мужам Аляксандрам. Арнамент кожнага аркуша, вытрыманы ў стылістыцы пэўнага гістарычнага перыяду, змяшчае выявы каралёў, знакамітых людзей, святых заступнікаў, зробленыя па матывах вядомых гістарычных карцін, а таксама віды гарадоў, замкаў, храмаў і батальныя сцэны.

Завяршыць кнігу Пшаздзецкая не змагла з-за пагаршэння зроку і хваробы рук — не аформленымі засталіся два апошнія аркушы. Тым не менш у 1892 годзе яе сын Канстанцін перадаў рукапіс папу Льву XIII. Большасць мастацкай спадчыны мастачкі загінула ў 1939‑м у выніку трапляння авіябомбы.
Царкоўнаславянскі пераклад, прадстаўлены на выставе толькі ў копіях, таксама ўражвае мастацкім узроўнем прапрацоўкі. Але яго іканаграфія месцамі выглядае нават больш «польскай», чым у польскамоўнай версіі.


Літоўскамоўная ж версія, пераклад якой зрабіў жамойцкі біскуп Мацеюс Валанчус (1801—1875), істотна адрозніваецца ад славянскіх — у ёй быццам і няма палітычных алюзій, замест іх пышныя кветкавыя бардзюры, на якіх адлюстраваныя лілеі, ружы, лён, нарцысы, цюльпаны, настурцыі.

Толькі пераплёт кнігі, выкананы з грушавага дрэва, мае выразныя палітычныя сімвалы: паміж тонка выразанымі кветкамі і лацінскімі цытатамі з Песні Песняў змешчаны срэбраныя пласціны з выявай Пагоні і чатырма каранаванымі гербамі часоў паўстання 1830—1831 гадоў.
Усе тры пераклады: літоўскі, польскі і царкоўнаславянскі — даступныя ў электронным выглядзе на сайце Ватыканскай бібліятэкі. Ніжэй некаторыя выбраныя фрагменты з аркушаў гэтых кодэксаў.















«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ 
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
        
Каментары