Кіно22

10 еўрапейскіх фільмаў, якія пакажуць на кінафестывалі «Паўночнае ззянне». Некаторыя будуць ісці бясплатна анлайн

Хорар пра вядомую серыйную забойцу дзяцей, казка паводле скандынаўскай легенды і дэтэктыў пра пошукі носа Златана Ібрагімовіча. Некаторыя з фільмаў праграмы маюць прэстыжныя ўзнагароды і намінацыі.

Кадр з фільма «Мой дзядзька Енс»

Міжнародная праграма XI кінафестывалю «Паўночнае ззянне» аб’яднала дзесяць фільмаў з краін Скандынавіі і Балтыі, якія можна будзе паглядзець анлайн і афлайн з 3 па 23 лістапада.

Усе фільмы анлайн-праграмы будуць даступныя згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па мінскім часе.

«Прынц — белы мядзведзь»

2024, Нарвегія

8 лістапада — 16:30, Варшава, к/т 'Kinoteka', квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Кадр з анімацыйнага фільма

Анімацыйны мюзікл пра каханне, адвагу і гармонію з прыродай. Рэжысёр у супрацоўніцтве з нарвежскай дзіцячай пісьменніцай Маяй Лундэ пераасэнсоўвае адну з самых любімых народных казак Скандынавіі. Атрымліваецца кранальная і дасціпная гісторыя пра дапытлівую і прадпрымальную дзяўчынку Ліў, белага мядзведзя Валемона, які на самой справе з’яўляецца зачараваным прынцам, іх прыгоды і барацьбу са злой ведзьмай.

«Дзяўчына з іголкай»

2024, Польшча, Швецыя, Данія

9 лістапада — 18:00, Варшава, к/т 'Kinoteka', квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Змрочная гісторыя, якая сышла быццам са старонак зборніка братоў Грым, а насамрэч, заснаваная на рэальным факце з навіннай хронікі Капенгагена за 1920 год.

Пасля першай сусветнай вайны маладая жанчына Караліна, застаўшыся без хаты і працы швачкі, ды яшчэ і сам-насам з цяжарнасцю, губляе любыя надзеі на светлую будучыню. Выпадковая сустрэча з Дагмар, якая займаецца нелегальным усынаўленнем пазашлюбных дзяцей, здаецца променем святла ў цемры, але гэта толькі на першы погляд. Сусветная прэм'ера стужкі адбылася ў асноўным конкурсе Канскага кінафестывалю 2024 года.

«Невядомы краявід»

2024, Нарвегія

10 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

3 лістапада — 18:00, Вільнюс, к/т Skalvija, квіткі на паказ

«Капітан Фантастык» на нарвежскі лад і з рэальнага жыцця — фільм, што атрымаў гран-пры журы дакументальнай секцыі фестывалю Sundance-2024. На фоне нарвежскіх лясоў разгортваецца кранальная элегія пра сям’ю «дзікуноў», якая вяртаецца да цывілізацыі пасля смерці Марыі — жонкі, маці і ініцыятаркі іх «дзікага» існавання. Нік і чацвёра дзяцей спрабуюць захаваць ідэалы гармоніі з прыродай, але ўтапічная ідылія хутка ператвараецца ў змаганне за выжыванне.

Рэжысёрка Сілье Эвэнсма Якабсэн стварае кранальнае даследаванне смутку, сталення і пошуку новых формаў сям’і, уважліва назіраючы, як блізкія вучацца жыць без Марыі і шукаюць раўнавагу паміж прыродай і грамадствам, свабодай і адказнасцю, адзінотай і любоўю.

«Два мяне»

2024, Эстонія

10, 17 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Аўтафікшан пра пошукі сябе, свабоды творчасці і сутнасці кіно. Поўнаметражны дэбют братоў Раўля і Ромэта Эска — самаіранічнае даследаванне феномену двайняцтва і хаатычная драма сталення. 25‑гадовыя браты, якія ўсё ў жыцці дзялілі напалам, спрабуюць навучыцца быць самастойнымі і не страціць сувязі адзін з адным. Іх падарожжа ад эстонскай кінашколы да Нігерыі становіцца метафарычным партрэтам пакалення TikTok, што шукае сябе пад пастаянным прыцэлам відэакамеры.

«Самакруткі»

2024, Эстонія

11, 21 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Себасцьян працуе ў невялікай талінскай краме і вядзе мернае жыццё. Яго свет пераварочваецца з ног на галаву, калі ён сустракае Сіло, геданіста і летуценніка. Разам яны паляць канабіс, абмяркоўваюць жыццё і мараць пра білет у адзін канец у Бразілію, дзе ўсё можа быць інакш. 

Грунтуючыся на ўласным досведзе і гутарках з аднагодкамі, Мээль Паліяле стварае партрэт пакалення маладых людзей, што шукаюць сваё месца і свабоду ў свеце, які пастаянна мяняецца. Стужка атрымала прыз глядацкіх сімпатый на Талінскім кінафестывалі (PÖFF), а цяпер яшчэ і вылучаецца ад Эстоніі ў якасці прэтэндэнта на кінапрэмію «Оскар».

«Роды: боль і радасць»

2024, Фінляндыя

12, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

Дакументальны фільм пра права жанчыны вярнуць сабе кантроль над самым старажытным і самым асабістым жыццёвым працэсам — нараджэннем дзіцяці.

Роды — адзін з самых натуральных, але пры гэтым найбольш кантраляваных працэсаў у жыцці жанчыны. Чаму рашэнне нараджаць дома ўспрымаецца як нешта радыкальнае, амаль акт бунту? Фінская дакументалістка Каралійна Грэндаль спрабуе адказаць на гэтае пытанне. Назіраючы за некалькімі цяжарнымі жанчынамі, а таксама за акушэркаю Кірсі і доўлай Аннай-Рытай, яна даследуе працэс нараджэння як фізічны і духоўны досвед, у якім давер і выбар важнейшыя за медычныя правілы.

«Ільвіца»

2024, Эстонія, Германія, Латвія

14, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Эмацыйнае разважанне пра мацярынскую любоў і тонкую мяжу паміж абаронаю, кантролем ды залежнасцю. Фельчарка хуткай дапамогі спрабуе ўратаваць 15‑гадовую дачку, цяжкага падлетка са схільнасцю да самаразбурэння, якая звязалася з дрэннаю кампаніяй. Калі дзяўчына трапляе ў шпіталь пасля перадазіроўкі наркотыкамі, маці выкрадае яе проста з палаты і замыкае ў старым загарадным доме, думаючы, што гэтак здолее вылекаваць іхныя стасункі. Паміж маці і дачкою разгараецца балючая псіхалагічная дуэль, дзе клопат і гвалт пераплятаюцца. Фільм атрымаў прэмію EFTA (эстонскі «Оскар»).

«Мой дзядзька Енс»

2025, Нарвегія, Румынія

15, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

Кранальнае і смешнае разважанне пра страчаныя сямейныя сувязі, культурную ідэнтычнасць і асабістыя межы.

Акам, малады выкладчык літаратуры курдскага паходжання, жыве спакойным жыццём у Осла, пакуль аднойчы ўначы да яго не прыязджае дзядзька Хадр — сваяк з іранскай часткі Курдыстану, якога ён не бачыў з дзяцінства. Акам прымае яго ў сваёй «камуналцы» на некалькі дзён, але Хадр, што цяпер называе сябе Енсам і хваліцца бізнэсам на радзіме, відавочна не збіраецца сыходзіць. Праз культурныя адрозненні і моўны бар’ер напружанне паміж імі расце з кожным днём.

«Нос Златана»

2025, Швецыя

16 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

7 лістапада — 18:30, Варшава, к/т 'Kinoteka', квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Гісторыя пра тое, як Златан Ібрагімовіч ператварыўся з куміра жыхароў Мальмё ў амаль персону нон-грата ў родным горадзе, даўно сталася легендаю. Калі ён гуляў за мясцовую каманду, яго лічылі героем, але ў 2019‑м Златан нечакана стаў суўладальнікам стакгольмскага «Гамарбю» — заклятага суперніка «Мальмё». Бронзавая статуя футбаліста каля стадыёну адразу стала мішэнню для вандалаў — урэшце хтосьці адрэзаў ёй нос. Гэты загадкавы выпадак так узрушыў шведскую фанацкую супольнасць, што тры тэлежурналісты знялі тру-крайм пра пошук носа. Ім дапамагае эксцэнтрычны прыватны дэтэктыў Кляс Экман, чыя любоў да старых шпіёнскіх фільмаў вядзе гісторыю ў нечаканае і вельмі захапляльнае рэчышча.

«Амерыка начлежак»

2025, Нарвегія, Нідэрланды, ЗША

23 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Глыбока рэалістычны партрэт падлетка, які жыве на змрочным баку «амерыканскай мары». Нарвежская фатографка Моніка Стрэмдаль у сваім дэбютным дакументальным фільме распавядае гісторыю 12‑гадовага Мікала, які расце побач з бацькамі з алкагольнай залежнасцю ў цесным гатэльным пакоі на мяжы галечы. Без асуджэння і з рэдкай чуллівасцю рэжысёрка паказвае, як залежнасць разбурае не толькі цела, але і сямейныя сувязі, ператвараючы дом у пастку, але нават у цемры пакідае месца надзеі.

Падтрымаць каманду кінафэстывалю можна па спасылцы.

Каментары2

  • valkoinen
    22.10.2025
    Глядзіце, у адрозненне ад woke стужак ад Netflix, якія тут піярыліся, нармальны фестываль з нармальнымі стужкамі.

    Без woke піхання афрыканцаў, лгбтк12345, гендарнасць, фемінізму і так далей.

    Можна? Можна!

    [Зрэдагавана]
  • valkoinen
    22.10.2025
    valkoinen, проста цікава, чаму слова на н было адрэдагавана? Ведаю, некаторыя ў ЗША пад ўплывам палітычнай карэктнасці нават са старых кніжак пачалі выдаляць слова на n (n-word), але гэта ў іх, а не ў нас. Не трэба займацца калькаваннем чужых праблем на нашы. Нешта тыпу як некаторыя лічаць слова жыд крыўдным, бо ў расейскай мове яно такое. Пра слова на м (так, тое самае з лістоў з-пад шыбеніцы) пра расейцаў не кажучы.

    Бо слова афрыканцы мае крыху іншае значанне.

Цяпер чытаюць

Акадэмію КДБ будуюць проста на Залатагорскіх могілках. З зямлі дастаюць парэшткі мінчукоў, якіх тут хавалі сотні гадоў16

Акадэмію КДБ будуюць проста на Залатагорскіх могілках. З зямлі дастаюць парэшткі мінчукоў, якіх тут хавалі сотні гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Польшча прыбрала частку перашкод на памежным пераходзе «Кузніца»2

Лукашэнка заявіў, што хутка смярдзючая Еўропа будзе плаціць Беларусі за чыстае паветра34

Пракурор расказаў, чаму дагэтуль адпраўляюць на суткі за падпіскі9

На таргі выставілі адціснутую ў заснавальніка «Байпола» кватэру. Пакупнікі зладзілі за яе сапраўдную бойку6

58‑гадовай лагістцы далі калонію за каментары ў інтэрнэце і назвалі тэрарысткай2

Выпускаюць зубную пасту са смакам цукерак «Сталічныя»2

Амерыканскі акцёр Джэсі Айзенберг ахвяруе сваю нырку незнаёмцу2

У гандлёвым комплексе «Першы нацыянальны» ў Мінску прадаецца кватэра3

Беларускі палітолаг сыграе бандыта ў польскім крымінальным серыяле2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Акадэмію КДБ будуюць проста на Залатагорскіх могілках. З зямлі дастаюць парэшткі мінчукоў, якіх тут хавалі сотні гадоў16

Акадэмію КДБ будуюць проста на Залатагорскіх могілках. З зямлі дастаюць парэшткі мінчукоў, якіх тут хавалі сотні гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць