Загадка сініх сабак у Чарнобылі разгаданая. Гэта не радыяцыя, жывёлінаў адмыслова фарбуюць
Днямі выданне Daily Mail са спасылкай на валанцёраў паведаміла пра загадкавых сініх сабак у Чарнобыльскай зоне. Што з сабакамі здарылася — не было ўцямнага тлумачэння.

У сацсетках многія не паверылі сапраўднасці відэа і абвінавацілі валанцёраў у распаўсюдзе фэйкавых кадраў.
Іншыя ж каментатары выказвалі меркаванне, што такі колер — вынік радыяцыі, іншыя, што сабакі запэцкаліся.
Аказалася, што сіні колер — гэта не вынік радыяцыі і не мутацыя. Так спецыялісты мецяць сабак, якіх ужо стэрылізавалі, расказаў Сяргей Кірэеў, кіраўнік «Экацэнтра», які сочыць за зонай адчужэння.
Паводле слоў спецыяліста, адмысловая фарба, якую выкарыстоўваюць для маркіроўкі, цалкам бяспечная для жывёл.
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі людзей адсялялі, іх хатнія гадаванцы часта заставаліся — людзям казалі, што яны едуць на пару дзён. З тых часоў папуляцыя бадзяжных жывёл у зоне вырасла. Каб кантраляваць іх колькасць, валанцёры адлоўліваюць жывёлінаў, стэрылізуюць, а потым выпускаюць зноў. Яркая сіняя фарба дапамагае зразумець, які сабака ўжо прайшоў праз працэдуру, каб не лавіць яго зноў.
Каментары