На Мальдывах забаранілі курыць усім, хто нарадзіўся пазней за 2006 год
Мальдывы сталі першай краінай у свеце, дзе ўводзіцца поўная забарона на курэнне для маладога пакалення. Цяпер на тэрыторыі архіпелага нельга будзе курыць, а таксама купляць або прадаваць тытунёвыя вырабы тым, хто нарадзіўся пасля 1 студзеня 2007 года — у тым ліку турыстам, піша Бі-бі-сі.

Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя Мальдываў, гэта рашэнне «адлюстроўвае цвёрдую прыхільнасць урада абараняць моладзь ад шкоднага ўздзеяння тытуню».
Па словах Ахмеда Афаала, намесніка старшыні рады па барацьбе з курэннем, гэты крок стаў лагічным працягам леташняга рашэння забараніць вэйпінг. Ён адзначыў, што электронныя цыгарэты — гэта «хітрасць індустрыі, накіраваная на прыцягненне маладых людзей да шкоднай звычкі».
Новы закон ахоплівае ўсе віды тытунёвых вырабаў. Прадаўцы абавязаныя правяраць узрост пакупнікоў. Гэта таксама адпавядае міжнародным абавязацельствам Мальдыўскіх астравоў у межах Рамачнай канвенцыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па барацьбе супраць тытуню.
Забарона распаўсюджваецца і на турыстаў. Тым, хто нарадзіўся пасля 2007 года, курыць на Мальдывах будзе нельга. Аднак улады перакананыя, што гэта не паўплывае на турыстычны паток.
«Людзі прыязджаюць на Мальдывы не дзеля курэння, а дзеля пляжаў, мора, сонца і свежага паветра», — падкрэсліў Афаал. Паводле прагнозаў, на наступны год краіну наведаюць больш за два мільёны турыстаў.
Дарэчы, падобныя забароны ўжо разглядаліся ў іншых краінах. У Новай Зеландыі план паэтапнай забароны курэння быў адкладзены новым урадам у 2023 годзе, а ў Вялікабрытаніі закон, які забараняе продаж тытуню людзям, народжаным пасля 2009 года, усё яшчэ на разглядзе парламента.
Michelin выдаў ганаровыя ключы найлепшым гатэлям свету
«Беларускія Мальдывы» стануць помнікам прыроды. Чым унікальныя затопленыя Ваўкавыскія кар’еры
Колькі каштуе адпачынак на Мальдывах для беларусаў?
Як паехаць у экзатычнае падарожжа і не захварэць?
Мальдывы, Занзібар і Італія: куды панесла адпачываць прыхільнікаў Лукашэнкі
Каментары