«Як скрозь зямлю праваліўся». Трэція суткі ідуць пошукі зніклага падлетка ў Бярэзінскім раёне
Максім Зяньковіч з'ехаў на ровары ў невядомым кірунку з вёскі Карбаўское Бярэзінскага раёна.

Прыкметы падлетка такія: на выгляд каля 14 гадоў, рост 170 см, хударлявага целаскладу, вочы светлыя, валасы светла-русыя, хвалістыя. Быў апрануты ў цёплую балоневую куртку цёмна-зялёнага колеру, на капюшоне меўся мех, цёмны гольф, цёмныя спартыўныя штаны. На штаніне меўся прынт з выявай твару белага колеру. Красоўкі — чорныя з салатавым надпісам Air Мах, шапка шэрая з чорнай паласой.
Журналісты Onliner.by пагутарылі з дзядулем Максіма, у якога зніклы хлопчык гасцяваў на вялікіх выходных.

— Мы з Вікай (мамай хлопчыка) паехалі на машыне на пошту, мне трэба было зняць грошы. Прыехалі, агледзеліся — яго няма. Праехаліся ў бок Несцераўкі (суседняй вёскі), не знайшлі, вярнуліся назад. Паведамілі пра знікненне. Ратавальнікі прыехалі хутка.
— Як вы думаеце, дзе Максім мог згубіцца?
— Бог яго ведае. Як скрозь зямлю праваліўся: быў — і няма.
Дзядуля апісвае ўнука як «не баязлівага», кажа, што той часта сам катаўся на ровары па вёсцы. Выпадкаў уцёкаў з дому не было. У Мінску Максім вучыцца ў спецшколе-інтэрнаце для дзяцей з інваліднасцю, яго ўзровень разумовага развіцця прыкладна як у сямігадовага дзіцяці.

Да раніцы панядзелка пошукі Максіма ідуць ужо трэція суткі. Надвор'е пад Мінскам стаіць халоднае, туманнае: працяглае знаходжанне ў лесе ў такіх умовах можа аказацца крытычным. Ратавальнікі ўсё ж спадзяюцца, што хлопчык знайшоў у якасці цёплага хованкі хаця б якую-небудзь закінутую пабудову.
Пошукавымі групамі праведзена суцэльнае прачэсванне ў радыусе трох кіламетраў. Машынамі, квадрацыкламі, перасоўнай тэхнікай адпрацаваны дарогі, сцежкі, рэкі і каналы ў радыусе трыццаці кіламетраў. Ведамствы працягваюць дасылаць новых людзей: у пошуках ужо задзейнічаны, сярод іншых, 140 леснікоў і 50 машын МНС. Паводле інфармацыі ПСА «Анёл», на ўчорашні вечар Максіма таксама шукалі каля 300 валанцёраў атрада.

— Правяраем паказанні сведак. Іх апісанні вельмі адпавядаюць [таму, як выглядае хлопчык], але дэталі, напрыклад у што апрануты, яны не памятаюць. Аднак такіх момантаў, якія паказваюць на тое, што гэта быў сапраўды Максім, дастаткова: казалі і пра ровар, і што падлетак выглядаў маленькім, кволым, няўпэўнена адчуваў сябе на дарозе, — распавёў Алег Палягошка, адзін з каардынатараў ПСА «Анёл».
У лагеры пошукавікаў самога хлопчыка апісваюць як аўтычнага, замкнёнага — дапускаюць, што, хутчэй за ўсё, на чужыя крыкі адгукацца ён не стане. Плюс сама сітуацыя вельмі стрэсавая для дзіцяці, невядома, ці вырашыцца ён папрасіць дапамогі ў людзей, нават калі сам кагосьці сустрэне не з пошукавага атрада.

Максім заўсёды любіў катацца на ровары, калі прыязджаў з бацькамі на лецішча. Далёка звычайна не ад'язджаў. Але ў гэты раз, відаць, вырашыў накіравацца да адной з больш аддаленых вёсак.
— Ён спытаў пра гэту вёску ў мамы. Тая сказала, што яму туды нельга, маўляў, далёка, — дзеліцца падрабязнасцямі Алег Палягошка. — Потым бацькі ад'ехалі ў горад літаральна на паўгадзіны-гадзіну. У гэты час ён і з'ехаў, як мяркуецца, у тым кірунку, пра які пытаўся. Але адпрацоўваюцца і іншыя магчымыя кірункі.

Штаб пошуку знаходзіцца па наступных каардынатах: 53.785477, 29.193437 (паблізу вуліцы Зарэчнай, 13, вёска Карбаўское Бярэзінскага раёна). Адпраўляючыся на пошукі, варта ўзяць з сабой перакус, ваду, тэрмас з гарачым пітвом, зменны камплект адзення і абутку, ліхтар (пры яго наяўнасці), а таксама апрануцца так, каб зручна было хадзіць па лесе.


Каментары
У вас сеньня ранкам навіна пра загіблага раварыста з Новага Двара пад коламі аўтобуса. Так вось колькі гадоў таму у тым самым Новым Двары прыкладна такі самы хлопец зышоў у лес і ... да сеньня няма.