Грамадства11

Памідоры па 30 рублёў і хатняя каўбаса па 55: што прадаюць на элітным рынку Валяр'янава

Калі рынак Валяр'янава толькі адкрывалі, яго называлі новым канкурэнтам мінскай Камароўкі. Але ці можна цяпер называць іх канкурэнтамі? Хутчэй, не, бо гэта два розныя светы. Камароўка — пра народнасць, даступнасць, магчымасць ашчадзіць. Валяр'янава — пра крафтавасць, эксклюзіўнасць. Прадаўцы не спрачаюцца: сюды ходзяць людзі з грашыма. Выданне Myfin паглядзела, што і па колькі тут прадаюць.

Помидоры по 30 рублей и домашняя колбаса за 55: что продают на элитном рынке Валерьяново
Фота: Павел Садоўскі

Што асаблівага ў курыных яйках па 9 рублёў?

Журналісты прыехалі на Валяр'янава сярод тыдня, у раёне абеду серады. Людзей няшмат. Ім растлумачылі: некаторыя прадаўцы прыязджаюць сюды толькі пару разоў на тыдзень. Самыя людныя дні — субота, нядзеля.

Першы пункт, на якім згаджаюцца пагаварыць, — гэта прылаўкі са свойскай птушкай і яйкамі. Задалі пытанне, што тут хіт продажаў. Прадаўцы тлумачаць: хатнія яйкі. Уладальніца гандлёвага пункту кажа, што такія яйкі, як тут, ёсць не на кожным рынку.

— Магчыма, пытанне прагучыць па-дурному, але чым курыныя яйкі па 9 рублёў адрозніваюцца ад крамных па 3 рублі?

— Па-першае, іх знесла не фабрычная, а хатняя курачка, выгадаваная без антыбіётыкаў. Гадаваць такіх курэй — тытанічная праца. Хатнія яйкі асабліва смачныя.

Па-другое, гэтыя яйкі моцныя, практычна не трэскаюцца пры гатаванні. У нас ёсць асаблівыя яйкі з блакітнай шкарлупінай ад кітайскай перапёлкі Селадон. Іх вырошчвае прыватнік для сябе, праз нас прадае лішкі. Дзе яшчэ вы такія знойдзеце?

Калі мы хочам прадаваць нешта ўнікальнае, то звяртаемся па прадукты да чалавека, у якога не масавая вытворчасць.

Перапяліныя яйкі з блакітным шкарлупіннем

Хто ўсё гэта бярэ? Тлумачаць: пакупнікі розныя. Напрыклад, гэта могуць быць людзі, якія па стане здароўя вымушаныя харчавацца толькі высакаякаснымі прадуктамі.

У гэтым самым пункце на вітрыне — цэлыя індыкі, хіт продажаў на навагоднія святы.

Самым вялікім попытам будуць карыстацца 6-кілаграмовыя, таму што менавіта такія змяшчаюцца ў звычайную духоўку.

Хатнія памідоры па 30 рублёў: «Па смаку яны — гармата-бомба!»

Далей журналісты ўпіраюцца ў «вазы» з хатнімі гароднінай і садавінай, закаткамі. Іх прадае сямейная пара з Пінска. Наталля і Сяргей спецыяльна прыязджаюць на Валяр'янава раз на тыдзень.

Тут ёсць і бульба, і морква, і радыска. Але галоўны ўпор — на памідоры розных сартоў (іх, сартоў, летам было каля 50), у тым ліку эксклюзіўных. Самыя дарагія — па 30 рублёў. Чаму так дорага?

«Яны сартавыя, іх на кусце мала. Па смаку — гармата-бомба», — кажа Сяргей.

Хатнія яблыкі — па 9 рублёў. Сяргей тлумачыць, што летась самыя крутыя яблыкі прадаваў па 5 рублёў, звычайныя — па 2‑3 рублі. У гэтым годзе дзіўны неўраджай, адсюль і кошт:

«Сёлета нават не ціснуў сок. Звычайна мы яшчэ прадаем сок з рознымі «прысмакамі», а ў гэтым годзе яблык дарагі, лепш яго проста так прадаць. А то літр будзе каштаваць рублёў з 20 — які сэнс?»

Прычына высокіх цэнаў на яблыкі сёлета — нізкая ўраджайнасць

Ім задаюць пытанне: ці не лянота сямейнай пары кожны тыдзень прыязджаць у Мінск на рынак? Не, не лянота:

«Нашы бацькі ездзілі ў Мінск і прадавалі гародніну скрынкамі на Камароўцы. Цяпер і мы ездзім. Ды і ў Пінску ўсё гэта не прадаць, тым больш у такой колькасці. У нас жа шмат хто вырошчвае гародніну».

Сяргей гаворыць, што ў сям'і два гандлёвыя пункты, другі — якраз на Камароўцы. Тавар нібыта адзін і той жа, а пакупнікі адрозніваюцца? Так, адрозніваюцца, і моцна:

«Тут, я б сказала, у асноўным заможныя людзі, — кажа Наталля. — А на Камароўцы — бабулі, студэнткі. Мы на Камароўцы прапрацавалі 25 гадоў, тут — 5 гадоў. Не сказала б, што тут у нас чарга стаіць, але тут камфортна, тут іншае стаўленне. У Валяр'янаве бачу толькі плюсы».

«Не гледзячы на цэны, купляюць адразу кілаграмаў з дзесяць мяса на 500 рублёў»

У аддзеле свежага мяса ўвагу журналістаў звяртаюць на аленіну. Дзікае мяса? Не, з паляўнічай гаспадаркі за 100 км ад Мінска.

«У адрозненне ад ялавічыны, аленіну можна ўсім, гэта дыетычнае мяса. У некаторых выпадках чалавеку нават дактары рэкамендуюць ёсць аленіну, яна гіпаалергенная».

Прадавец кажа, што гэта мяса часта ідзе ў рэстараны. Што бяруць найлепш? Ды ўсё бяруць:

— Вельмі часта бывае, што на рынак прыязджае кухар і, не гледзячы на цэны, купляе адразу кілаграмаў з дзесяць мяса на 500 рублёў. Не для сябе, а ў рэстаран або на мерапрыемства, для кейтэрынгу.

— Ці ёсць спецыфічны смак у аленіны?

— У гэтай — не, гэта ж не трафейная аленіна. Яна, можна сказаць, хатняя, фермерская.

На наступным пункце прадавец паказвае хатнія паштэты, вэнджаную курыцу, каўбасы, сала.

— Што любяць вашы пакупнікі?

— Яны пагаварыць любяць, пра ўсё. Яны прыходзяць галоўным чынам пагаварыць. Пра што? Пра працу, пра праблемы, пра нейкую сваю радасць.

На прылаўку ляжыць нарэзанае маленькімі кавалачкамі сала ў вакууме:

— Гэта сала для лянівых?

— Так, гэта вельмі зручна, калі ўсё ўжо парэзана. Такое сала ў вакууме бяруць на падарункі, вязуць у Расію.

— Нядаўна закупляўся хлопец — выбіраў у нас гасцінцы ў Дубай, вёз беларускае сала самалётам. Расіян сярод пакупнікоў шмат. Яны ж любяць наша мяса хатняе. Купляюць хатнія каўбаскі, мясныя чыпсы. А нашы людзі любяць руляду, паштэты з пячонкі індыка, крывяначку, курачку хатнюю вэнджаную. Гэта ўсё хатняе».

На прылаўку ляжыць каўбаса па 55 рублёў. Чаму так дорага?

— Гэта ручная работа, яна з добрай сыравіны. Мяса без пражылак, проста мяса-мяса. Каўбаса прыгатаваная паводле беларускіх традыцый. Вы паспрабуйце, у нас ёсць талерка для дэгустацыі.

— Ой, не, дзякуй. Гэта неяк нязручна…

— Чаму? Мы цэлы дзень наразаем для пробы, у нас усе ядуць. Да нас нават школьнікі прыходзяць паесці пасля ўрокаў.

Нарэзка для дэгустацый

Пытаюцца ў іх, які самы высокі чэк з нядаўніх. Журналістаў адпраўляюць да Марыны, якая прадае хамон: высокія чэкі — гэта да яе.

«Нядаўна ў нас скупілі ўсё мяса з вітрыны на 10 500 рублёў. Чалавек узяў на падарункі. Калі гэта было? Ды на мінулым тыдні».

Можна купіць цэлую нагу (хамон) па 1000 рублёў. Можна ўзяць нарэзаныя пласціны ў вакууме рублёў на 30 за 100 грамаў:

«На навагодні стол самае тое. Гэта мяса не для ежы, а для задавальнення».

Цэлая нага абыдзецца прыкладна ў 1000 рублёў

Хацелі яшчэ пагаварыць, але не змаглі, з мясцовай зоркай: прадавачкай, якая ўдзельнічала ў ТБ-шоу «Фактар.ВУ». Журналістам патлумачылі, што яны прыйшлі ў той дзень, калі яна не працуе.

Каментары1

  • циник
    20.11.2025
    В Италии вообще-то дешевле. Какой клинический идиот еще строится в колхозном концлагере и берет еще для этого кредиты в лукобанках? Есть ещё такие, много? Учёба в ВУЗах кстати тоже дешевле, и без всяких отработок в ушачах и столинах по 2 года

28 пунктаў «мірнага плану» ЗША — поўны спіс116

28 пунктаў «мірнага плану» ЗША — поўны спіс

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка сказаў, што паляціць у М'янму і Алжыр, а ў снежні сустрэнецца з амерыканцамі2

Лукашэнка: Некаторыя рэктары дастукаліся да антыдзяржаўнай палітыкі і сталі царкамі10

Хлопцы здымалі ролік для сацсетак пра важнасць правіл дарожнага руху — за гэта іх аштрафавала ДАІ1

Два новыя рэктары, гендырэктар МТЗ і намеснікі міністраў — новыя прызначэнні1

Пракуратура заблакавала сайт з беларускімі кнігамі і сувенірамі2

Літва не будзе кампенсаваць страты перавозчыкаў, якія захраслі ў Беларусі8

Вызваленыя каталіцкія святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч. Мяркуючы па ўсім, іх не дэпартавалі13

Бізнэсмена з Мінска пасадзілі па чатырох палітычных артыкулах. Ён падтрымліваў Расію, а ўкраінцаў называў «хахламі»10

Канфлікт у дзіцячым садку: «Выхавацелька адчытвала дачку словамі «бессаромная» і «нахабная». Дзяўчынка цяпер баіцца хадзіць у прыбіральню10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

28 пунктаў «мірнага плану» ЗША — поўны спіс116

28 пунктаў «мірнага плану» ЗША — поўны спіс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць