Грамадства22

БелАЗ будуе суперсучасны медцэнтр ФОТЫ

У Жодзіне будуюць новы стыльны медыцынскі цэнтр на месцы старога прафілакторыя. Рэканструкцыяй займаецца БелАЗ: медцэнтр прызначана для супрацоўнікаў прадпрыемства. Але ёсць шанец, што наведваць яго змогуць і мясцовыя жыхары, праўда ўжо платна, паведамляе Onlíner.

Фота тут і далей: Onlíner

Яшчэ пару гадоў таму гэтая тэрыторыя належала кампаніі «Світанак». Калісьці тут размяшчаўся прафілакторый. Потым ён закрыўся, і будынак пуставаў. Проста па суседстве знаходзілася (ды і зараз знаходзіцца) спартыўная база футбольнага клуба «Тарпеда-БелАЗ». У нейкі момант на прадпрыемстве, якому належыць каманда, вырашылі выкупіць участак.

— Ужо даўно абмяркоўвалася пытанне аб медыцынскім страхаванні работнікаў. У выніку вырашылі зрабіць уласную паліклініку, — расказвае галоўны доктар медыка-санітарнай часткі Сяргей Будзько. — Сёння гэта ўнікальны выпадак, калі лячэбную ўстанову будуе прамысловая кампанія за ўласныя сродкі. Раней, у савецкі час, медсанчасці пры заводах былі распаўсюджанай практыкай, але ў 1990‑я многае змянілася. Каб выжыць, некаторыя прадпрыемствы адмаўляліся ад непрафільных актываў (базы адпачынку, палацы культуры, дзіцячыя садкі і медыцынскія ўстановы) і перадавалі іх на баланс бюджэтных арганізацый.

Стары будынак трэба было часткова разабраць і ўзмацніць, а таксама прыбудаваць да яго некалькі карпусоў. У цэнтры павінны размясціцца тэрапеўты і профільныя спецыялісты (ад гінеколагаў да эндакрынолагаў), стаматалагічныя кабінеты, абсталяванне для УГД і рэнтгена і нават МРТ-сканер.

— Цяпер падобнае абследаванне мясцовыя жыхары ездзяць рабіць у Барысаў ці Мінск. Першы апарат для МРТ з'явіцца ў гарадской бальніцы, другі — у нас. Плануем выкарыстоўваць яго кругласутачна.

Цэнтр будзе разлічана на 250—300 наведванняў за змену.

— Для работнікаў БЕЛАЗа прадугледжана бясплатнае абслугоўванне. Магчыма, яно будзе распаўсюджвацца і на іх сем'і, і на былых супрацоўнікаў. Разглядаем таксама варыянт, што паслугамі цэнтра на платнай аснове змогуць карыстацца і іншыя гараджане.

Так па задуме будзе выглядаць медцэнтр

Работы на аб'екце пачаліся ў снежні мінулага года.

Маналітныя работы ўжо завершаны, кладка — таксама. На фасадах змантаваны ўсе металічныя канструкцыі. Зараз ідзе ўстаноўка вокнаў, паралельна выконваецца чарнавая сцяжка па паверхах. Будаўнікі рыхтуюцца да зімы, каб запусціць ацяпленне і наступныя тры месяцы займацца ўнутраным аздабленнем.

Інтэр'ер медцэнтра будзе вытрыманы ў светлай і спакойнай гаме: у афармленні будуць выкарыстаны белыя і шэрыя тоны, а ў кабінетах — мяккія акцэнты блакітнага і зялёнага. Сцены пакрыюць дэкаратыўнай тынкоўкай. 

На першым паверсе размесціцца прасторны хол з рэгістратурай, зонай самазапісу, памяшканнем для афармлення бальнічных, буфетам і аптэкай. На іншых паверхах размесцяцца кабінеты дактароў, аддзяленні дыягностыкі, лабараторыі, стаматалогія.

Будзе таксама паўнавартаснае аддзяленне рэабілітацыі. Там будуць электра-, гразе– і вадалячэнне, фізіятэрапія. Для тых, каму прызначаць курс працэдур, прадугледжаны дзённы стацыянар на 20 ложкаў.

Будзе ва ўстанове і свой аўтамабіль на выпадак, калі спатрэбіцца тэрмінова наведаць пацыента дома ці, наадварот, прывезці на абследаванне. Пункт неадкладнай дапамогі тут таксама арганізуюць.

— На самім прадпрыемстве будуць працаваць пяць здраўпунктаў, і за кожным замацуюць свайго тэрапеўта. Урач будзе весці амбулаторны прыём у медцэнтры і рэгулярна выязджаць на свой здраўпункт — вывучаць умовы працы ў цэхах. Яму важна ведаць, якія фактары ўплываюць на здароўе супрацоўнікаў: шумы, вібрацыі, пыл, электрамагнітныя выпраменьванні, доўгатэрміновы стрэс.

У будынка будзе і адзін паверх пад зямлёй. Там запраектаваны не толькі тэхнічныя памяшканні, але і пакоі для персаналу: гардэробныя, душавыя.

— У медыка-санітарнай частцы будуць працаваць каля 110 чалавек. Плануем прыцягваць спецыялістаў у тым ліку з іншых гарадоў. Забяспечым іх жыллём: у прадпрыемства ёсць уласны інтэрнат. Акрамя таго, кампенсуем выдаткі на арэнду кватэры.

Здаць аб'ект у эксплуатацыю абяцаюць восенню 2026 года.

Каментары2

  • Жодзінец
    01.12.2025
    Нязай лепей грошы ідуць на медцэнтры, чым на мусароў
  • Барадзед
    01.12.2025
    Жодзінец, что они могут там построить стоящего? Будете целой толпой сидеть по два часа в очередях за рецептом на таблетки и больничным.

Цяпер чытаюць

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць23

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Усе навіны →
Усе навіны

З раскошным відам на ваду. У сталіцы пачынае фармавацца новы мікрараён, першы дом хутка будзе гатовы6

«Аааа, нарэшце! Мы ўсё думалі, калі ўжо вашы суставы…» Севярынец расказаў, як яго мэтанакіравана мучылі ў зняволенні7

Лукашэнка абнавіў склад камісіі па памілаванні1

Маладая сям’я з Жодзіна расказала, як у чатыры разы скараціла выдаткі на ежу12

Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў: Мы, беларусы, ведаем, што такое Расія. Мы ведаем яе імперскія апетыты20

Маразы скончыліся. Ноччу было не ніжэй за тры градусы

«Калі Пуцін пойдзе на Нарву, мы пойдзем на вайну» — міністр абароны Швецыі1

У 2025 у Расіі апублікавалі на 40% больш некралогаў па вайскоўцах, чым у 202410

Жыхары дома ў «Мінск-Свеце»: Тэмпература ў пакоях — ніжэй за 18 градусаў, спім пад дзвюма коўдрамі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць23

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць