Няшчасце здарылася ў Мінску пры канцы мінулага года.

Мужчына раніцай пайшоў у гараж рамантаваць аўтамабіль, аднак на працягу дня сваякам не ўдавалася з ім звязацца.
Вечарам яны, заклапочаныя доўгай адсутнасцю, адправіліся на пошукі зніклага і знайшлі яго ў непрытомным стане ў зачыненым гаражы. Медыкі канстатавалі смерць.
Экспертамі ўстаноўлена, што смерць мужчыны наступіла ад вострага атручвання чадным газам, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.
Пры атручванні ім чалавек не адчувае прысутнасць газу (ён не мае колеру, паху і смаку), пачынаецца галаўны боль, галавакружэнне, млоснасць, слабасць, блытаніна ў свядомасці, страта каардынацыі; у закрытым памяшканні канцэнтрацыя СО ад выхлапных газаў аўтамабіля дасягае смяротнага ўзроўню за 5—10 хвілін. Чалавек часта не ўсведамляе небяспеку і страчвае прытомнасць, пасля чаго ўжо не можа самастойна сабе дапамагчы.

Эксперты нагадваюць пра неабходнасць выканання мер бяспекі: ніколі не запускаць рухавік аўтамабіля ў закрытым гаражы, нават калі вароты злёгку адчынены; забяспечваць пастаянную вентыляцыю; не знаходзіцца ў гаражы з працуючым рухавіком — калі трэба прагрэць машыну, выганяйце яе на адкрытае паветра.
Каментары