Дзевяць аўтамабіляў і электраровар — начная прагулка жыхара Быхава скончылася крымінальнай справай
Напрыканцы лістапада ў міліцыю адзін за адным паступілі паведамленні ад аўтаўладальнікаў пра крадзяжы з салонаў аўто. Дзевяць крадзяжоў адбыліся ў ноч з суботы на нядзелю.

Ва ўсіх выпадках дзверы аўтамабіляў былі незамкнутыя, у выніку аўтаўладальнікі пазбавіліся хто магнітолы, хто bluetooth-калонкі, хто грошай, хто — ключоў ад аўто. А на Mercedes-Benz Sprinter невядомы праехаўся некалькі кварталаў і пакінуў яго, на радасць уладальніка, у тэхнічна спраўным стане.
Акрамя таго, у тыя ж суткі і на той жа вуліцы, дзе адбыўся ўгон, з гаспадарчай пабудовы іншага быхаўчаніна знік электраровар.
Падчас аглядаў месцаў здарэнняў эксперт-крыміналіст Быхаўскага міжраённага аддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз выявіў некалькі слядоў абутку. Праваахоўнікі аператыўна затрымалі падазраванага ў крадзяжах і выкраданні аўтамабіляў — ім быў беспрацоўны, раней неаднаразова судзімы 40‑гадовы мясцовы жыхар.

Па красоўках фігуранта і выяўленых слядах абутку была праведзена судовая трасалагічная экспертыза. Устаноўлена супадзенне яго абутку з двума слядамі на месцах злачынстваў па агульных прыкметах.
Скрадзенае часткова было канфіскавана ў мужчыны, частку ён паспеў прадаць. Крымінальная справа ў дачыненні да аўтааматара накіраваная ў суд
Каментары