Францыя абвінаваціла Іран у кібератацы на халадзільнае абсталяванне супермаркетаў, якая адбылася ў кастрычніку і прывяла да псавання прадуктаў прыкладна ў 700 гандлёвых пунктах. У адказ Парыж мае намер увесці супраць Тэгерана санкцыі на еўрапейскім узроўні.

Міністр замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро назваў напад беспрэцэдэнтным паводле маштабу і агрэсіўнасці. Паводле яго, гэта першая буйная кібератака на французскай тэрыторыі, мэтай якой быў наўмысны сабатаж. Міністр заявіў, што інцыдэнт стаў сур'ёзным ударам па нацыянальных інтарэсах і бяспецы французаў. Францыя ўжо выклікала іранскага пасла для тлумачэнняў. Тэгеран пакуль не пракаментаваў абвінавачанні.
Падчас атакі хакеры дыстанцыйна падключыліся да халадзільнікаў і маразільнікаў у супермаркетах і павысілі ў іх тэмпературу, уключыўшы рэжымы размарожвання. У выніку сапсавалася вялікая колькасць свежых і замарожаных прадуктаў. Некаторыя халадзільныя ўстаноўкі нават загарэліся.
Парыжская пракуратура ўзялася за расследаванне і заявіла, што да атакі можа быць датычны Іран. Сярод доказаў называюцца выкарыстанне персідскай мовы і IP-адрасы, якія сведчаць пра прылады, размешчаныя ў Іране.
Следства таксама распачало праверку ў дачыненні да кіраўніка кіберпадраздзялення «Шахід Кавех», звязанага з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі, двух яго намеснікаў і іншых магчымых удзельнікаў атакі.
Падобныя кібератакі на супермаркеты ў пачатку лістапада адбыліся таксама ў Швецыі, Бельгіі і Ірландыі. Ці звязаныя яны з французскім інцыдэнтам, пакуль невядома. Адказнасць за напады ў гэтых краінах ніхто не ўзяў.
Пасля таго як у канцы лютага ЗША і Ізраіль нанеслі ўдары па Іране, амерыканскія спецслужбы папярэдзілі кампаніі і дзяржаўныя ўстановы пра магчымую пагрозу кібератак з боку Ірана і заклікалі ўзмацніць пільнасць.
Каментары