Ісландыя мае намер паскорыць пытанне пра магчымае ўступленне ў Еўрапейскі саюз. Як паведамляе Politico са спасылкай на двух інфармаваных суразмоўцаў, ужо ў жніўні ў краіне можа адбыцца рэферэндум наконт аднаўлення перамоў з ЕС. Дату галасавання парламент плануе абвясціць у найбліжэйшыя тыдні.

Першапачаткова ўрадавая кааліцыя абяцала правесці рэферэндум да 2027 года, аднак вырашыла не зацягваць працэс з-за міжнароднай напружанасці.
На рашэнне паўплывалі новыя амерыканскія мыты і заявы Дональда Трампа пра магчымую анексію Грэнландыі. Прадстаўнік ЗША нават пажартаваў, што Ісландыя можа стаць «52‑м штатам», а сам Трамп некалькі разоў узгадваў краіну ў сваіх выступах, калі гаварыў пра Грэнландыю.
У Еўрасаюзе адзначаюць, што тэма пашырэння цяпер цесна звязаная з пытаннямі бяспекі і здольнасцю дзейнічаць ва ўмовах глабальнага саперніцтва. Кіраўніцтва ЕС падкрэслівае, што супрацоўніцтва з Ісландыяй спрыяе стабільнасці ў неспакойны час.
Ісландыя падала заяўку на ўступленне ў ЕС у 2009 годзе падчас фінансавага крызісу, калі ў краіне абрынуліся тры найбуйнейшыя банкі. Аднак у 2013 годзе перамовы былі прыпыненыя, а праз два гады ўлады папрасілі зняць з краіны статус кандыдата.
Апытанні грамадскай думкі ў Ісландыі сведчаць, што падтрымка ўступлення ў ЕС расце. Калі перамовы адновяцца, яны могуць прайсці адносна хутка, бо Ісландыя ўжо ўваходзіць у Еўрапейскую эканамічную зону і Шэнгенскую прастору, а раней паспела закрыць частку перамоўных раздзелаў.
Каментары