У Віцебску зноў вярнуліся да ідэі пераносу гарадскога заапарка на ўскраіну горада. Зараз ён знаходзіцца ў цэнтры — у пешаходнай зоне ў раёне вуліц Суворава і Янкі Купалы, — але ўлады лічаць такое размяшчэнне не самым зручным, піша выданне «Витебские вести».

Плануецца, што заапарк перанясуць у мікрараён Білева. Гэтая ідэя абмяркоўвалася і раней, але доўгі час не рэалізоўвалася. Цяпер праект вырашылі аднавіць, праўда, у крыху змененым выглядзе.
На новым месцы заапарк зробяць больш кампактным — прыкладна на 2—2,5 гектара. Там плануюць стварыць больш сучасныя і камфортныя ўмовы для жывёл, а таксама зручную інфраструктуру для наведвальнікаў. Акрамя вальераў, могуць з’явіцца атракцыёны і зоны харчавання.
Пакуль што гаворка ідзе толькі пра падрыхтоўку праектнай дакументацыі — канкрэтныя тэрміны будаўніцтва не названыя.
У сваю чаргу, зялёную зону ў цэнтры горада, дзе знаходзіцца заапарк цяпер, плануюць пераўтварыць у звычайны парк.
Сам Віцебскі заапарк існуе з 1992 года. У ім утрымліваюцца больш за 70 відаў жывёл — сысуны, птушкі, рэптыліі і рыбы. Частка жывёл жыве ў памяшканнях, астатнія — у адкрытых вальерах. Перанос павінен не толькі змяніць месцазнаходжанне, але і абнавіць умовы ўтрымання і развіццё заапарка ў цэлым.
Каментары