Грамадства22

«Кавалачак пальца застаўся ў рукавіцы». Гісторыя мінчанкі, якую ў скверы ўкусіў чужы сабака

У лютым у сталічным скверы Котаўка Ірыну ўкусіў сабака. «Я адчула рэзкі боль, выцягнула руку з рукавіцы і ўбачыла, што часткі пальца няма — яна засталася ўнутры», — успамінае жанчына. Спачатку Ірына не хацела заяўляць на ўладальніка сабакі, спадзеючыся вырашыць канфлікт мірна. Аднак наступствы аказаліся цяжкімі: дактары не змаглі прышыць фалангу, а пазней праз некроз тканак прыйшлося выдаліць яшчэ частку пальца і сфарміраваць куксу. Паводле слоў пацярпелай, увесь гэты час гаспадар жывёлы не спяшаўся прасіць прабачэння і неахвотна ішоў на кантакт, таму ёй прыйшлося звярнуцца ў міліцыю. У выніку суд абмежаваўся мінімальным штрафам за парушэнне правіл выгулу. Выданне «Анлайнер» расказала падрабязнасці гэтай гісторыі, а таксама разам з экспертам падзялілася алгарытмам дзеянняў, які дапаможа не разгубіцца ў падобнай сітуацыі.

«Кавалачак пальца застаўся ў рукавіцы»

Некалькі гадоў таму Ірына аўдавела. Праз некаторы час у яе жыцці зусім выпадкова з’явіўся лагодны сабака Айка. Ён дапамог запоўніць шчымлівую пустату, якая ўзнікла ў яе душы пасля сыходу блізкага чалавека.

«Неяк зімой мы з дачкой паехалі на лецішча, а там нехта выкінуў сабаку з шасцю шчанюкамі. Мы іх падабралі, з часам усіх прыстроілі, нават іх маму. Але праз паўгода адзін з новых уладальнікаў патэлефанаваў: маўляў, разводжуся з жонкай, забірайце сабаку назад, або аддамо на Гурскага», — расказвае Ірына.

Падрослы шчанюк з мілым апушчаным вухам нагадваў нязграбнае медзведзяня. Ірына пагадзілася патрымаць яго ў сябе, пакуль не знойдзецца новая сям'я. Сабаку забіралі і вярталі чатыры разы — па самых розных прычынах.

«Калі Айку вярнулі чацвёрты раз, я пакінула яго ў сябе. Вырашыла, што раз так, значыць, гэта мой сабака», — кажа Ірына.

Сабака хутка асвоіўся. Ірына часта выгульвала яго ў скверы Котаўка, размешчаным непадалёк ад яе дома. За гады гэты сквер стаў улюбёным месцам сабачнікаў, тут склалася сваё пастаяннае кола стасункаў. Увогуле, усе адзін аднаго добра ведалі.

У той дзень, 3 лютага, каля адзінаццатай гадзіны раніцы Ірына з Айкам ужо вярталіся дадому.

«Па дарозе мы сустрэлі Сяргея (імя зменена. — Заўв. «Анлайнера»). Я спынілася павітацца, спытала, як справы. Сяргей пажаліўся, што ягоны сабака дрэнна есць дома, і тут жа насыпаў корм проста на лавачку».

Далей, паводле слоў Ірыны, усё адбылося за долі секунды: яе Айка інстынктыўна тузануўся да лаўкі, а сабака Сяргея кінуўся наперарэз, відаць, абараняючы ежу. Ірына, паводле яе слоў, імгненна забрала свайго гадаванца.

«Я крыкнула яму «Фу!», спадзеючыся, што Сяргей таксама забярэ свайго сабаку. Зрабіла ўсяго пару крокаў наперад, і тут ягоны сабака зноў кінуўся ў наш бок і ўчапіўся мне ў руку. Я адчула рэзкі боль, дастала руку з рукавіцы і ўбачыла, што частка пальца ў мяне засталася ўсярэдзіне».

Хуткую дапамогу Ірыне выклікала жанчына, якая ў момант інцыдэнту стаяла побач з ёй. Пацярпелую даставілі ў 2‑ю гарадскую бальніцу.

«У прыёмным пакоі адразу спыталі: «Будзем заяўляць у міліцыю?» Я адмовілася. На той момант гэта здавалася чымсьці недарэчным: мы з Сяргеем больш за пяць гадоў перасякаліся ў гэтым скверы, ніколі не канфліктавалі. Ды і думкі былі занятыя іншым: трэба было ратаваць палец».

Ірына спадзявалася, што фалангу можна прышыць. Але медыкі, кажа яна, былі непахісныя: сказалі, што пасля ўкусаў жывёл высокая рызыка інфекцыі і некрозу тканак. Ёй спынілі крывацёк, зашылі сасуды і на наступны дзень выпісалі дадому.

Далей былі штодзённыя перавязкі ў паліклініцы. Ірына звярнулася ў прыватны медцэнтр да вядомага кісцявога хірурга ў надзеі максімальна вярнуць эстэтычны выгляд руцэ. Аперацыю прызначылі на 17 лютага.

«На жаль, незадоўга да гэтага пачаўся некроз тканак у месцы ўкусу, і прыйшлося ратаваць тое, што яшчэ можна было выратаваць», — уздыхае гераіня.

У выніку Ірыне правялі рэзекцыю пазногцевай фалангі трэцяга пальца і сфарміравалі ампутацыйную куксу. Але нават праз два месяцы пасля аперацыі кровазабеспячэнне ў пальцы не аднавілася, і выконваць звыклыя бытавыя справы ёй усё яшчэ вельмі нязручна.

«Абодва сабакі вінаватыя»

А што гаспадар сабакі? Паводле слоў Ірыны, уладальнік сабакі, які яе пакусаў, не праяўляў ніякай ініцыятывы. Ёй прыйшлося самой тэлефанаваць яму ў дзень інцыдэнту: дактарам было крытычна важна ведаць, ці прышчэпленая жывёліна ад шаленства. У адваротным выпадку жанчыне прыйшлося б праходзіць балючы курс антырабічнай прафілактыкі — стандартную працэдуру, калі невядома, ці была ў сабакі прышчэпка.

«Мне прыслалі толькі фота ветпашпарта з пазначэннем прышчэпак, але ніхто нават не паспрабаваў папрасіць прабачэння».

Пазней Ірына вырашыла звязацца з Сяргеем ужо афіцыйна і 4 сакавіка накіравала яму ліст з прапановай аб кампенсацыі матэрыяльных выдаткаў на лячэнне і неабходных затрат на пратэзаванне, а таксама аб спагнанні матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды. На той момант яна назвала суму ў 5 тысяч рублёў.

«Я вельмі спадзявалася, што мы знойдзем кампраміс. Урэшце, мы абодва пенсіянеры і маглі б дамовіцца па-людску», — разважае гераіня.

Праз пяць дзён Сяргей паведаміў у месенджары, што адправіў адказ заказным лістом.

Законам не ўстаноўленыя дакладныя тэрміны падачы заявы ў міліцыю, але пры гэтым трэба ўлічваць вельмі важны нюанс: згодна з беларускім заканадаўствам, адміністрацыйнае спагнанне па артыкуле 16.30 КаАП («Парушэнне правіл утрымання хатніх жывёл») можа быць накладзена не пазней за два месяцы з дня яго здзяйснення альбо выяўлення. То-бок, калі гэты тэрмін прайшоў, чалавека не могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, а пачаты працэс павінен быць спынены. Менавіта таму праваабаронцы раяць не марудзіць з падачай заявы ў міліцыю.

Інцыдэнт у скверы Котаўка адбыўся 3 лютага. Не атрымаўшы адказу ў агавораны тэрмін і мяркуючы, што канструктыўнага дыялогу з Сяргеем не атрымаецца, 11 сакавіка Ірына напісала заяву ў міліцыю. Адказ ад гаспадара сабакі прыйшоў ёй у момант, калі сілавікі ўжо пачалі праверку па заяве.

Рашэнне суда

Журналісты спрабавалі звязацца з Сяргеем, каб выслухаць яго версію падзей, аднак на момант публікацыі атрымаць яго каментарый не ўдалося. Таму пакуль можна абапірацца толькі на факты, выкладзеныя ў дакументах, дадзеных рэдакцыі Ірынай.

30 сакавіка 2026 года суд разгледзеў інцыдэнт у скверы Котаўка. Гаспадар сабакі, які пакусаў жанчыну, быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні правапарушэння па частцы 2 артыкула 16.30 КаАП («Парушэнне правіл утрымання жывёл, што пацягнула прычыненне шкоды здароўю людзей або маёмасці»).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, грамадскія работы або адміністрацыйны арышт. У гэтым выпадку суд абмежаваўся штрафам па ніжняй мяжы, даўшы гаспадару сабакі 12 базавых велічынь — 540 рублёў.

На судзе Сяргей прызнаў віну і патлумачыў: 3 лютага каля адзінаццатай гадзіны раніцы ён сапраўды выгульваў свайго сабаку (ростам каля 25 сантыметраў у карку) без ланцужка і намордніка ў не прызначаным для выгулу месцы. Паводле слоў мужчыны, калі гадаванцы счапіліся, Ірына схапіла свайго сабаку, а ён у гэты момант спрабаваў адцягнуць свайго. Але сабака вырваўся і зноў кінуўся ў бок жанчыны. Самога моманту ўкусу гаспадар, як ён запэўнівае, не бачыў — толькі пачуў крык Ірыны: «Ён адкусіў мне палец!»

Сведка здарэння, якая выклікала хуткую, запомніла дэталі інакш. Паводле яе слоў, Сяргей пачаў карміць свайго сабаку, да яго падышоў сабака гераіні. Сабакі счапіліся. Гаспадары іх разагналі. Сяргей спрабаваў прышпіліць ланцужок, але сабака вырваўся і зноў напаў.

«Потым я пачула крык. Калі Ірына зняла пальчатку, я ўбачыла адкусаную фалангу пальца і выклікала хуткую дапамогу», — тлумачыла сведка ў судзе.

Сама ж Ірына на судовым пасяджэнні падкрэслівала: сабака Сяргея першым кінуўся на яе Айку. На думку гераіні, мужчына праігнараваў першы напад, «пасля чаго ягоны сабака другі раз кінуўся» і ўкусіў яе за руку.

Гаспадар сабакі, як пісалася вышэй, прызнаў віну ў адміністрацыйным правапарушэнні і быў аштрафаваны. Ірына адзначае, што судова-медыцынская экспертыза, якая павінна была ацаніць ступень цяжкасці пашкоджанняў, у матэрыялы справы да моманту вынясення рашэння ў суд не трапіла.

«Мы з дачкой спрабавалі высветліць, чаму так выйшла, хадзілі на прыём у РУУС. Калі я правільна зразумела, падціскалі тэрміны: па законе на прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці ёсць усяго два месяцы, і міліцыя спяшалася перадаць справу ў суд, — кажа гераіня. — Цяпер думаю: чаму я адразу не напісала заяву?»

Ірына прызнаецца: яе ўласная прыстойнасць і нежаданне «псаваць адносіны з чалавекам» сыгралі супраць яе.

«Я адважылася на агалоску толькі дзеля аднаго: каб іншыя не паўтаралі маіх памылак і ведалі, што ў такіх сітуацыях марудзіць нельга».

А што цяпер?

Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, Ірыну азнаёмілі з вынікамі той самай запозненай экспертызы. Заключэнне эксперта было падпісана 31 сакавіка — на наступны дзень пасля таго, як суд вынес пастанову.

Праўда, адказаў на галоўныя пытанні ў ім няма. Эксперт пазначыў, што яму не далі ўсе неабходныя медыцынскія дакументы, таму ўстанавіць поўны аб'ём траўмаў і ступень іх цяжкасці «не ўяўляецца магчымым». Для паўнавартаснай высновы патрабуецца пэўны пералік меддакументаў.

«Адзінае, што мне застаецца цяпер, — гэта падаць грамадзянскі пазоў і ў прыватным парадку даказваць, чаго мне каштаваў гэты лютаўскі дзень у скверы Котаўка», — кажа Ірына.

Калі на вас напаў сабака: алгарытм дзеянняў ад эксперта

«Анлайнер» папрасіў старшыню Асацыяцыі зоаабарончых арганізацый Аксану Давыдзенку расказаць пра тое, як з юрыдычнага пункту гледжання паводзіць сябе чалавеку, калі на яго напаў сабака. Ніжэй — пакрокавы чэк-ліст.

1. Неадкладна звярніцеся па дапамогу. Калі траўмы сур'ёзныя, выклікайце хуткую на месца. Адначасова тэлефануйце па нумары 102. Выклік нарада міліцыі адразу пасля інцыдэнту — найлепшы спосаб зафіксаваць факт нападу «па гарачых слядах».

2. Збярыце доказы. Калі траўма не патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі, пастарайцеся зафіксаваць сітуацыю на месцы здарэння, высветліць, хто бачыў падзею і можа ў далейшым выступіць сведкам, ці ёсць побач камеры вонкавага відэаназірання. Вазьміце тэлефоны ў сведак, самі зрабіце фота– і відэафіксацыю пашкоджанняў, жывёліны, навакольнага асяроддзя.

Важна! Вы можаце здымаць твары ўсіх удзельнікаў падзеі, уключаючы меркаванага ўладальніка жывёлы, аднак гэтую інфармацыю нельга перадаваць нікому, акрамя прадстаўнікоў сілавых структур, а таксама забаронена публікаваць у сацыяльных сетках да вынясення пастановы па справе судом.

3. Дайце поўную інфармацыю пра шаленства. Падчас аказання медыцынскай дапамогі дэталёва паведаміце медыцынскаму персаналу абставіны атрымання траўмы з мэтай прызначэння магчымай антырабічнай прафілактыкі.

Важна! Даведайцеся ва ўладальніка жывёліны, ці прышчэпленая яна ад шаленства і калі так, то калі і дзе была зроблена прышчэпка.

4. Збірайце чэкі і дакументы. Пры праходжанні лячэння збірайце доказы панесеных затрат (медыцынскія дакументы, чэкі), доктарскія прызначэнні. Пасля гэтыя дакументы павінны быць пададзеныя для разбору.

5. Не марудзьце з заявай. Калі не выклікалі міліцыю на месца, не чакаючы заканчэння лячэння, калі гэта магчыма, падайце пісьмовую заяву ў органы ўнутраных спраў па месцы вашага жыхарства.

Важна! У большасці выпадкаў тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў Беларусі — усяго два месяцы. Пасля заканчэння гэтага тэрміну пакараць уладальніка штрафам або арыштам будзе немагчыма.

Абскарджанне і грамадзянскі пазоў. Пасля атрымання выніковага рашэння органаў унутраных спраў або суда вы маеце права на яго абскарджанне. У пацярпелага таксама ёсць права на пакрыццё шкоды, прычыненай жыццю і здароўю, і кампенсацыю маральнай шкоды. Калі ўладальнік адмаўляецца плаціць добраахвотна, падайце грамадзянскі пазоў у суд.

Каментары2

  • Кнур
    24.04.2026
    [Рэд. выдалена]
  • sggsgsj
    24.04.2026
    > Вы можаце здымаць твары ўсіх удзельнікаў падзеі, уключаючы меркаванага ўладальніка жывёлы, аднак гэтую інфармацыю нельга перадаваць нікому, акрамя прадстаўнікоў сілавых структур, а таксама забаронена публікаваць у сацыяльных сетках да вынясення пастановы па справе судом.

    Ну і маразм... хаця, чаго яшчэ чакаць ад "законаў" на гэтай тэрыторыі.

Здранцвенне і страх. Беларусы ўдзельнічаюць у Венецыянскім біенале з ашаламляльным павільёнам ШМАТ ФОТА5

Здранцвенне і страх. Беларусы ўдзельнічаюць у Венецыянскім біенале з ашаламляльным павільёнам ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Банкамат не прыняў у мінчанкі 100‑рублёвыя купюры. Ва ўсіх банкнот аказалася адна асаблівасць4

Праз атаку дронаў зноў пажары ў расійскай Пермі4

У калоніі памёр асуджаны за хабар дырэктар Cкідзельскага цукровага камбіната14

У Брэсце ў Мухаўцы знайшлі цела патанулай 82‑гадовай жанчыны1

Пачобут: Кожную ноч мне сніцца турма, хоць там начных кашмараў у мяне не было4

42‑гадовую інжынерку з Калодзішчаў асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Масква заклікала ўлады замежных краін эвакуяваць дыпламатаў з Кіева8

У Беларусі дыстанцыйніка хацелі звольніць, бо ён тры гадзіны не быў на сувязі. Чым усё скончылася

Тэст для Кіра Стармера. У Брытаніі чакаюць мясцовых выбараў — і беспрэцэдэнтных вынікаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Здранцвенне і страх. Беларусы ўдзельнічаюць у Венецыянскім біенале з ашаламляльным павільёнам ШМАТ ФОТА5

Здранцвенне і страх. Беларусы ўдзельнічаюць у Венецыянскім біенале з ашаламляльным павільёнам ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць