Грамадства2828

Севярынец: Мы не павінны быць ружовымі поні і казаць, што мы будзем гладзіць па галаве тых самых кадэбістаў альбо спецназаўцаў, якія б’юць людзей

Што цяпер трэба рабіць у Курапатах? Як людзі ў няволі робяцца вернікамі? Як заахвоціць Марыю Калеснікаву гаварыць па-беларуску? Чаму мае плён пазітыўны погляд на людзей, а не сваркі? Радыё Свабода пагаварыла з палітыкам, былым палітвязнем Паўлам Севярынцам.

Павел Севярынец на святкаванні Дня Волі ў Вільні 25 сакавіка 2026 года

— Павел, ваш першы візіт пасля атрымання літоўскага пашпарта іншаземца — у Чэхію, дзе вельмі шчыльная праграма: ад хрысціянскага форуму да чарнобыльскай канферэнцыі. Раскажыце пра яго, калі ласка.

— Найперш было запрашэнне ад чэшскіх хрысціянскіх дэмакратаў на іх з’езд. У іх мянялася кіраўніцтва, мяняўся кірунак працы. Давялося там выступіць, атрымаць узнагароду ад старшыні чэшскіх хрысціянскіх дэмакратаў і пазнаёміцца з новым кіраўніком. Вельмі харызматычны чалавек, на яго многія ўскладаюць надзею і нават кажуць, што ён з’яўляецца адзінай альтэрнатывай сённяшняму папулісту Бабішу.

— Гэтымі днямі вы былі разам са Святланай Вранавай, чэшкай, якая дзякуючы вам вывучыла беларускую мову, якая пераклала, напэўна, усе вашыя творы, ездзіла ў Беларусь. Ці можаце патлумачыць, чаму яна так уцягнулася ў беларушчыну?

— Святлана — цудоўная чэшка і цяпер ужо цудоўная беларуска. Яна ведае беларускую мову лепш за многіх і многіх беларусаў. Яна — верніца пратэстанцкай царквы. Яна сведчыць сама, што да яе прамовіў Бог і сказаў: «Беларусь — гэта тваё». І вось чалавек узяўся вывучаць беларускую мову, узяўся ездзіць і знаёміцца з беларускімі хрысціянамі, беларускімі палітыкамі, перакладаць кнігі. Яна пераклала не толькі мае кнігі, але і кнігу Змітра Дашкевіча, і іншыя. Яна вядзе вялікую працу дзеля дапамогі беларускім палітвязням. Мы з ёю былі з бел-чырвона-белым сцягам у пратэстанцкай царкве, дзе пражскія хрысціяне маліліся за Беларусь. Гэта было да слёз. Шмат чэшскіх каталіцкіх і пратэстанцкіх СМІ, СМІ агульнапалітычнага кірунку ведаюць Святлану, яна для іх такі народны амбасадар Беларусі.

— Ці прыходзілі ад Святланы Вранавай вам лісты за краты?

— Прыходзілі на Валадарку лісты не толькі ад яе, але яшчэ ад тых вернікаў, якіх яна абуджала маліцца і выступаць за Беларусь. А потым нам забаранілі ўсякія лісты ад несваякоў, і, на жаль, тады ліставанне спынілася.

«Мая формула — гэта Ісус Хрыстос, які размаўляе па-беларуску»

— Павел, мінула больш за чатыры месяцы пасля вашага вызвалення і вымушанага высялення з радзімы. Як цяпер вы бачыце сітуацыю ў Беларусі, што ў гэты момант можна і варта рабіць?

— Вельмі дзякую тым, хто дапамагаў нас вызваляць — адміністрацыі прэзідэнта Трампа, вельмі ўдзячны Літве, якая нас прыняла, Польшчы, якая прыняла таксама шмат каго з беларускіх палітвязняў, іншым краінам. Беларусы, беларуская салідарнасць плюс гэтыя краіны стварылі ўсе ўмовы для таго, каб можна было сапраўды вызначацца, якой справай хочаш заняцца. Для мяне не стаіць пытанне — натуралізавацца або асімілявацца ў Еўропе. Для мяне пытанне адно: мы павінны вызваліць Беларусь, дзеля гэтага збіраць усе сілы. І таму цяпер якраз працуем разам з Волечкай над тым, каб такую працу наладзіць. Тут і відэа, тут і беларускія кнігі, і асвета, і адукацыя, і партыйная праца, Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Бяромся за тое, што было недароблена, бо мы павінны рыхтавацца да змагання і да перамогі.

— Былы палітвязень Уладзімір Мацкевіч, калі я з ім гутарыла праз месяц пасля яго вызвалення, сказаў, што нацыянальная ідэя — гэта вяртацца ў Беларусь. Паводле вас, якая цяпер нацыянальная ідэя?

— Нацыянальная ідэя ў беларусаў была і ёсць адна. Мая формула — гэта Ісус Хрыстос, які размаўляе па-беларуску. Гэта значыць беларуская форма, беларуская мова і беларуская культура для найвышэйшай маралі. Народ, які зараз на геапалітычным скрыжаванні, які зараз перад пагрозай ядзернай вайны, які ў самым фокусе, у самым цэнтры пагроз і чаканняў, павінен быць на вялізнай маральнай вышыні. Мы павінны разумець, што мы адказныя перад мінулымі, а асабліва перад будучымі пакаленнямі, за тое, якую Беларусь мы зможам адваяваць і пабудаваць. Для нас цяпер вырашальны час. Многія, можа быць, не разумеюць, але дынаміка каласальная. Як мяняецца свет нават з пачатку гэтага года: Венесуэла, Куба, Іран, ідуць гаворкі пра сусветную вайну, пра перадзел свету. І беларусы павінны не знікнуць. Беларусы павінны выканаць сваё пакліканне і сваю місію. Удзел у гэтым я лічу зараз галоўнай задачай для кожнага беларуса, які любіць Беларусь.

«Збоку нават часам выглядае, што Каардынацыйная рада больш раз’ядноўвае, чым яднае, а яе пакліканне — менавіта яднаць беларусаў»

— Вы вельмі актыўна ўключыліся ў грамадска-палітычнае жыццё, узначалілі аргкамітэт святкавання Дня Волі. Неўзабаве адбудуцца выбары ў Каардынацыйную раду. А чаму вы не ідзяце на выбары ў Каардынацыйную раду?

— Прапановы былі наконт Каардынацыйнай рады, і я разумею, што гэта пакуль, напэўна, адзіная пляцоўка, дзе беларусы могуць галасаваць. Гэта плюс для Каардынацыйнай рады. З іншага боку, вельмі шмат скандалаў, вельмі шмат размоў пра тое, што плён працы там — фактычна высвятленне адносін. Збоку нават часам выглядае, што Каардынацыйная рада больш раз’ядноўвае, чым яднае, а яе пакліканне — менавіта яднаць беларусаў. Таму я тут узяў паўзу. Гэта добрая рэч — паглядзець. Я думаю, што нікуды ад нас палітычныя працэсы не падзенуцца. Сам не ўдзельнічаю, але сімпатызую некаторым людзям, якія вылучаюцца, і думаю, што гатовы буду сказаць бліжэй да саміх выбараў у Каардынацыйную раду пра свае сімпатыі да гэтых людзей.

— Падазраю, што былі прапановы не толькі балатавацца ў Каардынацыйную раду, але далучыцца да структур дэмакратычных сіл, да офіса Святланы Ціханоўскай, да Аб’яднанага пераходнага кабінета. Былі такія прапановы?

— Прапановы былі. І я вельмі паважаю працу тых людзей, якія прапаноўвалі супрацу, якія прапаноўвалі далучацца. Дарэчы, не толькі Офіс, не толькі Кабінет, але і іншыя палітычныя сілы. Але сваё пакліканне як хрысціянскі дэмакрат я разглядаю ў тым, каб даць пэўную сярэдзіну, пэўны цэмент для яднання беларусаў. Гэта зараз выключна важна. Або мы будзем адзіныя, або нас не будзе. І таму мы, хрысціянскія дэмакраты, пакліканыя несці тое, што па-англійску называецца gluing, склейванне, цэментаванне. А дзеля гэтага трэба быць не на нейкім адным баку і не належаць да нейкай пэўнай фармацыі, пазіцыі ці апазіцыі, а старацца пачуць усіх і старацца працаваць дзеля ўсіх. Тое, што я стараўся зрабіць падчас арганізацыі Дня Волі: размаўляў з усімі, з рознымі было па-рознаму, але я чуў, слухаў, я бачыў, як шмат здольных і таленавітых людзей. Вельмі моцна шкадаваў і шкадую, што шмат гэтай энергіі траціцца на высвятленне міжасабовых адносін, і мару, каб беларусы змаглі дамовіцца. Вырашальны час набліжаецца, я ў гэта веру, і нам трэба рыхтавацца да яго.

«Знутры Беларусі людзі вельмі хочуць бачыць згоду сярод тых, хто змагаецца за Беларусь»

— Я чытаю рэгулярна вас у сацыяльных сетках, вы пра розных людзей пішаце. Ваша пазіцыя цяпер — бачыць толькі пазітыўнае ў людзях, у з’явах, падкрэсліваць пазітыўнае, пакінуць убаку, у мінулым нешта негатыўнае. Які плён мае гэты падыход, асабліва цяпер, калі, як вы кажаце, дастаткова шмат розных спрэчак — дробных, не дробных, з розных нагод?

— Пазітыўны падыход — гэта практычна адзінае, што зараз нам, беларусам, застаецца. Мы павінны бачыць добрае адзін у адным. «Беларус беларусу беларус» азначае не проста тое, што мы кажам добрыя словы, а тое, што мы стараемся аддаць сябе, стараемся загладзіць або не заўважаць памылкі, якіх у нас саміх хапае. Мы ўсе людзі грэшныя, мы ўсе памыляемся. І не трэба рабіць выключэнне — што хтосьці там беспамылковы або святы. Але тады, калі мы вызнаем найвялікшай каштоўнасцю асобу, чалавека, беларуса, нашу любімую Беларусь, мы павінны разумець, што тут адзін пра аднаго — толькі добрае. І гэта вельмі запатрабаваная пазіцыя. Знутры Беларусі людзі вельмі хочуць бачыць згоду сярод тых, хто змагаецца за Беларусь. Гэта галоўнае патрабаванне. Не тое, хто там больш гучна крыкне ці больш крута выглядае, а пытанне, наколькі вы сябры разам, наколькі вы можаце выйсці шчыльнымі радамі.

— Я ведаю, што вы прыйшлі да Бога, калі першы раз трапілі за краты. Паводле вашых назіранняў, як шмат людзей у няволі становяцца вернікамі, знаходзяць апірышча ў гэтым? Які патэнцыял у гэтага?

— Я думаю, што людзі, якія мяняюцца самі, мяняюцца да лепшага знутры, яны пэўным чынам свецяць, пэўным чынам даюць узор і іншым. І ўзор гэты не толькі ў тым, што яны робяцца хрысціянамі, належаць да якой-небудзь канфесіі і пачынаюць, напрыклад, казаць рэчы, сугучныя з хрысціянскай дэмакратыяй або з беларускай гісторыяй. Тут пытанне яшчэ і ў тым, што гэта паказвае: выпрабаванні, турмы, усё тое зло, якое творыцца зараз у Беларусі, яно робіць людзей лепшымі. Бог абарочвае зло на дабро. Тое, што адбываецца зараз з беларусамі, — гэта не нагода для расчаравання, каб пасыпаць галаву попелам і казаць: «О, родная Беларусь, ты зноў пакутуеш». Не трэба ныць, не трэба адчайвацца, не трэба расчароўвацца. Трэба разумець, што гэта падмацоўванне, трэнінг перад вырашальным рыўком, трэба разумець, што мы, беларусы, як нацыя, атрымліваем гарт. І тыя людзі, якія выходзяць і кажуць пра Бога, пра змаганне, пра свабоду, гатовыя працаваць і змагацца далей, такія, як Эдуард Пальчыс, або Мікола Дзядок, або Мікіта Залатароў, яны ў маім разуменні — будучыня беларускай палітыкі, тыя, хто павядуць Беларусь далей.

Пра выжыванне за кратамі

— Я шмат чытала мемуараў былых вязняў сталінскіх лагераў. І Ларыса Геніюш, і Надзея Раманаўна Дземідовіч — яны згадваюць, што ў сталінскім ГУЛАГу карнікі з вернікамі нічога не маглі зрабіць. Наколькі вера — гэта спосаб выжывання за кратамі, наколькі гэта дазваляе абараніць сябе ў зняволенні?

— У маім выпадку часта гэта было проста ратаванне. Магу сказаць, што калі б я не верыў, калі б я не маліўся, не чытаў Біблію, то вельмі можа быць, што і зламаўся б, вельмі можа быць, што і наклаў бы на сябе рукі, бо там адбываліся страшныя рэчы. Там ёсць рэчы, якія часта чалавечымі сіламі не адолець. Вядома, ёсць і страх, там бывае і паніка, там усякі чалавек — няма жалезных людзей — сутыкаецца з такой сітуацыяй, у якой выяўляецца, будзе ён ці не. І тут я мог абапірацца толькі на Бога. Тут я мог наследаваць Хрысту, які маўчаў перад сваімі суддзямі. Я чытаў Салжаніцына. Я зразумеў, што і ў яго, і ў ягоных палітычных паплечнікаў у ГУЛАГу быў таксама такі стандарт паводзін: мы можам маўчаць, мы можам проста стаяць годна, проста вытрымліваць — і гэта працуе. Таму вера моцна трымае. Яна яшчэ больш трымае ў вольным свеце, калі шмат сумненняў, шмат спакус і шмат такіх ваганняў ці хістанняў. Бог вядзе і трымае.

«Курапаты — нацыянальны некропаль. Першым дарадцам у гэтай справе, вядома, будзе Зянон Пазняк»

— Дваццаць пяць гадоў таму, у верасні 2001 года ў Курапатах, я была сведкай, як вы спынілі будаўнічыя работы пашырэння кальцавой дарогі на Курапаты. Тады паўстала Вахта памяці на восем месяцаў, і пашырэнне гэтай дарогі ішло ўжо пад кантролем грамадскасці. Вялікая частка вашага жыцця звязаная з Курапатамі, з рознымі этапамі змагання за Курапаты, месца згубы ахвяр сталінскіх рэпрэсій, дзе паводле розных падлікаў ад сарака да двухсот тысяч чалавек былі расстраляныя. Некалькі гадоў ішло змаганне супраць рэстарана «Поедем поедим» ля Курапат. Цяпер мы мала ведаем, што адбываецца ў Курапатах. Часам прыходзяць звесткі пра чарговыя акты вандалізму. Мы не ведаем, ці там бываюць талакі, ці ўпарадкоўваецца гэтае месца, ці замяняюць крыжы, якія маглі проста састарэць. А што гэтае месца для вас азначае і што могуць зрабіць людзі, якія цяпер у Беларусі, для Курапат?

— Курапаты былі і застаюцца адным з найважнейшых месцаў у беларускай гісторыі. Як нацыянальны некропаль — там столькі нявінных людзей забіта. Гэта ў нацыянальным маштабе месца, куды пакаленні павінны прыходзіць: хтосьці каяцца, хтосьці вучыць гісторыю. І вось сярод гэтых бароў, на гэтых узгорках, вельмі часта ўзнікаюць хвалі нацыянальнага адраджэння, як гэта было, напрыклад, калі паўставаў Беларускі Народны Фронт, або калі аднаўляўся беларускі рух у пачатку двухтысячных. Таму і сёння кожны чалавек можа бесперашкодна прыехаць туды, пастаяць каля гэтых магіл, паглядзець на гэтыя веснавыя кветкі, якія прабіваюцца з-пад зямлі, паправіць крыж. Зразумела, што не ўсе могуць пра гэта расказваць у сацыяльных сетках, але тут гаворка пра нас саміх, пра нашыя сэрцы. І, я думаю, гэтая варта памяці ў Курапатах, вольная, можа быць, неарганізаваная, асабістая, павінна працягвацца.

— Калі будзе вяртанне ў Беларусь, што зробіце ў Курапатах?

— Курапаты — гэта нацыянальны некропаль. Першым дарадцам у гэтай справе, вядома, будзе Зянон Пазняк, які Курапаты адкрыў калісьці. Я памятаю, мы лічылі, што там павінен быць музей. Магчыма, там можа быць проста капліца ці малітоўныя месцы для ўсіх канфесій. Там можа быць і павінна быць нейкая адпаведная экспазіцыя, каб можна было не толькі беларусам, але і людзям з усяго свету туды прыязджаць. Але ў кожным разе гэта будзе адно з самых важных і знакавых месцаў Беларусі на дзяржаўным, на ўрадавым узроўні. Безумоўна, у праграме візіту для кожнага высокага замежнага госця, які будзе прыязджаць у новую Беларусь, Курапаты павінны быць нумарам адзін.

— Хацела згадаць дыскусію ў сацсетках, якую распачаў былы палітвязень Аляксандр Фядута, адрэагаваўшы на рэпліку нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага пра тое, што па-руску трэба выдавацца ў Расіі. Дыскусія вакол гэтай тэмы вывела на іншую праблему — хто купляе кнігі па-беларуску ў эміграцыі. Высветлілася, што калі не будзе прададзены пераклад на беларускую «Восені патрыярха» Маркеса, кнігі знішчаць адпаведна ўмовам выдання перакладу. Рэч у тым, што калі людзі ў выгнанні не маюць уласных кватэр, часта пераязджаюць, то яны проста не могуць купляць кнігі. Якое вашае бачанне аптымальнай працы беларускіх выдавецтваў за мяжой?

— У першую чаргу скажу, што я з задавальненнем чытаў бы Аляксандра Фядуту па-беларуску. Нам трэба разумець, і тут я падтрымліваю Алеся Бяляцкага, што калі беларус не будзе размаўляць з беларусам па-беларуску, ніякай Беларусі ў нас не будзе. Гэта тым больш трэба разумець разумным і адукаваным людзям, якія цудоўна валодаюць беларускай мовай. Таму, беларусы, размаўляйце па-беларуску — гэта адзін са шляхоў да перамогі.

— Адносна кніг: ёсць праблема, якую вы згадалі, і няшмат грошай у беларусаў у эміграцыі, і няма дзе папяровыя кнігі захоўваць — гэта ўсё ёсць. Але я перакананы, што далёка не да ўсіх беларусаў, якія зараз за мяжой, мы дайшлі.

Я паспрабую гэта рабіць у рамках прэзентацыі сваіх кніг. У сярэдзіне траўня чакаю выхаду кнігі «Беларусь — гэта святое» — гэта турэмныя малюнкі, выслоўі і вершы. Следам за ёй выйдуць яшчэ некалькі кніг, якія я напісаў у зняволенні. Паспрабую пракатаць такую схему, каб у кожнай краіне, дзе жывуць беларусы, прайшоў шэраг прэзентацый, каб дасягнуць тых людзей, якія не цікавіліся, не хадзілі на палітычныя, ці грамадска-палітычныя, ці нават культурніцкія беларускія імпрэзы. Пастараемся праз сацыяльныя сеткі, асабістыя сувязі, праз цэрквы дабрацца да гэтых людзей. Патэнцыял Беларусі і беларусаў, якія зараз ёсць за мяжой, — сотні тысяч людзей — далёка не ахоплены. І я думаю, што пытанне з распаўсюдам беларускіх кніг будзе паціху-патроху вырашацца, калі мы будзем бачыць, наколькі шмат беларусаў.

У адной Вільні дзясяткі тысяч беларусаў. Гэта дальнабойнікі, гэта айцішнікі, якія жывуць сваім жыццём. Яны расчараваныя ў выніку бясконцых сварак ці спрэчак, расчараваныя адсутнасцю перамог, але ніхто не адмяняў мяккую культурніцкую стваральную працу, ніхто не адмяняў кранання сэрцаў — ад сэрца да сэрца — беларускай мовай. І ўключыць гэта, паспрабаваць гэта зрабіць — тое, што мы зараз абдумваем з нашай камандай.

— Дзеля справядлівасці скажу, што Аляксандр Фядута вельмі добра гаворыць па-беларуску.

— Так, абсалютна. Таму ніякіх пытанняў. Мой заклік да яго: спадар Аляксандр, будзем чытаць па-беларуску, пішыце.

«Маша Калеснікава будзе і размаўляць па-беларуску з беларусамі, і як мага больш даваць інтэрв’ю беларускім СМІ»

— Павал, перад запісам інтэрв’ю вы згадвалі, як ва Украіне разам з Уладзем Лабковічам каля паўгадзіны размаўлялі з Марынай Калеснікавай па-беларуску. Раскажыце пра гэта.

— Маша цудоўна размаўляе па-беларуску яшчэ з тых часоў, як мы пачыналі ў «Маладым Фронце». Яна была адной з зорак у той час. І яна гэтага не забыла. Не забываецца тое, што перажываецца ў юнацтве, — светлае, такое проста за ідэю, за Беларусь. Я думаю, што гэта адна з прычын, якія штурхнулі Машу ў 2020 годзе прыняць такі бліскучы ўдзел у той палітыцы, у той кампаніі. І я веру, што ніякія выпрабаванні, ніякія, можа быць, крыўды ці перажыванні ў турме ці пасля турмы не змогуць знішчыць Беларусь у сэрцы. Вельмі спадзяюся, што Маша Калеснікава будзе і размаўляць па-беларуску з беларусамі, і як мага больш даваць інтэрв’ю беларускім сродкам масавай інфармацыі, вернецца ў беларускую палітыку менавіта ў рэчышчы беларускіх інтарэсаў, бо той патэнцыял, які яна выявіла ў дваццатым годзе, не павінен прапасці. Мы не можам раскідвацца такімі людзьмі, як Сяргей Ціханоўскі ці Маша Калеснікава — ні ў якім разе. Мы павінны залучаць іх у агульныя, самыя шчыльныя шэрагі.

— Марыя добра гаворыць па-англійску і па-нямецку, гаворыць па-беларуску. Як падштурхнуць яе ў публічнай прасторы гаварыць па-беларуску, як вы мяркуеце?

— Я думаю, што тут патрэбная асабістая праца. Думаю, што тут таксама патрэбна добразычлівае стаўленне. Думаю, што тым, хто абвінавачвае зараз Машу, варта ўзяць трошкі іншы тон. І, ведаючы, што мы павінны кожнага чалавека, а асабліва такіх каштоўных людзей, прыцягваць да Беларусі і да беларускасці, проста казаць: «Маша, мы ўсе можам памыляцца ці мы ўсе можам чагосьці не разумець. Рана ці позна мы ўсе прыходзім да Беларусі і беларускасці. Рана ці позна мы разумеем, што гэта як матуля. Проста часам у юнацтве ці, можа, у сталым веку мы гэтага не заўважаем ці гэтым грэбуем, але чым далей, тым больш мы разумеем, што без гэтага ніяк». І вось любоўю, не тлумачэннем, чаму ты не так сказала ці не так выказалася, а якраз проста любоўю і адкрытасцю трэба прыцягваць. Калі і трэба выяўляць любоў, то якраз да тых людзей, якія могуць дапамагчы Беларусі вырвацца.

«Прапановай, якая набрала найбольш галасоў, быў «Постскрыптум ад Паўла Севярынца»

— Быў рэкордна хуткі збор на стварэнне вашага YouTube-канала, на грамадска-палітычную працу фактычна. Што цяпер адбываецца? Калі пачне працаваць YouTube-канал? Я бачыла, што вы звярталіся да аўдыторыі ў сацыяльных сетках з пытаннем, якія прадукты яны хацелі б бачыць на гэтым YouTube-канале. Раскажыце, калі ласка: як гэта рухаецца ўсё, калі чакаць першых стрымаў?

— Фактычна мы гатовыя ўжо цяпер. Але пакуль ідуць выбары ў Каардынацыйную раду, мы вырашылі, што гэта можа згубіцца, бо вельмі шмат палітычнага інфармацыйнага шуму. Таму адразу пасля заканчэння выбараў у Каардынацыйную раду, у канцы траўня, хутчэй за ўсё, мы запусцім YouTube-канал. Большасць людзей хацела б там бачыць і філасофскія эсэ, і палітычную аналітыку, і нейкія турэмныя ўспаміны. Усяго патроху — гэта больш за палову галасоў цяпер. Але ёсць людзі, якія гавораць: «Не, толькі гэта, ён павінен быць спецыялізаваны, гэты канал». Паглядзім, як пойдзе. Я лічу, што пакуль у Беларусі не перакрылі YouTube, маем магчымасць працаваць на Беларусь, на беларусаў. Будзем спрабаваць казаць ім пра тое, што мы перажываем тут, што мы можам зрабіць для беларусаў цяпер, падбадзёрваць. Мы можам рабіць тое, чаго не могуць рабіць людзі ў Беларусі. І мы абавязаныя гэта зрабіць.

— А якая будзе каманда? Я так разумею, Волечка будзе аператарам?

— У нас ёсць цэлая каманда маладафронтаўцаў. Я не буду зараз апублічваць прозвішчы, яны вядомыя. Мы разумеем, што Беларусі зараз патрэбная праца сэрца, такая праца, якая яднае, якая дзейнічае любоўю, якая дае веру, надзею, натхненне. Гэтага вельмі не хапае Беларусі і беларусам. У веруючых людзей гэта ёсць. І я думаю, што мы пастараемся дзяліцца і працаваць разам у бліжэйшыя месяцы.

— Як будзе называцца YouTube-канал?

— Прапановай, якая набрала найбольш галасоў, быў «Постскрыптум ад Паўла Севярынца», P. S. скарочана. Канчатковы выгляд канала будзе зразумелы ўжо ў канцы месяца.

«Францішку больш падабаецца хадзіць у беларускую гімназію ў Вільні, чым у школу ў Беларусі»

— Ваша жонка Вольга ў Беларусі шмат гадоў вяла даволі паспяховы хрысціянскі бізнэс. А чым яна займаецца цяпер, як яна бачыць сваю будучыню? Я маю на ўвазе не толькі ў сям’і, але і працу.

— Волечцы нялёгка даўся гэты пераезд. Можна сабе ўявіць: там бацькі, сям’я, сябры. Там зноў жа і крамка, зноў жа і машына. То бок там тыя рэчы, без якіх яна цяпер. Яна проста выехала з сынам у белы свет фактычна з адной валізкай. Гэта сапраўды вельмі цяжка. І першыя некалькі тыдняў гэта вельмі адчувалася. Францішак, дык той вельмі лёгка перанёс. Ён кажа: «О, тата, усё, мы дома, усё цудоўна». Яму больш падабаецца хадзіць у беларускую гімназію ў Вільні, чым у школу ў Беларусі. Хутчэй за ўсё, мы будзем працаваць дзеля людзей, якія хочуць выдаваць, людзей, якія хочуць чытаць па-беларуску, пісаць па-беларуску. І Волечка, вядома, як заўсёды, гэта найпершы сябар, памочнік нумар адзін у камандзе.

— Раскажаце трошкі больш пра кнігі?

«Беларусь — гэта святое» ўжо падрыхтаваная да друку. Я спадзяюся, што прыеду з прэзентацыямі і ў Беласток, і ў Варшаву, і ў іншыя гарады, куды запрашалі, і ва Украіну таксама. Вельмі спадзяюся, што выйдзе і кніга-казка, якую я напісаў для Францішка. Ёсць ужо аўдыяварыянт, робім малюнкі. Ёсць кніга пра пяцьсот беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак. Эсэ пра кожнае паселішча, каб нам асэнсаваць, што гэта такое. Гэта цікава будзе ў першую чаргу тым, хто там нарадзіўся, тым, чыё жыццё звязанае з кожным з гэтых гарадоў ці вёсак. Беларускі каляндар — пра трыста шэсцьдзесят шэсць дзён таксама эсэ. Кніга пра беларускія камяні. Як геолаг я, пакуль сядзеў, згадваў, пісаў таксама эсэ пра беларускія камяні, у тым ліку і каштоўныя камяні, яны ў Беларусі ёсць. Кніга турэмных нататак будзе пра тое, што там адбывалася. Часткі я ўжо зараз паціху публікую на Facebook. Ну і кніга пра беларуска-хрысціянскае трыадзінства — гэта Беларусь як стык трох канфесій, сусветны стык, адказ на пытанне, для чаго існуе Беларусь. Гэтая больш філасофская кніга таксама гатовая. Яе трэба толькі падрыхтаваць да друку і выдаць.

— Вельмі практычнае пытанне. Не дазваляюць жа з турмы рукапісы выносіць, так?

— Не дазваляюць. І ў мяне забралі абсалютна ўсё на выхадзе. Але я пісаў маці, Волечцы і Францішку ў лістах. Некаторыя рэчы даводзілася пісаць пад выглядам фэнтэзі для Францішка. Напрыклад, трэці «Беларусалім», які яшчэ дапрацоўваю, завяршэнне рамана-трылогіі, давялося пісаць пад выглядам якраз фэнтэзі: эльфы, гномы, памяняць назвы герояў. Праз год апераддзел гэта прачуў, і такія лісты мне забаранілі. Але, з іншага боку, пісаць пра гарады, пісаць пра дні календара — што тут такога? Гэта ўсё засталося ў Волечкі і ў маці. Мы гэта адзнялі, зрабілі лічбавы варыянт. Цяпер у нас ёсць Gemini, штучны інтэлект, ён вельмі добра счытвае рукапісы. Я пішу друкаванымі літарамі, таму ён вельмі добра счытвае гэты тэкст — і практычна гатовы набор. Таму ў мяне зараз практычна на руках гэтыя сем кніг. Вершы нельга было адсылаць. Калі я сядзеў у штрафным ізалятары або ў памяшканні камернага тыпу, там забаранялі адсылаць наогул. Там, вядома, даводзілася спадзявацца на памяць. Больш за дваццаць вершаў, якія зараз выйдуць у кнізе, мне даводзілася кожны аўторак паўтараць. У мяне аўторак быў: я барабаніў больш чым дваццаць вершаў на памяць, каб не забыцца на іх. Выйшаў — аднавіў.

— Вы сказалі, што Францішак значна больш ахвотна ходзіць у віленскую беларускамоўную гімназію, чым у школу ў Беларусі. Раскажыце пра гэта. З кім ён пасябраваў ужо? Як адбываецца яго інтэграцыя ў новае жыццё?

— У Вільні шмат зорак, я не буду называць прозвішчы, каб нікога не забыцца, не пакрыўдзіць. Там зорныя класы. Заходзіш у гімназію, праводзіш сына ў школу і пачынаеш сустракацца: «Вітанне, прывітанне, ой, класна». Там проста беларуская эліта, разумееце? І адпаведна дзеці, якія размаўляюць па-беларуску, якія цудоўна разумеюць, што такое Беларусь. Так шмат дзяцей, якія паміж сабой размаўляюць па-руску, але той факт, што бацькі аддалі іх у беларускую гімназію, каб яны вучылі беларускую мову, таксама шмат пра што сведчыць. І класныя настаўнікі. Ад сэрца я скажу, што Францішак проста закахаўся ў настаўніцу, якая ў яго класе. Проста любата глядзець. Дзіця хоча ў школу. Са мной такога ніколі не было ў Савецкім Саюзе.

— У працяг размовы пра пазітыўны падыход, пра тое, каб бачыць толькі добрае, падкрэсліваць добрае. Ёсць рэчы, пра якія трэба жорстка казаць. Я маю на ўвазе тое, што цяпер у Беларусі. Як пазітыўны падыход спалучаецца з тым, каб называць рэчы сваімі імёнамі? Ці час для гэтага?

— Безумоўна, для гэтага час. І тое, што ёсць варожым для Беларусі, тое, што разбурае Беларусь, яно павінна называцца як належыць. Мы не павінны быць ружовымі поні і казаць, што мы будзем гладзіць па галаве тых самых кадэбістаў альбо спецназаўцаў, якія б’юць людзей, катуюць іх. Ні ў якім разе. Я асабіста магу ім прабачыць, але цудоўна разумею, што абсалютная большасць беларусаў будзе патрабаваць справядлівасці і гэта абсалютна дарэчна. Нам трэба разумець, што нашы ворагі — гэта не тыя, хто сярод беларусаў і ў Беларусі мысліць па-іншаму, а тыя, хто робіць у Беларусі адкрытае зло. І супраць вось гэтых ворагаў трэба накіроўваць сваю энергію, трэба разумець, што ні Пуцін, ні Лукашэнка, ні ягоная каманда ніколі, нягледзячы ні на якія дыялогі, нягледзячы ні на якія перамовы, проста не будуць будаваць Беларусь, яны будуць яе разбураць.

Можна згадаць, якія складаныя былі адносіны, якія сваркі былі ў свой час паміж братамі Луцкевічамі і Ластоўскім. Каго гэта зараз цікавіць, каго гэта зараз кранае? Гэта абсалютна непатрэбным аказалася. Яны побач стаяць ва ўсіх падручніках, яны проста волаты беларускасці. І навошта тады траціць сілы на тое, каб абвінавачваць адзін аднаго ў тым, што там вы няправільна зрабілі, там вы не так сказалі. Усе беларусы павінны аб’яднацца дзеля таго, каб даваць адпор ворагам. Ворагі ёсць, іх шмат.

— Павал, вы маеце магчымасць звярнуцца да нашай аўдыторыі цяпер. Магчыма, вам патрэбная падтрымка, дапамога, магчыма, вы хочаце іх заклікаць нешта зрабіць?

— Дарагія беларусы, вялікая падзяка вам за тое, што падтрымлівалі і маліліся, за падтрымку і маёй сям’і, і сем’яў усіх палітычных зняволеных. Вялікая падзяка тым, хто працягвае змагацца, і вялікая павага тым, хто застаецца ў Беларусі незламаным. Зараз не час адчайвацца, не час расслабляцца, зараз той час, калі куецца будучыня Беларусі. Мы атрымалі такі гіганцкі гарт пасля 2020 года дзеля таго, каб зрабіць вырашальны рывок. Ён набліжаецца. Свет мяняецца вельмі імкліва. І калі мы будзем мець веру, калі мы будзем мець любоў, калі мы будзем захоўваць надзею, — верым, можам, пераможам.

Каментары28

  • Indrid Cold
    04.05.2026
    Тых хто проста сядзеў і не высоўваўся - пагразім пальчыкам і адпусцілі на свабоду.
    Тых хто старана катаваў беларусаў - пасадзім як за цяжкае злачынства.
    Зорак сярод кдбістаў - чакае справядлівы трыбунал, як нашчадкаў фашыстаў і камуністаў, і пасля прысуду - пажыццёвае з канфіскацыяй маёмасці за здраду дзяржаве і народу ў інтэрэсах Сям'і і Расеі.
  • политзек
    04.05.2026
    "парламентская республика" точно такая же вредная химера. ничего, кроме вечного выяснения отношений там быть не может.
    для перехода к ней надо минимум лет 50 парламенских традиций и культуры искать компромиссы.
    никогда и нигде это не работало сразу после диктатур. и работать НЕ БУДЕТ. нравится это кому-то, или нет.
    но это не означает, что не надо к этому идти.. но путь очень долгий.. не годы.
  • пра народ краіны сотняў ленінаў
    04.05.2026
    Indrid Cold, не было трыбуналу на фашыстамі. Над нацыстамі так. І тое іх не да канца асудзілі. Але вось з камунімам зусім праблема, наколькі Польшчы, Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія асудзілі, прынамсі часткова, дык беларусы далей маральна не асудзілі камунізм і савецкую таталітарную сістэму. Нават за мяжой.

Цяпер чытаюць

На «гульні Мацкевіча» не было Ціханоўскай, Латушкі, Ціханоўскага. Бабарыка і Калеснікава ад’язджалі, але вярнуліся1

На «гульні Мацкевіча» не было Ціханоўскай, Латушкі, Ціханоўскага. Бабарыка і Калеснікава ад’язджалі, але вярнуліся

Усе навіны →
Усе навіны

У Ханты-Мансійскай акрузе ўпершыню абвясцілі рэжым ракетнай небяспекі. Гэта амаль за 2000 км ад Украіны3

ЗША сцвярджаюць, што знішчылі некалькі іранскіх катараў. Фуджэйру атакавалі дроны2

Марока збіраюцца злучыць з Іспаніяй і Партугаліяй двума падводнымі тунэлямі3

«Не для простых смяротных». Беларусы шакаваныя цаной вады ў рэстаране13

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Робертам Фіцам6

Украіна абвясціла рэжым цішыні з 0:00 6 мая4

Што кажуць у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры пра сваю загінулую работніцу5

У цэнтры Ляйпцыга машына на хуткасці ўляцела ў натоўп пешаходаў1

Трамп прыгразіў уладам Ірана знішчэннем, калі Тэгеран атакуе амерыканскія караблі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На «гульні Мацкевіча» не было Ціханоўскай, Латушкі, Ціханоўскага. Бабарыка і Калеснікава ад’язджалі, але вярнуліся1

На «гульні Мацкевіча» не было Ціханоўскай, Латушкі, Ціханоўскага. Бабарыка і Калеснікава ад’язджалі, але вярнуліся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць