Пазняк расказаў, як яго не пусцілі ў Вярхоўны Савет у 1995-м. Кажа, Мацкевіч там увогуле ніякім чынам
«Камісія спадара Жука выкрыла падлог з боку Смаргонскай акруговай выбарчай камісіі, якая свядома не ўлічыла 500 галасоў выбаршчыкаў вайсковай часці».

Зянон Пазняк пракаментаваў артыкул «Нашай Нівы» «Тры версіі аднаго правалу: як на парламенцкіх выбарах у 1995‑м сутыкнуліся Пазняк і Мацкевіч». Там абмяркоўваецца версія пройгрышу Зянона Пазняка на парламенцкіх выбарах у 1995‑м. Згодна з ёю, калі б не ўмяшанне Уладзіміра Мацкевіча, які адцягнуў галасы, Пазняк мог бы перамагчы.
Палітык называе такую версію лухтой.
«У рэальнасці ў 1995 годзе ніхто ні з кім ні «сталківался». Невядомы Мацкевіч разам з шасцю прэтэндэнтамі вельмі слабенька ішоў на выбарах у адной акрузе з Пазнякам. Пазняк перамог у 1‑м туры і быў на першым месцы, а спадар Мацкевіч на чацвёртым. Але выбары тады не адбыліся, бо яўка выбаршчыкаў была ніжэй 50%», — расказвае Пазняк. — Таму «хитрой эгоистичной стратегиі» невядомага тады Мацкевіча (нават калі б яна існавала) ніхто не заўважыў. Дый сам ён тут быў ні пры чым».
Як згадвае Пазняк, выбары ў Вярхоўны Савет тады, у траўні 1995 года, не адбыліся ў большай палове выбарчых акругоў Беларусі (выбралі толькі ў 39% дэпутатаў).
Паўторныя выбары прызначылі ў лістападзе.
«Я балатаваўся па Смаргонскай акрузе і набраў большасць галасоў. Але тады аказалася, што і тут выбары «не адбыліся», бо зноў «не хапіла» галасавальшчыкаў.
Толькі на гэты раз мая каманда выкрыла фальсіфікацыю і напісала ў ЦВК. ЦВК выслала камісію для праверкі, якую ўзначаліў намеснік старшыні ЦВК Алесь Жук (вядомы пісьменнік). Камісія сп. Жука выкрыла падлог з боку Смаргонскай акруговай выбарчай камісіі, якая сведама не ўлічыла 500 галасоў выбаршчыкаў вайсковай часці».
Пазняк піша, што гэтага якраз хапіла б для яўкі і для прызнання яго перамогі.
«Далей фарс працягваўся ўжо ў ЦВК. Старшыня ЦВК вядомы юрыст Абрамовіч (пазней ён падрабіў Канстытуцыю пад Лукашэнку) не стаў прымаць неабходнага рашэння і адмовіўся звяртацца ў Пракуратуру, пераклаў гэта на мяне. Я звярнуўся і, зразумела, не атрымаў нават адказу (сістэма працавала)», — расказвае палітык.
Паводле яго слоў, тады ад БНФ таксама перамаглі тры вядомыя фронтаўцы: Юры Беленькі, Вялянцін Голубеў і Генадзь Грушавы.
«І тады рэжым пайшоў на адчайны крок: спадароў Беленькага і Голубева проста тупа выкінулі са спісаў выбраных. Пакінулі аднаго Грушавога. Такі ўжо настаў час», — піша Пазняк.
Ён мяркуе, што калі б яны ўчатырох засталіся ў парламенце, «лукашыстам не ўдалося б угробіць імпічмент у 1996 годзе, а маскоўскі адчайны дэсант па ўратаванні Лукашэнкі на чале з Чарнамырдзіным паляцеў бы назад у Маскву «не солоно хлебавшы».
«Мы ведалі, як і што трэба рабіць. І зрабілі б. Фронт яшчэ быў у сіле. Людзі нас слухалі б, а не Шарэцкага і ўсіх тых перапалоханых», — сцвярджае ён.
«Фатальная ўзнікла карціна, трэба сказаць. Ну, а спадар Мацкевіч тут увогуле ніякім чынам. Яго пасля 1‑га тура ў траўні, дзе ён заняў 4‑е месца, тады нават у інфармацыі не існавала», — піша Пазняк.
Каментары