Грамадства1111

Кемлівы беларус, які 23 гады пражыў у Чэхіі нелегальна, успомніў пра сваю палітычную актыўнасць, калі яго спыніла паліцыя

Суду ён даводзіў, што па тэлефоне ўгаворваў бацькоў галасаваць за Ціханоўскую, а значыць, яму пагражае палітычны пераслед на радзіме.

Ліберэц, Чэхія. Фота: wikimedia.org

Краявы суд ва Усці-над-Лабам (філіял у Ліберцы) адмовіў грамадзяніну Беларусі ў міжнароднай абароне, палічыўшы, што той «перабольшвае значнасць сваёй асобы» для беларускіх уладаў, а сапраўдны матыў заявы — легалізаваць знаходжанне ў Чэхіі. Рашэнне было вынесена 18 ліпеня 2025 года, і ўступіла ў сілу. Імя заяўніка ў апублікаваным тэксце не ўказваецца.

Мужчына прыехаў аўтобусам з Мінска ў Прагу ўвесну 2001 года і з таго часу Чэхію не пакідаў. Больш за два дзесяцігоддзі ён жыў у краіне нелегальна.

Упершыню па прытулак беларус звяртаўся яшчэ ў 2003‑м — тады яму адмовілі. Новую заяву ён падаў толькі ў чэрвені 2024 года — пасля таго, як яго спыніла паліцыя і загадала выехаць з краіны. У лістападзе 2024‑га ён ажаніўся з грамадзянкай Чэхіі, узяў яе прозвішча, а праз два тыдні падаў дакументы на дазвол на жыхарства як член сям'і чэшскага грамадзяніна.

Каб даказаць, што на радзіме яму пагражае пераслед, заяўнік прадставіў наступную палітычную біяграфію.

У 2017—2018 гадах ён сачыў за блогам Сяргея Ціханоўскага. Тэлефанаваў бацькам у Беларусь і ўгаворваў іх галасаваць за апазіцыю — спачатку за Ціханоўскага, потым за Святлану Ціханоўскую. Падчас размоў «абгаворваў» Лукашэнку, а пасля пачатку вай­ны ва Украіне пераконваў родных, што НАТА лепшае за Беларусь, і тлумачыў ім уплыў прапаганды. Сцвярджаў таксама, што пераконваў «некалькіх людзей», што Лукашэнка — забойца і злачынца, і «падтрымліваў апазіцыйныя блогі», павышаючы ім колькасць праглядаў.

Пагрозу ён звязваў з тым, што ўсе замежныя званкі праслухоўваюцца: маўляў, падчас размоў чуў «пстрыканне і рэха», а бацькі сказалі, што пра палітыку па тэлефоне больш гаварыць не могуць. Адсюль ён рабіў выснову, што па вяртанні яго затрымаюць і сілай выб'юць прызнанне, а сам факт заявы пра прытулак у Беларусі прыраўняюць да паклёпу на дзяржаву або дзяржздрады.

У дадатковым апытанні мужчына прызнаў, што ў апошнія гады палітычна актыўны не быў і ў дэманстрацыях — у тым ліку ў пратэстах 2020 года — не ўдзельнічаў: не хацеў рызыкаваць, не меў ні грошай, ні дакументаў.

Дзве старыя крымінальныя справы заяўнік таксама паспрабаваў падаць як палітычны пераслед. Адна — умоўны прысуд 1992 года за дапамогу ў крадзяжы. Другая — справа пра ДТЗ (ён даверыў кіраванне чалавеку без правоў), якую спынілі ў 2011 годзе за даўнасцю.

Суд пагадзіўся з МУС, якое адмовіла заяўніку ў студзені 2025 года. У рашэнні прызнаецца, што Беларусь застаецца рэпрэсіўнай дзяржавай у дачыненні да рэальных апанентаў рэжыму, аднак сам заяўнік да гэтай катэгорыі не належыць.

Праслухоўванне яго размоў суд палічыў малаверагодным: для беларускіх органаў гэта «максімум грамадзянін, які дзесяцігоддзямі знаходзіцца за мяжой і пра якога вядома няшмат», а магчымасці спецслужбаў весці нагляд не бязмежныя.

Версію пра тое, што паліцыя нібыта шукала яго ў доме бацькоў, суд назваў надуманай: шукаць чалавека, якога дваццаць гадоў няма ў краіне, не было прычыны — тым больш калі б улады сапраўды праслухоўвалі яго званкі і ведалі, што ён тэлефануе з-за мяжы.

Сапраўдная мэта заявы, заключыў суд, — легалізаваць знаходжанне ў Чэхіі, дзе ў мужчыны цяпер ёсць жонка; для гэтага існуе закон аб знаходжанні замежнікаў, а не інстытут палітычнага прытулку. Заяву адхілілі як неабгрунтаваную.

Каментары11

  • .
    03.06.2026
    Парадокс у тым, што пры ўсёй яго нячэснасці ён усё роўна ў групе рызыкі. Пры магчымым вяртанні пасля паўзы ў 20 год можа быць апытаны на мяжы, а калі нешта знойдуць у тэлефоне, то і затрыманы.
    А зараз тым больш, пасля таго, як ён публічна прадэклараваў пра Лукашэнку (хоць і з мэтай легалізацыі) і калі яго прозвішча стане вядомым.
  • Алкаш
    03.06.2026
    Я ему донатить не буду, даже и не начинайте. На родину, к его хитрозачесаным согражданам, не надо отрываться от коллектива.
  • Імя
    03.06.2026
    ., нет никакого парадокса, внимательно текст надо читать. Убежище ему не положено, никто его не ищет в Беларуси. Он мог бы претендовать на внж на основании воссоединения с семьей. Ему так и ответил суд - убежища не будет, есть шанс на воссоединение. Но дядя наделал кучу глупостей, много лет жил без разрешения на проживание, врал ведомству про якобы преследования.
    Может вылететь с запретом на въезд в ЕС лет на пять

Цяпер чытаюць

Як асабістая доктарка Лукашэнкі вучыць беларусаў цаніць радзіму, а сама скупляе люкс і адпачывае на Блакітным Беразе ШМАТ ФОТА46

Як асабістая доктарка Лукашэнкі вучыць беларусаў цаніць радзіму, а сама скупляе люкс і адпачывае на Блакітным Беразе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве знайшлі мёртвым расійскага апазіцыянера

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?8

Хмарачос «Газпрам Цэнтр» у Мінску амаль дарос да свайго найвышэйшага пункта ФОТЫ2

Рыжанкоў паляцеў адпачываць у КНДР9

«Крамнае ніколі не заменіць сваё». Жыхарка Мінскага раёна трымае на сваім падворку цэлую сотню птушак

Пад Мсціславам, магчыма, ужо пачалі рыхтаваць пляцоўку пад радыеактыўны могільнік6

Мінздароўя памяняла пералік хвароб, пры якіх забаронена кіраваць аўтамабілем

Узламалі закінуты праваабарончы сайт «Палеская вясна»1

Еўрапейская разведка: эканоміка Пуціна вытрымае яшчэ год вайны3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як асабістая доктарка Лукашэнкі вучыць беларусаў цаніць радзіму, а сама скупляе люкс і адпачывае на Блакітным Беразе ШМАТ ФОТА46

Як асабістая доктарка Лукашэнкі вучыць беларусаў цаніць радзіму, а сама скупляе люкс і адпачывае на Блакітным Беразе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць