Беларускага байца ММА ў Польшчы асудзілі на чатыры гады за збіванне
Інцыдэнт адбыўся яшчэ 21 ліпеня 2024 года.

Акруговы суд польскага горада Каліш прысудзіў беларуса, які займаўся адзінаборствамі і ўдзельнічаў у турнірах ММА, да чатырох гадоў пазбаўлення волі за жорсткае збіванне мужчыны, паведамляе Most са спасылкай на рэгіянальны рэсурс Jarocinska.pl.
Інцыдэнт адбыўся яшчэ 21 ліпеня 2024 года. Каля аднаго з пабаў горада Яроціна Вялікапольскага ваяводства беларус пачаў наносіць пацярпеламу ўдары рукамі ў галаву. У далейшым судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што такія траўмы маглі несці пагрозу жыццю.
Устанавіць беларуса ўдалося па запісах з камер відэаназірання і паказаннях сведак. Падчас допыту беларус адмаўляў віну і выклаў сваю версію падзей. Пракуратура, якая вяла справу, не ўдакладняла, у чым яна заключалася, але адзначала, што словы мужчыны ў сваю абарону супярэчылі запісам камер і іншым фактам, устаноўленым следствам.
Мужчыну было выстаўлена абвінавачанне ў нанясенні цяжкай шкоды здароўю. 11 чэрвеня суд прызнаў беларуса вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання будзе залічаны перыяд папярэдняга ўтрымання пад вартай. Таксама беларус абавязаны выплаціць пацярпеламу 50 тыс. злотых [12 тысяч еўра].
Абвінаваўчы прысуд не ўступіў у законную сілу, і цяпер у дачыненні да мужчыны не прымяняецца мера стрымання ў выглядзе часовага арышту. Яна была адменена пастановай суда ад 16 верасня 2025 года.
Каментары