Новы гігант Галівуда: Мінюст ЗША ўхваліў зліццё Warner Bros. і Paramount коштам 110 мільярдаў
Ухваленае адміністрацыяй Трампа мегазліццё Paramount і Warner Bros. выклікала хвалю пратэстаў у Галівудзе. Кааліцыя штатаў на чале з Каліфорніяй рыхтуе судовы пазоў, каб заблакаваць здзелку.

Міністэрства юстыцыі ЗША (DOJ) афіцыйна закончыла васьмімесячную антыманапольную праверку і ўхваліла здзелку, у выніку якой, як мы пісалі раней, Paramount у жорсткай барацьбе перамог Netflix. Як паведамляе агенцтва Reuters, ведамства не запатрабавала ні продажу актываў, ні іншых абмежаванняў, прыйшоўшы да высновы, што зліццё не пашкодзіць канкурэнцыі.
Аргументы рэгулятара і сувязі з Трампам
Паводле афіцыйнай заявы Міністэрства юстыцыі, «шырокія вынікі расследавання сведчаць, што ўплыў транзакцый будзе заключацца ў павышэнні канкурэнцыі ва ўсёй экасістэме медыя і забаў, што прынясе карысць амерыканскім спажыўцам і работнікам». Рэгулятар адхіліў параўнанні са зліццём Disney і Twenty-First Century Fox у 2019 годзе, зазначыўшы, што з таго часу Disney толькі істотна павялічыў выдаткі на кантэнт. Галоўным аргументам Paramount, які, відавочна, і пераканаў ведамства, быў тэзіс, што аб'яднаная кампанія зможа больш эфектыўна канкурыраваць з глабальнымі платформамі, паведамляе партал IXBT.com.
Рашэнне DOJ было даволі чаканым у кантэксце палітычнага клімату: адміністрацыя Дональда Трампа рэдка блакавала буйныя здзелкі. Пры гэтым генеральны дырэктар Paramount Дэвід Элісан з'яўляецца сынам сузаснавальніка карпарацыі Oracle Ларры Элісана, які падтрымлівае шчыльныя сувязі з прэзідэнтам, а сама кампанія актыўна наймала на працу былых урадавых чыноўнікаў.
Пратэсты Галівуду і пагроза з боку штатаў
Аднак федэральнае ўхваленне — гэта яшчэ не фінал гісторыі. Здзелка сустракае жорсткі супраціў у самой кінаіндустрыі. Яшчэ вясной больш за тысячу чалавек — акцёры, рэжысёры, сцэнарысты і прадзюсары — выступілі з адкрытым лістом супраць зліцця студый, асцерагаючыся масавых скарачэнняў, росту вытворчых выдаткаў і збяднення разнастайнасці сюжэтаў на экранах.
Іх пазіцыю падзяляюць генеральныя пракуроры шэрагу штатаў, сярод якіх Каліфорнія і Нью-Ёрк, якія рыхтуюць супольны пазоў з патрабаваннем заблакаваць здзелку. Як піша Reuters, генеральны пракурор Каліфорніі Роб Бонта ўжо пацвердзіў у сацсетках, што яго офіс працягвае актыўнае расследаванне, і рашэнне Вашынгтона не з'яўляецца для іх кропкай у справе. Апаненты зліцця на месцах намераныя даказваць у судах, што стварэнне такога мегагіганта абмяжуе канкурэнцыю за творчыя кадры і звузіць выбар для аўдыторыі.
Арабскія грошы і фінансавы ціск
Дадатковай інтрыгі дадае пытанне замежнага фінансавання. Дэмакратычныя сенатары выказалі сур'ёзную занепакоенасць тым, што суверэнныя фонды Саудаўскай Аравіі, Катара і Абу-Дабі, а таксама, магчыма, кітайская карпарацыя Tencent могуць атрымаць долі ў кампаніі, якая будзе кантраляваць агульнанацыянальныя навінавыя рэсурсы, такія як CBS і CNN. У адказ на гэта прадстаўнікі Paramount заявілі, што сям'я Элісанаў захавае за сабой кантроль над акцыямі з правам голасу, а замежныя інвестары атрымаюць выключна неўладарныя акцыі без магчымасці ўплываць на рэдакцыйную палітыку.
Пакуль ідуць юрыдычныя спрэчкі, час гуляе супраць Paramount. Калі зліццё не будзе канчаткова закончана да кастрычніка, кампанія сутыкнецца з штодзённым штрафам сумай каля 6,9 мільёна даляраў на карысць акцыянераў Warner Bros. Гэтая гісторыя ператвараецца не проста ў найбуйнейшую кансалідацыю медыяактываў, а ў сапраўдны тэст для амерыканскай сістэмы рэгулявання, дзе федэральны цэнтр сутыкнуўся з супрацівам магутных штатаў.
-
Пуцін павіншаваў Трампа з 80‑годдзем і заявіў, што чакае Зяленскага ў Маскве. Крэмль сцвярджае, што прэзідэнт ЗША паабяцаў уздзейнічаць на Кіеў
-
Трамп спяшаецца падпісаць мір з Іранам да свайго 80-годдзя, але Тэгеран не збіраецца рабіць такога падарунка
-
Партыі сябра Лукашэнкі не хапіла каля 160 галасоў з усёй Арменіі, каб трапіць у парламент
Каментары
Чтобы была конкуренция надо чтобы были конкуренты. Слияния и поглощения к этому не ведут.