Беларус з Канады некалькі гадоў судзіўся з жонкай за дзяцей. Жонка хацела, каб выплачваў грошы і на яе ўтрыманне
Пасля пераезду ў Канаду беларуская сям'я распалася — гэта нярэдкае наступства эміграцыі. Некалькі гадоў былыя муж і жонка судзіліся за дзяцей і аліменты.

Беларусы ў 2017 годзе пераехалі ў Канаду разам з двума дзецьмі — сынам 2011 года нараджэння і дачкой, народжанай у 2015-м. Праз два гады, пасля 12 гадоў шлюбу, сям'я распалася.
Пасля расстання дзеці спачатку праводзілі з кожным з бацькоў прыкладна аднолькава часу. Але з лістапада 2020 года бацька пачаў надоўга выязджаць за мяжу.
Таму ў ліпені 2021 года былая жонка падала ў канадскі суд на развод. Яна таксама прасіла вызначыць месца жыхарства дзяцей, парадак сустрэч з бацькам, памер аліментаў, утрыманне для сябе і падзел сямейнай маёмасці.
Мужчына настойваў, што развод ужо адбыўся ў Беларусі ў 2019 годзе, а таму канадскі суд не павінен зноў разглядаць гэтай справы. Але суд адмовіўся прызнаць беларускі развод.
Новая сям'я і жыццё на некалькі краін
Улетку 2022 года суд часова пакінуў дзяцей з маці. Мужчыну абавязалі плаціць 1383 канадскія даляры аліментаў штомесяц (гэта каля тысячы долараў ЗША).
Тым часам у маі 2022 года ў Канаду пераехала новая партнёрка мужчыны разам са сваімі трыма дзецьмі.
Беларус усё менш бываў у Канадзе. Паводле матэрыялаў справы, у розны час ён жыў у Каліфорніі і Коста-Рыцы. Магчыма, таксама наведваў Беларусь і іншыя краіны Усходняй Еўропы.
Канфлікт з дзецьмі
На пачатку 2024 года паміж былымі сужэнцамі ўзнік новы канфлікт.
Маці павезла дзяцей на адпачынак на Кубу. У аэрапорце на Кубе яны нечакана сустрэлі бацьку. Ён таксама прыляцеў на востраў і пасяліўся ў тым жа курортным комплексе. Паводле жанчыны, былы муж пагражаў звярнуцца ў кубінскую паліцыю, сцвярджаючы, што былая жонка перашкаджае яму бачыцца з дзецьмі. Сам мужчына пазней у судзе гэта адмаўляў.
Калі ў ліпені 2024 года ён вярнуўся ў Канаду, адносіны з дзецьмі яшчэ пагоршалі. Сын ужо не хацеў бавіць з ім час. Дачка таксама не хацела ісці з бацькам, калі той прыходзіў забіраць яе з прадлёнкі.
У кастрычніку канфлікт дайшоў да таго, што дзяўчынка схавалася ад бацькі пад сталом у кабінеце дырэктара школы. Давялося выклікаць паліцыю. Пасля гэтага паліцэйскі параіў маці забіраць дачку са школы раней, каб пазбягаць новых сустрэч.
Беларус тлумачыў паводзіны дзяцей тым, што маці нібыта свядома настройвае іх супраць яго. Але сын казаў, што яго засмуцілі паводзіны бацькі падчас адпачынку на Кубе і тое, што той загадзя не паведаміў дзецям пра новыя адносіны і новую сям'ю. Аднаўляць кантакт з бацькам ён не хацеў.
Вердыкт суда
Асноўнае разбіральніцтва прайшло ў студзені 2025 года.
Суд вырашыў, што дзеці і надалей павінны пераважна жыць з маці. Бацька можа сустракацца з імі столькі, колькі маці палічыць разумным, але толькі пасля неабходнай колькасці сумесных кансультацый з дзецьмі ў спецыяліста па аднаўленні адносін паміж бацькамі і дзецьмі. Права самастойна прымаць асноўныя рашэнні пра адукацыю, медыцынскую дапамогу і іншыя важныя пытанні пакінулі за маці.
Пасля гэтага суду заставалася вырашыць фінансавыя пытанні — аліменты, падзел маёмасці і магчымыя выплаты былой жонцы.
Асноўная спрэчка разгарнулася вакол даходаў мужчыны. У розных дакументах ён паказваў зусім розныя сумы. Пры гэтым суд атрымаў звесткі пра значныя сродкі на яго асабістых рахунках у канадскіх, амерыканскіх і польскіх банках. Мужчына сцвярджаў, што частка гэтых грошай належала кліентам або выкарыстоўвалася ў бізнэсе, але дакументальна гэтага не пацвердзіў.
Суд таксама ўлічыў шматлікія працяглыя паездкі беларуса ў ЗША, Коста-Рыку і краіны Еўропы і прыйшоў да высновы, што афіцыйна задэклараваныя даходы не адлюстроўваюць яго рэальных фінансавых магчымасцяў. У выніку суддзя вызначыў яго гадавы даход у памеры 125 тысяч канадскіх даляраў (гэта каля $89 тысяч).
На студзень 2025 года запазычанасць беларуса па аліментах складала 33 649 канадскіх даляраў. Суд таксама павялічыў памер штомесячных выплат на дзяцей да 1709 канадскіх даляраў (каля $1200) і пастанавіў, што бацька павінен пакрываць 64% дадатковых выдаткаў на дзяцей.
Спрэчка пра маёмасць аказалася нязначнай. Былая жонка не стала прэтэндаваць на мінскую кватэру, а мужчына не змог дамагчыся кампенсацыі за выплаты па аўтамабілі. У выніку суд пакінуў кожнаму тое, чым ён фактычна валодаў.
Былая жонка таксама прасіла прызначыць выплаты на яе ўласнае ўтрыманне. Суд адзначыў, што пасля дванаццаці гадоў шлюбу яна ў прынцыпе мела на гэта права, але палічыў, што жанчына ўжо аднавіла фінансавую самастойнасць, і асобных выплат не прызначыў.
Маці таксама дазволілі без згоды былога мужа выязджаць з дзецьмі за мяжу, абавязаўшы толькі загадзя паведамляць яму маршрут і даты паездкі.
Цяпер чытаюць
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары