Амаль дзве тысячы гадоў таму распісныя скляпенні банкетнай залы пампейскай вілы абрынуліся пад невыносным цяжарам вулканічнага попелу і камянёў. Італьянскія рэстаўратары здолелі па кавалках сабраць іх у адзіную кампазіцыю, свядома пакідаючы прагалы для фрагментаў, што яшчэ чакаюць свайго часу ў зямлі.

Як піша выданне The New York Times, навукоўцы прэзентавалі адноўленую фрэску з так званага Дома з пякарняй (Casa con Panificio), размешчанага ў дзявятым раёне Пампей. Калісьці гэты манументальны жывапіс аздабляў столь банкетнай залы на верхнім паверсе багатай вілы, якая, імаверна, належала мясцоваму магістрату Аўлу Русцію Веру. У 79 годзе нашай эры вывяржэнне Везувія ператварае раскошныя інтэр'еры ў друз, перамяшаны з попелам.
Столі рымскіх дамоў звычайна рабіліся ў выглядзе фальшывых скляпенняў: драўляны каркас абшывалі трыснягом і пакрывалі тынкоўкай, на якую ўжо наносілі малюнак. Арганічная аснова ўразлівая да гніення і пажараў, таму захаваныя антычныя столі — гэта выключная археалагічная рэдкасць. Сёння вядома толькі каля двух дзясяткаў падобных аб'ектаў.


На сабраным з тысячы кавалкаў палатне разгортваецца сцэна іерагаміі — свяшчэннага шлюбу Дыяніса і Арыядны. Бог вінаробства спачывае на калясніцы, запрэжанай двума кентаўрамі-музыкантамі, пакуль крыцкая прынцэса грае на арфе пад акампанемент Эрота. Антычныя майстры шчодра аздобілі цэнтральнае пано расліннымі гірляндамі, фігурамі крылатых геніяў і рытуальнымі пасудзінамі, стварыўшы ідэальнае атачэнне для бясконцых застолляў.


Галоўны выклік для рэстаўратараў заключаўся не ў колькасці дэталяў, а ў геаметрычных асаблівасцях скляпенняў. Сабраць плоскую мазаіку здольны любы даследчык з добрай маторыкай і запасам цярпення, але скляпенне Дома з пякарняй мела складаную выгнутую форму. Каб вярнуць фрэсцы арыгінальную аб'ёмнасць, італьянскія інжынеры адмовіліся ад стандартных плоскіх шчытоў.


Паралельна з ачысткай і сартаваннем аскепкаў яны распрацоўвалі інавацыйную модульную раму. Гэтая канструкцыя змяняла свае абрысы літаральна ў працэсе працы: толькі паступовая стыкоўка арыгінальных фрагментаў дазваляла дакладна вылічыць радыус выгібу старажытнай столі. Кожны новы кавалак тынкоўкі дыктаваў сучасным тэхнікам форму падтрымліваючага каркаса. У выніку была створана ўнікальная матрыца, якая паўтарае гістарычную форму.

Сёння спецыялістам удалося аднавіць толькі каля чвэрці першапачатковай кампазіцыі. Мноства ідэнтыфікаваных фрагментаў усё яшчэ ляжаць у лабараторных скрынях, а сотні іншых чакаюць свайго адкрыцця ў нераскапаных пакоях вілы. Модульная сістэма мацавання мае яшчэ адну стратэгічную функцыю — яна адкрытая для будучых дапаўненняў.


Рэстаўратары не імкнуліся імітаваць завершанасць. Новая рама дазваляе ў любы момант дадаваць свежазнойдзеныя кавалкі ў агульную мазаіку без дэмантажу папярэдніх. Працэс аднаўлення будзе доўжыцца гадамі, ідучы следам за ходам раскопак.
Адрэстаўраваная частка фрэскі ўжо выстаўленая для агляду ў Вялікай палестры Пампей.
Цяпер чытаюць
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары