Беларуска, уласніца рэстарана ў Батумі, апынулася ў цэнтры скандалу з сабакамі
Гараджане абвінавачваюць Алесю Зусько, уладальніцу рэстарана Sea View Club, у агрэсіі да бяздомных сабак і магчымай датычнасці да атручвання сабакі па мянушцы Янот. Сама беларуска ўсё адмаўляе, а людзі збіраюцца на акцыю пратэсту.

Смерць Янота і відэа, пасля якога ўмяшалася паліцыя
Выбух абурэння пачаўся з гісторыі пра сабаку па мянушцы Янот, які жыў у раёне Новага бульвара ў Батумі і быў знаёмы мясцовым валанцёрам.
Зоаабаронцы лічаць, што 13 жніўня Янот памёр ад атручвання. У сацсетках з’явілася версія, што да яго смерці магла быць датычная ўладальніца рэстарана Sea View Club, беларуска Алеся Зусько. У некаторых допісах гаварылася, нібыта яна раней пагражала атруціць бадзяжных сабак і нібыта расказвала супрацоўнікам, што раскладзеная ёю атрута «нарэшце спрацавала».

Па грузінскіх і рускамоўных пабліках пачало распаўсюджвацца відэа, на якім жанчына падыходзіць да нічыйнага сабакі, замахваецца і кідае ў яго бок прадмет, падобны да каменя. Аўтары публікацый сцвярджаюць, што на запісе — Алеся Зусько.
У сацыяльных сетках з’яўляюцца і іншыя відэа канфліктаў з сабакамі, якія таксама звязваюць з уладальніцай Sea View.
Гісторыя ўжо стала прадметам крымінальнага расследавання: у Грузіі завялі справу за жорсткае абыходжанне з жывёламі або іншыя формы гвалту.
У размове з грузінскім выданнем Batumelebi Зусько пацвердзіла, што на відэа сапраўды яна, аднак заявіла, што запіс змантаваны і не паказвае ўсёй перадгісторыі. Паводле яе версіі, відэа знялі каля чатырох гадоў таму. Зусько сцвярджае, што ў той дзень прыйшла да рэстарацыі з шасцімесячным дзіцём на руках, а каля ўвахода сабраліся 15—17 сабак, якія з брэхам рушылі ў яе бок. Яна нібыта спачатку аднесла заплаканае дзіця, а затым пачала праганяць жывёл. Камень, паводле Зусько, яна ўзяла толькі для таго, каб напалохаць сабаку, і не трапіла ў яго.
Sea View: Янота збіў электрамабіль
Пасля выбуху скандалу Sea View апублікаваў афіцыйны адказ. Рэстарацыя заявіла, што батумскія паблікі распаўсюдзілі «адкрытую хлусню», не дачакаўшы ніводнай экспертызы.
«На сёння няма ніводнага афіцыйнага дакумента — заключэння ветэрынара, экспертызы, відэа ці пастановы дзяржаўных органаў, — які пацвярджаў бы гэтыя абвінавачанні».
Паводле версіі Sea View, смерць Янота была «трагічным няшчасным выпадкам з удзелам электрамабіля». Рэстарацыя сцвярджае, што ёсць яшчэ адзін пацярпелы — чалавек, а вось ніякага атручвання не было.
«Sea View і ўладальніца ўстановы не маюць дачынення ні да электрамабіляў, ні да адлову, ні да атруты. Мы pet-friendly рэстаран і кормім гэты горад чатыры гады», — гаворыцца ў заяве.
Пры гэтым кампанія заяўляе, што гатовая да любой праверкі і можа даць доступ да камер назірання, кухні і складоў. Кіраўніцтва збірае матэрыялы для звароту ў праваахоўныя органы і абароны дзелавой рэпутацыі.
Паводле рэстарана, праз масавыя скаргі яе інстаграм быў заблакаваны, супрацоўнікі і ўладальніца пачалі атрымліваць пагрозы, а бізнэс цярпіць страты.
І сапраўды, карыстальнікі на розных платформах масава ставяць рэстарану мінімальныя ацэнкі, пакідаюць гнеўныя каментары і заклікаюць іншых не наведваць установу. Значная частка новых водгукаў тычыцца абвінавачанняў у жорсткім абыходжанні з жывёламі.
У допісе, які тэлеграм-канал «Батумчык» падае як пазіцыю ўладальніцы Sea View, сцвярджаецца, што цяперашняя хваля абвінавачанняў заснаваная на аповедзе жанчыны, з якой у рэстарана некалькі гадоў таму быў канфлікт. Паводле версіі Зусько, гэтая жанчына карміла сабак непасрэдна каля ўвахода ў рэстаран. Уладальніца сцвярджае, што супрацоўнікі прасілі перанесці месца кармлення, таму што сабакі ляжалі каля ўвахода, залазілі на канапы і нібыта кусалі гасцей, калі тыя выпадкова на іх наступалі. Прэтэнзіі пасля гэтага, паводле яе слоў, прад’яўлялі адміністрацыі.
«Пры гэтым ніводзін сабака ніколі не быў намі пакрыўджаны ці тым больш крануты», — напісала яна.
Яна таксама паведаміла пра намер звярнуцца ў паліцыю праз распаўсюд, як яна лічыць, ілжывай інфармацыі, паклёп і абразы.
«Наша Ніва» звярнулася па каментар да рэстарана, але там пакуль не адказалі на наш запыт.

«За барнай стойкай ляжалі шокеры і вадзяныя пісталеты»
Мы паразмаўлялі з былым супрацоўнікам Sea View. Паводле яго слоў, кіраўніцтва праганяла бадзяжных сабак. Пры гэтым да хатніх жывёл наведнікаў ставіліся спакойна.
— Калі людзі прыходзілі са сваімі гадаванцамі, праблем не было. Але з бадзяжнымі сабакамі змагаліся, бо, маўляў, не ўсім гасцям падабалася, што яны там ходзяць, — распавядае суразмоўца.
Паводле яго слоў, за барнай стойкай пастаянна захоўваліся прыстасаванні для адпужвання жывёл:
— Там заўсёды ляжалі шокеры, вадзяныя пісталеты і іншыя прыстасаванні.
Ад абароны жывёл — да патрабаванняў расправы
Канфлікт вакол сабак існаваў задоўга да смерці Янота. Яшчэ ў водгуках наведнікаў за 2023 год сустракаліся скаргі, што жанчына, якую аўтары называлі ўладальніцай Sea View, праганяла сабак і аблівала іх вадой. Вада, паводле аўтаркі водгуку, трапіла і на наведнікаў, якія сядзелі побач.
У ліпені 2025 года ў тэлеграм-канал «Батумчык» звярнулася ананімная падпісчыца. Яна сцвярджала, што гаспадыня Sea View «нацкоўвае нейкіх грузінаў» на сабак каля суседняга Bike to Me:
«Ходзяць, спецыяльна правакуюць іх ультрагукам, стаяць, крычаць, каб сабак забілі, прыбралі».
Пазней у водгуках пачалі гучаць ужо сцвярджэнні пра пагрозы атручвання і выкарыстанне пацучынай атруты.
Абмеркаванне гісторыі хутка выйшла за межы пытання пра абыходжанне з сабакамі. У грузінскіх каментарах пачалі патрабаваць закрыць або нават разграміць рэстаран, дэпартаваць Зусько і яе мужа, забараніць ім уезд у краіну.
30 жніўня а 18‑й гадзіне абаронцы жывёл плануюць сабрацца каля Sea View. Арганізатары называюць мерапрыемства акцыяй у абарону сабак і паведамляюць, што на яе запрошаныя журналісты.
Хто такая Алеся Зусько
Алеся Зусько — 42‑гадовая беларуска, якая ўжо некалькі гадоў развівае рэстаранны і забаўляльны бізнэс у Батумі.

Яе бізнэс-гісторыя пачалася задоўга да пераезду ў Грузію, яшчэ ў Мінску.
Прынамсі з 2017 года Алеся Бяржаніна (Зусько) была звязаная з мінскім Private House — барам на Зыбіцкай. На сваёй старонцы Зусько рэгулярна рэкламавала Private House, здымалася для яго ў смелых вобразах і падавала клуб як частку ўласнага ладу жыцця — з начнымі вечарынкамі і дэманстратыўнай раскошай.

Private House адкрыўся ў 2013 годзе, калі Зыбіцкая яшчэ не ператварылася ў галоўную тусовачную вуліцу Мінска. Першапачаткова ён працаваў як клуб прыватных кіназалаў, а калі наведнікаў стала зашмат, адну кіназалу разбурылі і зрабілі замест яе другі бар. Потым з’явілася тэраса, а акцэнт перамясціўся з кінапраглядаў на начныя вечарыны.
Юрыдычна Private House быў звязаны з прыватным гандлёвым унітарным прадпрыемствам «МамаМія», зарэгістраваным у кастрычніку 2012 года па тым жа адрасе — Зыбіцкая, 9.
Апошнія публікацыі мінскага Private House датуюцца кастрычнікам 2024 года. Да таго моманту кампанія «МамаМія» ўжо мела праблемы. У красавіку 2024‑га было прынята рашэнне аб яе ліквідацыі, пазней пачалася працэдура банкруцтва. 28 мая 2026 года кампанію канчаткова выключылі з беларускага дзяржаўнага рэестра.

Каментары