Грамадства11

Больш за двое сутак у дарозе. Беларуска расказала, як з'ездзіла ў аўтобусны тур у Грузію

Смачная ежа, чыстае мора і таксі ў два разы таннейшае, чым у нас. Мінчанка Аляксандра Калантай у ліпені паехала на аўтобусе ў Грузію і расказала журналісту выдання Myfin.by пра выдаткі і ўражанні.

Дарога, пражыванне і сняданкі — 465 $

У шумны Батумі беларуска ехаць прынцыпова не хацела і абрала прыгарадны пасёлак Гоніа, размешчаны практычна каля мяжы з Турцыяй, які славіцца старажытнарымскай крэпасцю I стагоддзя і самым чыстым морам у рэгіёне.

Тур, які ўключаў у сябе дарогу з пражываннем і сняданкамі, каштаваў 465 $. Яшчэ 300 BYN трэба было заплаціць за турыстычную паслугу.

«Выехалі а шостай гадзіне вечара ў нядзелю, а ў гатэлі ў Грузіі былі ўжо а шостай раніцы ў сераду. За гэты час адна ноч прайшла ў транзітным гатэлі ў Расіі. Межы, дарэчы, прайшлі вельмі хутка. Туды — за 3 гадзіны 20 хвілін, назад — за паўтары гадзіны».

Чаканне на мяжы

У нас была заключаная дамова з турфірмай Zefir Travel. У кошт 10‑дзённага тура ўваходзілі таксама і некалькі экскурсій. Жылі ў гатэлі «Ваяж» за дзвесце метраў ад мора».

Хоць сняданкі і былі арганізаваныя паводле прынцыпу «шведскі стол», разнастайным меню назваць было нельга, кожны дзень падавалі практычна адно і тое ж.

Затое на абед ці вячэру Аляксандра выбірала што-небудзь цікавае, чаргуючы ўстановы з грузінскай і еўрапейскай кухнямі.

«Цэны былі вельмі рознымі, усё залежала ад рэстарана. Напрыклад, у рэстаране «Белы дом» пяць хінкалі, салат і ліманад абышліся мне ў 29 лары (каля 33 BYN), а ў Elle толькі салат і ліманад каштавалі ўжо каля 50 лары (56 BYN). Смачна і нядорага елі грузінскую кухню ў рэстаранах «Белы дом» і «Фарэлевы бар Арёл».

Інтэрнэт за ўсю паездку — 17$

У Гоніа Аляксандры вельмі спадабалася: водар векавых эўкаліптаў, крышталёва чыстая вада і горы, што навісаюць над морам.

«Тры гады таму я адпачывала ў Кабулеці, і там таксама было цудоўна. Для сябе я зрабіла такое параўнанне: калі плануеце шмат падарожнічаць па розных месцах, то зручней спыніцца ў Кабулеці. А калі хочацца спакойна адпачываць у адным месцы і часам ездзіць у Батумі, то лепш выбіраць Гоніа. Адзінае, чаго мне там не хапіла, — гэта рынку, дзе можна было б купіць недарагую садавіну і набраць ласункаў дадому».

У паездцы беларуска разлічвалася картамі VISA Альфа-Банка і VISA Прыёрбанка. На інтэрнэт за ўсю паездку выдаткавала 17 $, купіўшы eSIM на 5 ГБ праз міжнародны сэрвіс Airalo.

Калі патрэбна было таксі, карысталася «Яндэкс Go» з прывязанай беларускай картай. Праз дадатак атрымлівалася нашмат выгадней, чым карыстацца паслугамі мясцовых таксістаў-бамбіл. Іншым разам паездка абыходзілася ў два разы танней, чым на аналагічную адлегласць у Мінску.

Курс лары і беларускага рубля на момант публікацыі практычна аднолькавы

«У адзін з дзён мы ездзілі з Гоніа ў Батумскі батанічны сад (уваход 25 лары). На зваротным шляху мясцовыя кіроўцы прасілі амаль у два разы больш, тлумачачы гэта тым, што ім потым яшчэ вяртацца назад».

Без непрыемнасцяў не абышлося. Па дарозе ў Батанічны сад кіроўца не размаўляў па-руску і паспрабаваў удакладніць, да якога ўваходу нам трэба. Праз моўны бар'ер узнікла непаразуменне: ён прывёз нас да іншага ўваходу, а кошт паездкі пералічыўся, і замест 24 лары атрымалася 40. Было непрыемна.

У астатнім цэны былі больш чым прымальныя. Асабліва здзівілі паездкі па горных дарогах: за 10 хвілін шляху кошт мог складаць усяго 4 лары, хоць па факце ехаць даводзілася даўжэй праз вузкія дарогі і мноства крутых паваротаў».

Крэпасць Гоніа — 15 лары, дэндрапарк Шэквецілі — бясплатна

Экскурсіі ад турфірмы ўключалі ў сябе аглядную па Батумі з прагулкай на катары і паездку ў Тбілісі і Мцхету.

Па дарозе турысты спыняліся каля Жынвальскага вадасховішча і на агляднай пляцоўцы, дзе можна ўбачыць зліццё дзвюх рэк. За 15 лары Аляксандра наведала крэпасць Гоніа і бясплатна — дэндрапарк Шэквецілі, які спадабаўся больш за Батанічны сад у Батумі: уваход вольны, а акрамя прыгожых раслін можна ўбачыць фламінга, паўлінаў і іншых жывёл.

«У Тбілісі самастойна падняліся на незвычайным фунікулёры — гэта абыйшлося ў 25 лары. З дадатковых экскурсій мы куплялі толькі адну — паездку на Гоміс Мта. Яна каштавала 130 лары, у кошт уваходзілі трансфер і пікнік, які фактычна замяніў нам і абед, і вячэру. З дадатковых выдаткаў у гэты дзень былі: 10 лары на трансфер у Батумі і назад, 6 лары на туалеты і яшчэ 6 лары на ваду і марожанае.

На жаль, з надвор'ем на Гоміс Мта нам не пашанцавала. Галоўнай мэтай было ўбачыць знакаміты захад сонца над аблокамі, але замест гэтага мы каля пяці гадзін правялі ў густым тумане. Аднак я зусім не шкадую, што паехала. У нас сабралася выдатная кампанія з Беларусі і Казахстана, таму сумаваць не даводзілася, а ад прыгажосці гор удалося атрымаць асалоду, нават нягледзячы на надвор'е».

Уся паездка — каля $1160

Аляксандра ўважліва палічыла ўсе выдаткі. У Грузіі на ежу і забавы яна выдаткавала практычна столькі ж, колькі каштаваў сам тур: 453 $. У транзіце па Расіі пайшло 3 642 расійскіх рублёў (каля 43 $): на гарачае харчаванне 2 032 ₽, на ласункі і ваду 1 530 ₽, яшчэ 80 ₽ — на платныя туалеты.

«Прыпынкі на гарачае харчаванне былі ўсяго адзін-два разы на дзень, таму вялікіх выдаткаў не атрымалася. Ды і пасля пастаянных перакусаў у дарозе шмат есці не хацелася. Даражэйшым за большасць астатніх прыёмаў ежы аказаўся хот-дог на запраўцы. За хот-дог, латэ і эклер я аддала 797 расійскіх рублёў, у той час як у сталовай бульба з соусам, вінегрэт і чай абыйшліся ўсяго ў 320 рублёў.

Выніковая сума паездкі атрымалася каля $ 1160.

«Падчас адпачынку я прымала рашэнні хутчэй сэрцам, таму не магу сказаць, што шкадую пра нейкія выдаткі. Але калі глядзець аб'ектыўна, многім людзям не патрэбныя паездкі выключна на таксі, штодзённая арэнда шэзлонгаў або вячэры ў прыгожых, але дарагіх рэстаранах».

Што ўзяць у дарогу

Паездка, лічыць мінчанка, на 100% была вартая сваіх грошай. Дзякуючы таму, што ўдалося ашчадзіць на дарозе, атрымалася больш патраціць на забавы, экскурсіі і смачную ежу. А ўражанняў засталося мноства. І нават галоўная складанасць аўтобуснага тура — адсутнасць паўнавартаснага начнога сну — анітрохі іх не азмрочыла.

Да таго ж падарожніца падрыхтавалася: узяла ў дарогу плед, падушкі для шыі і ног, маску для сну і кампрэсійныя панчохі.

«Яшчэ можна ўзяць берушы, бо ў аўтобусе заўсёды ёсць нейкі фонавы шумок. Але такі фармат падарожжаў падыходзіць не ўсім. Магчыма, калі-небудзь я і сама адмоўлюся ад аўтобусных тураў, але прычына будзе толькі адна — фізічная стомленасць ад доўгага знаходжання ў дарозе і пастаянны недахоп сну.

Вайскова-Грузінская дарога — гэта тое, дзеля чаго сапраўды варта ехаць у аўтобусны тур. Калі з усіх бакоў цябе акружаюць велічэзныя горы неверагоднай прыгажосці, ты перастаеш адчуваць стомленасць ад дарогі і разумееш, што гэты момант застанецца ў памяці назаўжды».

Каментары1

  • qwerty
    05.09.2026
    Русскомирское бинго)

    "Кристально чистое море" в Аджарии это конечно смешно, а вот "водитель не говорил по-русски, и возникло недопонимание" - уже даже и не смешно, а грустно

Цяпер чытаюць

Мінскія ўлады расказалі, як будуць змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у дварах2

Мінскія ўлады расказалі, як будуць змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у дварах

Усе навіны →
Усе навіны

У нядзелю ў Мінску зменіцца рух грамадскага транспарту

Навукоўцы вызначылі птушку з самым прыгожым спевам2

Украіна абвясціла на чацвёра сутак рэжым цішыні3

Навукоўцы разгадалі таямніцу нараджэння Месяца9

Пад Мінскам паказалі новыя сарты вінаграду, прыдатныя для беларускага клімату1

Трамп: Уіткаф і Кушнер вязуць у Маскву і Кіеў прапанову аб завяршэнні вайны1

У Смалявічах расіянін на дзіцячай пляцоўцы напаў на школьніка15

Нумар нямецкага часопіса выйшаў з рускім матам на вокладцы5

У некаторых месцах у Беларусі забароняць рабіць відэаназіранне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінскія ўлады расказалі, як будуць змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у дварах2

Мінскія ўлады расказалі, як будуць змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у дварах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць