Грамадства

Загрузлі ў магнітных пясках і здзівіліся цэнам у кавярнях. Беларус расказаў, як з'ездзіў з сям'ёй на машыне ў Грузію

Грузія ў апошнія гады — вельмі папулярны кірунак у беларусаў, якія любяць аўтавандроўкі. Кажуць, там можна танна і смачна адпачыць, сумясціўшы знаходжанне на моры з праглядам розных гістарычных выдатных мясцін. Але ёсць праблема — у Расіі, праз якую давядзецца пракладаць маршрут, зараз усё не так ужо добра з палівам і інтэрнэтам. Чытач выдання «Анлайнер» Аляксей нядаўна вярнуўся з трохтыднёвага падарожжа з сям’ёй у Грузію і расказаў, як там ідуць справы і колькі грошай трэба падрыхтаваць, калі вы хочаце ні ў чым сабе не адмаўляць у паездцы.

Няма паліва і інтэрнэту. Якія цяжкасці паўсталі ў Расіі?

У аўтавандроўку мужчына выправіўся разам з жонкай і двума дзецьмі, малодшаму з якіх тры гады. На пытанне, ці не было складана ў далёкай дарозе з малымі, малады тата адказаў, што сын падарожнічае на машыне з бацькамі з шасці месяцаў!

«Перад паездкай мы зрабілі медыцынскія страхоўкі і аформілі каска, паколькі ў Грузіі даволі спецыфічны стыль кіравання, — расказвае Аляксей. — Медстрахоўка спатрэбілася: малодшы на Чорным моры падхапіў ротавірус.

Выязджалі мы з Мінска на золку. У нас не было загадзя забраніраваных гатэляў. Перасоўваліся ў такім фармаце: захацелася адпачыць — спыніліся, стаміліся — спыніліся, захацелі пагуляць — таксама. Па дарозе выбіралі нейкія матэлі і гасцініцы.

Першыя прыгоды пачаліся тады, калі мы ўехалі ў Расію. У мяне была і расійская сім-карта, і беларускі роўмінг, але практычна нічога не працавала. У Варонежы я забраніраваў гатэль, але як толькі мы ўехалі ў горад — усё адключылася. Было прынята рашэнне выехаць назад на трасу і рухацца далей. У выніку мы спыніліся ў матэлі за Варонежам.

Яшчэ адна праблема — паліва. У мяне была з сабой каністра на 10 літраў. Але да Варонежа нейкіх глабальных праблем не было. Так, многія прыватныя запраўкі былі закрытыя, але на АЗС буйных злучаных сетак бензін быў. І не сказаць, што назіраліся вельмі вялікія чэргі.

Мы спрабавалі запраўляцца часта: пераадолелі кіламетраў 200 — заехалі на АЗС, раз ёсць такая магчымасць. Ад Варонежа да Растова пачаўся квэст — бензіну не было. Адна з заправак была закрытая, але людзі ўсё адно стаялі ў чарзе, каб дачакацца яе адкрыцця.

За Растовам сутыкнуліся з абмежаваннямі: ліміт на адну машыну — 20—30 літраў. Дарэчы, у Расіі ў большасці аўтамабіляў бак знаходзіцца справа, а ў нашай Geely — злева. Так што нам пашанцавала: можна было не стаяць у чарзе з 30—40 машын на калонку, а выбіраць тую, дзе аўтамабіляў паменш — штук з 10».

Па дарозе сям'я Аляксея заехала ў Беслан, каб сваімі вачыма ўбачыць мемарыяльны комплекс, прысвечаны памяці ахвяр тэрарыстычнага акта 2004 года. Як расказвае мужчына, школа знаходзіцца на рэстаўрацыі, аднак трагічна вядомая спортзала адкрытая.

«Там мы сустрэлі жанчыну (не ведаю яе пасаду — магчыма, вахцёрка), у якой дачка была адной з закладніц. Наколькі зразумеў, ёй было трохі больш за 20 і яна была журналісткай. Калі адбыўся выбух, яна ляжала на падваконніку. Выбухной хваляй яе выкінула з акна — яна выжыла, але аргшклом атрымала ўдар па твары, параўнальны з цэглай.

Пасля Беслана мы паехалі ва Уладзікаўказ. Там пагулялі па гандлёвым цэнтры. Затым дабраліся да Ніжняга Ларса. Спыніліся ў гатэлі на беразе горнай ракі — літаральна за чатыры кіламетры ад мяжы».

Прыгоды ў Грузіі, або Як у Geely адмовіў поўны прывад

Да Тбілісі сям'я рухалася па Вайскова-Грузінскай дарозе. Яны вырашылі ўзяць ад яе ўсё — пад'язджалі да ўсіх выдатных мясцін, якія можна сустрэць па шляху. Сярод іх — Арка Дружбы народаў і аранжава-рыжы «каменны вадаспад» (мінеральная крыніца).

«У Тбілісі мы засталіся на пару дзён, праехалі па ўсіх выдатных мясцінах горада. Затым выправіліся ў Батумі. Па дарозе наведалі Уплісцыхэ — старажытны пячорны горад, а яшчэ Баржомі. Былі ў курортным пасёлку Урэкі, ездзілі ў Кабулеці.

У Батумі найбольш спадабаліся горы. А яшчэ мы ездзілі глядзець на месца зліцця рэк Чарохі і Аджарысцкалі. Не магу сказаць, што мне спадабаўся сам горад Батумі… Стаяць прыгожыя будынкі, прыгожыя набярэжныя, але сярод гэтага — якія-небудзь самабуды, старыя дамы, дзе з акна да слупа будзе нацягнутая вяроўка, на якой сушыцца бялізна.

Ва Урэкі мы выправіліся паглядзець на магнітныя пяскі (пясок там чорны і сапраўды магніціцца). Умудрыліся закапацца: ехалі па накатанай дарозе, але ў нейкі момант я зразумеў, што далей рухацца не варта. Вырашыў развярнуцца — і ўсё, машына стала. Я нават не прасіў дапамогі — тут жа падбеглі чалавек з восем і сталі нас выкопваць рукамі, штурхаць машыну. Стаўленне да беларусаў цудоўнае! У выніку нас выцягнуў казах з дапамогай троса. Потым высветлілася, што ён — інвалід-калясачнік.

Пасля я прыпаркаваў машыну і мы пайшлі купацца. Літаральна праз 40 хвілін на тым жа самым месцы закапаўся яшчэ адзін турыст. Але яго выштурхаць не атрымалася — ён выклікаў на дапамогу эвакуатар. Калі б у мяне ў той момант працаваў поўны прывад, то я ўпэўнены, што паціху выехаў бы. Але ў Батумі ён перастаў працаваць, калі загарэлася цэлая «елачка» з памылак».

$3500 на чатырох. Бюджэт паездкі ў Грузію сям'і, якая не ашчаджала

«Пасля Батумі мы вярнуліся ў Тбілісі. Там у нас таксама была стандартная праграма: канатныя дарогі, сабор Святой Тройцы (Цмінда Самэба), статуя Маці Картлі…

Прыемна здзівілі цэны ў кавярнях. Каб паўнавартасна паесці чацвяром дзе-небудзь на ўзбярэжжы і з шашлыком, трэба ад 85 да 115 рублёў. У сталоўцы і 30 рублёў хапае лёгка».

Праходжанне мяжы на зваротным шляху заняло паўтары гадзіны, траціну з якіх сям'я правяла ў Duty Free. Начаваць па шляху ў Мінск планавалі непадалёк ад расійскага горада Шахты. Але забраніраваны гатэль аказаўся абясточаны, прыйшлося ехаць у іншы (той жа сеткі). Затым за вокнамі аўто прамільгнулі Тула, Калуга, Вязьма, Смаленск…

У цэлым на паездку патрацілі:

  • жыллё — $1250.
  • Платныя дарогі — $100.
  • Паліва — $400.
  • Ежа, кавярні — $1250.
  • Шопінг — $500.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-чыноўнік, аб'яўлены ў вышук ва Украіне, будуе новае жыццё ў Беларусі. Ужо заняў высокую пасаду і пабываў у Палацы Незалежнасці1

Былы ўкраінскі міністр Фёдараў уладкаваўся дарадцам міністра абароны Італіі10

Спадкаемцы «Вострава чысціні» закрываюць крамы і фіксуюць страты2

Лукашэнка заявіў, што ў яго на поўдні і ў Расіі на захадзе ёсць супольная праблема30

Пад меркаваным месцам пахавання Ісуса раскрылі 2000‑гадовую таямніцу, якая супадае з біблейскім апісаннем12

У Пінску пільная бабуля не дала махлярам абдурыць свайго ўнука

Толькі палова беларусаў вяртаюцца з адпачынку адпачыўшы

Беларусы эфектна правялі лета на даху Нацыянальнай бібліятэкі ШМАТ ФОТА1

Лябедзька: Ці лепш было б, каб у 1994‑м годзе Лукашэнку перамог Кебіч? Не!32

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць