Іран распрадаў усе нафтавыя запасы з танкераў па-за межамі Персідскага заліва. Цяпер яму можа быць складана
Іран вычарпаў запасы нафты, якія захоўваліся на танкерах па-за межамі Персідскага заліва, і цяпер не мае сыравіны для экспарту з гэтых плывучых сховішчаў. Пра гэта паведамляе выданне The Wall Street Journal са спасылкай на аналітычную кампанію Kpler.

Нягледзячы на блакаду іранскіх партоў амерыканскімі вайскова-марскімі сіламі, Тэгеран працягваў прадаваць нафту, якая знаходзілася на шматлікіх танкерах так званага ценявога флоту. Гэтыя судны пакінулі Персідскі заліў яшчэ да пачатку блакады. Аднак да сярэдзіны кастрычніка запасы нафты на танкерах, якія выкарыстоўваліся як плывучыя сховішчы, цалкам скончыліся.
Паводле слоў дырэктара Kpler па рынку сырой нафты Хамаюна Фалакшахі, у Ірана больш няма нафты, якую можна было б адгрузіць у Кітай з гэтых запасаў.
Раней нафта з плывучых сховішчаў каля берагоў Малайзіі і Сінгапура перагружалася на іншыя танкеры, якія дастаўлялі яе ў Кітай. З-за амерыканскай блакады Іран больш не можа папаўняць гэтыя запасы.
Між тым экспарт нафты іншымі краінамі Персідскага заліва перавысіў паказчыкі, зафіксаваныя да пачатку вайны на Блізкім Усходзе. Паводле звестак Kpler, за тыдзень да 18 кастрычніка гэтыя краіны экспартавалі больш за 24 мільёны бараляў нафты за дзень, тады як да пачатку вайны аб’ём складаў 23,3 мільёна бараляў. Каля 14 мільёнаў бараляў за дзень, або 82% ад даваеннага ўзроўню, вывозіцца праз Армузскі праліў пад аховай амерыканскіх вайсковых караблёў.
Нафта перагружаецца на танкеры, якія чакаюць у Аманскім заліве пад абаронай амерыканскай эскадры. Судны, што даставілі сыравіну, вяртаюцца ў Персідскі заліў і зноў забіраюць грузы. Частка экспарту ідзе па трубаправодах: у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах нафта паступае да ўзбярэжжа Аманскага заліва, а ў Саудаўскай Аравіі — да берагоў Чырвонага мора.
Высокія цэны на перавозку нафты прыцягваюць у рэгіён усё больш суднаўладальнікаў. Некаторыя кампаніі, якія раней перавозілі расійскую і венесуэльскую нафту, цяпер пераключаюцца на блізкаўсходнія маршруты. За адзін рэйс супертанкера можна зарабіць да 40 мільёнаў даляраў.
Паводле інфармацыі выдання, адна кітайская кампанія, якая набірае маракоў, прапаноўвала ім па 25 тысяч даляраў за рэйс туды і назад праз Армузскі праліў. Як адзначыў Фалакшахі, аб’ёмы перавозак застаюцца высокімі, нягледзячы на павелічэнне колькасці іранскіх атак, паколькі патэнцыйны прыбытак апраўдвае рызыку.
Да ўвядзення ЗША блакады ў красавіку ў плывучых сховішчах Ірана знаходзілася каля 130 мільёнаў бараляў нафты. Да сярэдзіны чэрвеня, калі абмежаванні часова знялі пасля папярэдняй дамоўленасці паміж Тэгеранам і Вашынгтонам, запасы скараціліся да менш як 50 мільёнаў бараляў. На працягу наступнага месяца яны зноў перавысілі 80 мільёнаў, але пасля аднаўлення блакады пачалі няўхільна змяншацца.
Пры гэтым фінансавыя наступствы спынення экспарту праявяцца не адразу. Паводле слоў аналітыкаў, грошы за прададзеную нафту з Кітая звычайна паступаюць у Іран прыкладна праз два месяцы. Таму пэўны час Тэгеран яшчэ будзе атрымліваць сродкі за ранейшыя пастаўкі.
Аднак страта даходаў ад экспарту нафты можа яшчэ больш пагоршыць эканамічную сітуацыю ў краіне. Нафта застаецца найбуйнейшай крыніцай валютных паступленняў Ірана і забяспечвае ад 30% да 40% дзяржаўных бюджэтных даходаў.
З ліпеня курс іранскага рыяла да даляра знізіўся на траціну. Гэта спрыяе паскарэнню інфляцыі, якая ў верасні дасягнула 89,8% у гадавым вымярэнні.
Цэнтральнае камандаванне ЗША, якое адказвае за ваенныя аперацыі на Блізкім Усходзе, заявіла, што блакада пазбавіла Іран прынамсі 25 мільярдаў даляраў даходаў ад продажу нафты.
ЗША эвакуююць дыпламатаў і перамяшчаюць войскі на Блізкім Усходзе. Трамп разглядае новыя ўдары па Іране
Кіраўнік Ryanair прадказаў «найбуйнейшае ў гісторыі» павышэнне цэн на авіяквіткі ў Еўропе
Колькасць атак на судны ў раёне Армузскага праліва дасягнула рэкорднага ўзроўню
«Рашэнне як бы рацыянальнае». Пазняк выказаўся адносна дызельнай здзелкі Трампа з Пуціным
Цяпер чытаюць
Расійскі рэпер Ягор Крыд зняўся ў майцы з выявай героя фільма «Ідзі і глядзі», якому дамалявалі пірсінг і татуіроўкі. Цішотку выпусцілі крама беларускі
Расійскі рэпер Ягор Крыд зняўся ў майцы з выявай героя фільма «Ідзі і глядзі», якому дамалявалі пірсінг і татуіроўкі. Цішотку выпусцілі крама беларускі
«Запрасіў мяне на спатканне і прыехаў на яго з пакетам памідораў замест кветак». Што ўспамінаюць пра Яна Памедора Рэуцкага, адміна шматтысячнай суполкі беларусаў Польшчы
Каментары