Грамадства

«У цябе апошні дзень». Беларускі айцішнік перабраўся на Філіпіны, а там усё жорстка

Руслан працаваў у стартапе на Філіпінах каля 9 месяцаў, яго аповед прыводзіць devby.io.

Фота: Unsplash

— Год+ таму я працаваў на аўтсорс-кампанію з Мінска і стаміўся — страціў цікавасць. Вырашыў паспрабаваць свае сілы ў стартапе. Спачатку супрацоўнічаў з хлопцамі з Казахстана — месяцы два было прыкольна, але потым неяк ужо не тое. 

І якраз у гэты час, скролячы перад сном стужку ў LinkedIn, я ўбачыў пост свайго будучага ліда — патрэбен інжынер з ведамі Databricks з рэлакацыяй у Паўднёва-Усходнюю Азію.

Я падумаў: «Хм, цікава!». Ні на што асабліва не разлічваў: атрымаецца — добра, адмовяць — таксама не страшна. 

Слова за слова — ён запрасіў мяне на суразмоўе. Чатыры этапы, але ўсё вельмі хутка: уклаліся ў два тыдні. Першы сазвон — знаёмства, затым — тэхнічнае інтэрв’ю, мы на працягу гадзіны разбіралі адну задачу.

Трэці званок — System Design, а чацвёрты — behavioral-інтэрв’ю з кіраўніком дэпартамента. Хаця насамрэч проста пагаварылі за жыццё.

Усе чатыры этапы суразмоўя праходзілі па-руску, бо гэта стартап, заснаваны выхадцамі з Расіі — і ўся каманда расійская. 

Рэлакацыя была абавязковай, бо прадукт, які рабіла каманда, — для Філіпін. Так, краіна небагатая (і часта займае топавыя пазіцыі ў розных антырэйтынгах), але ў гэты рэгіён шмат інвестуюць, і бізнес там нядрэнна ідзе.

Рэлакацыйны пакет уключаў авіяквіток і нумар у гасцініцы за 20 хвілінаў хады ад офіса — стартап аплаціў пару тыдняў пражывання. Далей я сцягнуў дадатак eTravel (філіпінскі электронны партал для ўезду, які замяніў папяровыя дэкларацыі), запоўніў там форму — нешта накшталт entry declaration (дарэчы, падобная працэдура і ў Кітаі), каб памежнікі прапусцілі. Ну, і ўсё. 

У кампаніі ёсць сваё wiki — і там былі тэлефоны агентаў, з якімі можна было звязацца для пошуку кватэры. Адна з іх была рускамоўнай, астатнія — англамоўныя. Я напісаў некаму з іх у WhatsApp, у мяне ўжо было разуменне, на які бюджэт разлічваць пры арэндзе. Мне сказалі, што ў Facebook ёсць групы — там можна прыкінуць, што і пачым. 

Далей я стаў пісаць рыэлтарам — на Філіпінах іх называюць брокерамі, хадзіць на прагляды. Ну, і за тыдзень дзесь знайшоў.

У кампаніі быў свой іміграцыйны афіцэр — ён дапамагаў з дакументамі. Так што сустрэўшыся з брокерам у аўторак, у наступны чацвер я ўжо ўехаў у сваё жыллё. 

Варта сказаць, што на Філіпінах англійская — афіцыйная мова нароўні з тагальскай: у любой дзяржаўнай установе ты можаш павітацца па-англійску, і служачы табе адкажа. На англійскай не гавораць хіба што ў зусім глухіх вёсках. Ну, і пару разоў у мяне ўзнікалі цяжкасці ў таксі.

«За кватэру — 650 даляраў. Гэта багаты раён з аховай»

Я жыў у Метра Маніла — гэта вялікая агламерацыя, якая аб’ядноўвае 16 гарадоў і адзін муніцыпалітэт з агульнай насельніцтвам больш за 14 мільёнаў чалавек.

Спадзяваўся, што далучыцца сям’я — жонка з маленькай дачкой, — але яны не адважыліся, бо пералёт на Філіпіны займае каля 19 гадзін, і гэта вельмі цяжка, асабліва для малой. Я памятаю свой жудасны джэтлаг — як быццам мяне збілі напярэдадні. 

Кватэра, якую я зняў, была на 29‑м паверсе 40‑павярховага дома. З вокнаў адкрываўся круты від. Сам раён лічыцца дарагім (Bonifacio Global City, city of Taguig), там жывуць альбо экспаты, альбо багатыя філіпінцы. Хаця сярод маіх суседзяў мясцовых жыхароў было ўсяго двое. У мяне нейкім чынам завязаўся смол-ток з суседам — ён айцішнік з Індыі, вечна стомлены.

Кватэра была невялікай — 43 м². Вокны ў ёй ніколі не адчыняліся — праз асаблівасці клімату. Таму заўсёды працаваў кандыцыянер (у горшай кватэры замест яго быў бы вентылятар). 

Планіроўка такая: перадпакою няма (у нашым квартале ўсе хадзілі ў кватэрах у абутку, таму што на вуліцах вельмі чыста) — адразу кухня-сталовы пакой, зала і невялікая спальня. На кухні стаяла маленькая электрычная пліта і лядоўня, было яшчэ месца пад пральную машыну, але самой машыны не было — я кожныя два тыдні насіў свае рэчы ў laundry shop. 

Фота спікера, ён жыў у «конда справа»

За кватэру я плаціў 35 тысяч песа — на той момант гэта было каля 650 даляраў паводле курсу (цяпер долар у іх падрос, так што гэта крыху больш за 600 даляраў). Але варта ведаць, што на Філіпінах жыллё часта здаецца паводле амерыканскай мадэлі: пры заездзе ты ўносіш дэпазіт за два месяцы і аплачваеш адразу два месяцы арэнды. Так што выходзіць адразу мінус 2,6 тысяч долараў.

Побач быў горшы раён — і там кватэры такога ж метражу здаваліся па 10‑11 тысяч песа. Але затое ў нас было бяспечна: ідзеш па вуліцы — і праз кожныя некалькі метраў бачыш узброеных ахоўнікаў.

«Калега за паўтара месяца такой працы скінуў 6 кг»

Мой дзень пачынаўся каля 6:00 раніцы — зарадка, душ, сняданак. У 8:00—9:00 я ўжо прыходзіў у офіс — і заставаўся там да 18:00—19:00. Рэжым у нас быў турбахуткасным, амаль усе хлопцы працавалі ў гіперфокусе, і гэта зразумела — стартап жа. 

На абед мы выбіраліся кудысь у кафэ ці рэстаран — іх там шмат навакол. Дарэчы, вельмі зайшла мясцовая кухня.

На ежу траціў недзе 400‑500 даляраў у месяц. Добры абед у кафэ каштуе 10‑12 даляраў, сціплы — каля 5-6. А цэны на прадукты ў супермаркетах у дарагіх раёнах, як мой, такія, што гатаваць дома ненашмат танней. У краме я ў асноўным купляў садавіну (шмат садавіны), яйкі, каб зрабіць сняданак, макароны, ну і гарбату.

У нас было прынята пераапрацоўваць. Ужо праз тры тыдні лід сказаў: «Нешта павольна ідзе задача», — і я зразумеў: трывожны сігнал, трэба б напружыцца. Вылучыў выходны — усё зрабіў, на мітынгу мяне пахвалілі. Але прайшло яшчэ паўтара месяца, і я зноў пачуў: «Ай-ай! Што гэта з табой?» А я адзін дзень ездзіў у міграцыйнае бюро, і яшчэ два дрэнна сябе адчуваў — вось і выпаў крыху з графіка. 

І так, варта сказаць, што ў нас у стартапе быў прыняты такі падыход: калі сеньёр за спрынт рабіў 20 джунаўскіх задачак, — то кампанія ацэньвала гэтага спецыяліста не як сеньёра, а як джуна (малады супрацоўнік). Так што трэба было яшчэ і адпаведныя свайму грэйду тыкеты закрываць. Неяк падчас перакуру я пачуў ад аднаго калегі, што ён за паўтара месяца працы скінуў 6 кг — так актыўна працаваў. 

Гэта не выратавала мяне ад скарачэння. У нейкі момант я прыйшоў на працу, лід запрасіў мяне на размову. На сустрэчу прыйшоў яшчэ хэд і сказаў: «У цябе сёння апошні дзень». Гэтыя словы ўвялі мяне ў ступар: «Нічога сабе! А вы не маглі мяне загадзя папярэдзіць — калі ўжо зразумелі?»

Потым, калі я ўсё гэта адрэфлексаваў, я падумаў, што са мной паступілі яшчэ па-божаску: выплацілі мне кампенсацыю за звальненне.

Ну, і ўвогуле каманда ў мяне была добрая, з хлопцамі было прыемна працаваць і размаўляць. Тое, як яны дапамагалі мне першы час, як я прыехаў на Філіпіны, нагадала былых калег з EPAM. 

«Прырода захапляльная, але павандраваць не атрымалася — праца займала ўвесь час»

Павандраваць па Філіпінах, на жаль, не атрымалася. Так, пару разоў я выбраўся ў суседнія гарады, а так — увесь час у адным раёне. Ды і не атрымалася б — праца займала ўвесь час.

Мой сябар і калега крыху паездзіў па краіне — дасылаў фота, прырода на Філіпінах захапляльная. Але вось фатаграфіі з нумароў — ну, так сабе: гасцініцы ў іх часта «стомленыя», у рэнавацыю не хочуць асабліва ўкладваць, а цэны ломяць высокія. Так што турысты аддаюць перавагу суседнім краінам — таму ж Кітаю ці В’етнаму. 

А калі хтось і едзе на Філіпіны, то гэта ў асноўным выхадцы з Паўднёвай Карэі, Аўстраліі, ЗША і Японіі. 

Мора — было відаць з акна. Яно прыкладна ў сямі кіламетрах знаходзілася ад майго дома, пляжы ў Манільскай затоцы непрыдатныя для купання — вада моцна забруджаная сцёкамі вялікага мегаполіса. Яшчэ ўздоўж берагавой лініі і вусцяў рэк жывуць сквотэры — то бок захопнікі. Зямля там дарагая, вось некаторыя і пабудавалі хацінаў — у надзеі, што потым дзяржава выкупіць гэтыя лачугі, і яны з барышамі ў свае вёскі вернуцца. 

Метра Маніла знаходзіцца ў Ціхаакіянскім вогненным коле і стаіць проста на сістэме актыўных разломаў. Сейсмолагі рэгулярна папярэджваюць мегаполіс пра высокую рызыку разбуральнага землятрусу.

Я прыехаў у канцы сезону дажджоў, так што страшных ліўняў ужо не было, але на тэлефон час ад часу прыходзілі Orange Alerts. І так, бывала зімой устаеш раніцай, глядзіш у акно, а аблокі ўнізе, не ўверсе. 

«У клініцы сказалі, што слот будзе праз дзве гадзіны, і дадалі: вы жывыя, гэта галоўнае»

Давялося аднойчы сутыкнуцца з мясцовай медыцынай. У мяне падняўся ціск — і я звярнуўся ў клініку.

Варта ўдакладніць, што на Філіпінах ёсць муніцыпальныя шпіталі, дзе мясцовыя жыхары лечацца бясплатна ці за сімвалічную плату паводле праграмы PhilHealth. Але экспаты і турысты са страхоўкай звяртаюцца ў прыватныя клінікі і шпіталі. Вось і я прыйшоў. Мяне зарэгістравалі, паставілі ў чаргу і сказалі: «Слот будзе праз два гадзіны». Мае пачуцці, відаць, адбіліся на маім твары, таму што яны дадалі: «Не хвалюйцеся, вы жывыя, і гэта галоўнае». Я не стаў чакаць у клініцы — пайшоў дадому, потым вярнуўся на чэк-ап. 

Паколькі ў мяне была страхоўка ад кампаніі, я ні песа не заплаціў. Але мне здаецца, што не будзь яе, чэк-ап абышоўся б мне нятанна. 

«У філіпінцаў я навучыўся не панікаваць»

Філіпіны як рэгіён развіваюцца, сюды прыходзяць інвестыцыі. Але мясцовыя айцішнікі тут аддаюць перавагу працаваць у Малайзіі, у Японіі, едуць у Карэю. На Філіпінах яны зарабляюць прыкладна як іхныя калегі ў Беларусі, а ў тых краінах — значна больш.

Што варта ведаць, калі едзеш на Філіпіны: 

  • трэба вельмі ўважліва запаўняць дэкларацыю перад паездкай — інакш нават на пашпартны кантроль не прапусцяць. 
  • нельга прапаноўваць узнагароды афіцыйным служачым. 
  • лепш не казаць: «Не», — філіпінцы баяцца гэтага слова, і самі не ўжываюць яго — шукаюць іншы спосаб адмовіць. Напрыклад, пасля ад’езду я некалькі разоў пісаў брокеру наконт вяртання дэпазіту, таму што яна падбадзёрыла мяне, што грошы можна будзе вярнуць. У нейкі момант я нават папрасіў: «Ну, напішыце мне, калі гэта немагчыма». Але яна адказвала, што не можа звязацца з уладальнікам — ён нешта доўга адказвае. Я зразумеў: настойваць бессэнсоўна ў выніку.
  • ваду з-пад крана лепш не піць. У маёй кватэры быў бак — я замаўляў ваду па смс, і мне дастаўлялі ў вялікіх дваццацілітровых бутлях. 

Чаму навучыла мяне знаходжанне на Філіпінах? Ацэньваць свае вынікі: што зрабіў за апошні дзень, а за апошні тыдзень, — і шукаць спосаб, як выправіць, калі дзесь нешта пайшло не так. Гэтак жа заўсёды рабіў мой лід.

А ў філіпінцаў я навучыўся не нервавацца, не панікаваць. Яны заўсёды спакойныя. Любая сітуацыя неяк ды вырашыцца, трэба папросту пачакаць.

Каментары

Цяпер чытаюць

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам ракет «Фламінга»

Усе навіны →
Усе навіны

У Светлагорску рэканструююць ЦКК, дадаўшы новыя аб'екты

У Крамлі заявілі, што будуць далей ваяваць дзеля «міру на стагоддзі»5

У Бабруйску мужчына перарабляў сігнальныя пісталеты ў баявыя1

Як Джэнсэн Хуанг адкрыў Кітаю абводную дарогу да ўдзелу ў ШІ-гонцы5

У Гродне раварыст насмерць збіў пенсіянера2

З’явіліся спадарожнікавыя здымкі пашкоджанняў Крымскага моста пасля ўкраінскай атакі5

Аляксандр Ярашук: Мяне бессэнсоўна ламаць — я не здраджу сваім прынцыпам і каштоўнасцям2

Беларус на юнацкай Алімпіядзе заваяваў бронзу ў брэйкінгу. Вось як яго сустрэлі дома2

У Малдове адмянілі канцэрт беларускага музыкі ДзіДзюЛі пасля зваротаў украінскіх дыпламатаў24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам ракет «Фламінга»28

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам ракет «Фламінга»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць