Зяленскі назваў удар па Крымскім мосце «беспрэцэдэнтнай аперацыяй». Крэмль абяцае хуткае аднаўленне — «лепш, чым было».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў украінскія ўдары па Крымскім мосце. У паведамленні ў сацсетках ён назваў іх вынікам «беспрэцэдэнтнай аперацыі», якая працягвалася некалькі тыдняў.
Паводле Зяленскага, яе сумесна распрацавалі Служба бяспекі Украіны і Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны. Удары непасрэдна па мосце сталі сёмым этапам.
«Нашы воіны паэтапна знішчалі сістэмы СПА, радары, сродкі РЭБ і іншыя аб’екты на шляху да канчатковай мэты», — заявіў ён.
Зяленскі падзякаваў СБУ, падраздзяленням Сіл абароны, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, міністру абароны, галоўнакамандуючаму УСУ, Генштабу і вытворцам зброі.
Удар ён назваў адказам на расійскія атакі супраць украінскай інфраструктуры.
«Мы неаднаразова прапаноўвалі Расіі крокі для дээскалацыі і на ўсе прапановы чулі толькі гучныя адмовы. Расія штодня наносіць удары па нашай інфраструктуры, у тым ліку і па мастах, у Запарожжы, Дняпры, Кіеве, Адэскай вобласці. Мы аднаўляем нашу інфраструктуру. Але і нагадваем Расіі, што вайна заўсёды будзе вяртацца туды, дзе яна пачалася», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Тым часам прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што расійскі віцэ-прэм’ер Марат Хуснулін ужо далажыў Пуціну пра ўдар па мосце.
«Будзе вызначаная чарговасць, часавыя рамкі аднаўлення. Ніякіх сумневаў няма, што мост будзе адноўлены, і будзе яшчэ лепшы за ранейшы», — заявіў Пяскоў.
Якія менавіта пашкоджанні атрымаў Крымскі мост, прадстаўнік Крамля не паведаміў.
Каментары