Свет

Жанчына тры гады не можа выехаць з райскага вострава. Выйсці з бюракратычнай пасткі ніяк

Адпачынак на трапічным востраве ператварыўся для 50‑гадовай жанчыны са Шры-Ланкі ў сапраўдны кашмар. Ужо тры гады яна спрабуе вярнуцца дадому, але гэта амаль немагчыма. З падрабязнасцямі знаёміць BBC.

Ручыра Ранасінгхі. Фота: асабісты архіў гераіні / ВВС

Астравы Кука вядомыя сваімі беласнежнымі пляжамі, блакітнымі лагунамі і вулканічнымі гарамі. Штогод сюды прыязджаюць турысты, каб адпачыць у трапічным раі. Але для Ручыры Ранасінгхі (Ruchira Ranasingha) гэты рай ператварыўся ў пастку, з якой яна ніяк не можа выбрацца.

Яе гісторыя пачалася ў 2018 годзе, калі праз фінансавыя праблемы жанчына закрыла невялікую майстэрню па пашыве футболак на Шры-Ланцы. Не здолеўшы разлічыцца з даўгамі, яна адправілася на заробкі ў Ганконг, дзе даглядала дзяцей і пажылых людзей.

Фатальная парада іміграцыйных кансультантаў

У снежні 2022 года Ранасінгха прыехала ў Новую Зеландыю па двухмесячнай турыстычнай візе. Калі тэрмін яе дзеяння набліжаўся да канца, яна падала прашэнне аб прытулку, спаслаўшыся на пагрозы з боку крэдытораў на радзіме. Пакуль яе справу разглядалі, жанчына атрымала дазвол на працу і ўладкавалася ў рэстаран, кіраўніцтва якога пагадзілася дапамагчы ёй аформіць працоўную візу.

Аднак атрымаць яе не ўдалося, бо, паводле новазеландскіх правілаў, людзі, якія чакаюць рашэння па прашэнні аб прытулку, звычайна не могуць адначасова прэтэндаваць на іншыя віды віз. Тады Ранасінгха звярнулася да іміграцыйных кансультантаў, якія параілі ёй ненадоўга выехаць з Новай Зеландыі і падаць заяву на працоўную візу з-за мяжы. Ёй паабяцалі, што пачнуць працэдуру афармлення, як толькі яна пакіне краіну.

Для кароткачасовага выезду жанчына выбрала астравы Кука, якія знаходзяцца прыкладна за чатыры гадзіны лёту ад новазеландскага Окленда. Гэтае рашэнне аказалася катастрафічным.

Яе заяву на працоўную візу зноў адхілілі. Больш за тое, выехаўшы з Новай Зеландыі, яна парушыла ўмовы сваёй папярэдняй візы, звязанай з прашэннем аб прытулку.

Сем адмоў і ніякага шляху дадому

Зразумеўшы, што вярнуцца ў Новую Зеландыю не атрымаецца, Ранасінгха вырашыла ляцець на Шры-Ланку. Яна набыла авіябілет, але ў аэрапорце высветлілася, што для перасадкі ў Новай Зеландыі ёй патрэбная транзітная віза.

З таго часу жанчына тройчы звярталася па транзітную візу ў Новую Зеландыю і чатыры разы — у Аўстралію. Усе сем заявак адхілілі. Новазеландскія ўлады заявілі, што не ўпэўненыя ў яе намеры пакінуць краіну пасля перасадкі.

Паводле адваката па іміграцыйных справах Алістэра Маккліманта, сумневы звязаныя з тым, што раней Ранасінгха прасіла прытулку, сцвярджаючы, што на Шры-Ланцы ёй пагражае небяспека. Таму ўлады не вераць, што яна сапраўды збіраецца вярнуцца на радзіму.

У адным з лістоў ёй прапанавалі разгледзець іншыя маршруты. Але для пералёту праз Таіці або Гаваі неабходна атрымаць візы, а для гэтага асабіста здаць біяметрычныя даныя ў Новай Зеландыі, куды яе не пускаюць.

Паводле Маккліманта, Аўстралія, якая супрацоўнічае з Новай Зеландыяй у міграцыйных пытаннях, наўрад ці зменіць сваю пазіцыю. Аналагічныя рашэнні могуць прыняць Францыя і ЗША, праз тэрыторыі якіх таксама можна было б дабрацца дадому. Фактычна для вяртання на Шры-Ланку жанчыне трэба зрабіць перасадку, але ніводная з гэтых краін не хоча рызыкаваць, дазваляючы ёй транзіт.

У апошняй заяве Ранасінгха падрабязна растлумачыла ўсе гэтыя абставіны. Яна таксама паведаміла пра хуткае вяселле свайго адзінага сына і цяжкі стан здароўя маці. Але і гэта не дапамагло — ёй зноў адмовілі.

«Я гатовая зрабіць усё, што ад мяне запатрабуюць. Я проста хачу дадому», — кажа Ранасінгха. Яна нават прапанавала адправіць яе ў кайданках пад канвоем, але ўлады адказалі, што і такія меры не выключаюць магчымасці падаць новае прашэнне аб прытулку.

На астравах жанчыне дапамагаюць мясцовыя жыхары. Адзін з гатэляў бясплатна даў ёй жыллё, суседзі прыносяць ежу і адзенне. Кіраўнік гатэля таксама падарыў ёй швейную машыну, дзякуючы якой яна можа крыху зарабляць. Але Ранасінгха па-ранейшаму адчувае сябе ў пастцы.

Міністэрства замежных спраў Шры-Ланкі паведаміла BBC, што супрацоўнічае з новазеландскімі ўладамі, каб дапамагчы суайчынніцы вярнуцца. Аднак рашэння пакуль няма.

Брат жанчыны расказаў журналістам, што тая знаходзіцца ў цяжкім эмацыйным стане. Падчас адной з размоў Ранасінгха сказала, што калі ўлады не могуць вярнуць яе дадому жывой, то няхай хаця б даставяць на радзіму яе цела.

Каментары

Цяпер чытаюць

Пуцін, Трамп і Сі прынялі «дэкларацыю аб міры», раскрытыкавалі ў ёй Гаагскі трыбунал11

Пуцін, Трамп і Сі прынялі «дэкларацыю аб міры», раскрытыкавалі ў ёй Гаагскі трыбунал

Усе навіны →
Усе навіны

З 1 студзеня днём рух грузавікоў па МКАД плануюць забараніць

Трамп і Пуцін сустрэліся на палях саміта АЦЭС3

У Афрыцы зазелянела пустыня — і прычына гэтаму не толькі змена клімату3

У жаночых прыбіральнях Кітая з'яўляюцца пісуары. Навошта?1

Спявачка з Беларусі трапіла ў скандал у ЗША. Вінаваціць прафесара Калумбійскага ўніверсітэта ў згвалтаванні, а ён яе — у пераследзе сям'і13

Беларус расказаў, як правозіў ката самалётам з перасадкамі

На брэсцкім вакзале заўважылі апарат з «цублямі» замест рублёў1

Мінск прыме расійска-грузінскія перамовы2

Рыжанкоў заявіў, што Беларусь дабіваецца ад ЗША зняцця санкцый у абмен на палітвязняў18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін, Трамп і Сі прынялі «дэкларацыю аб міры», раскрытыкавалі ў ёй Гаагскі трыбунал11

Пуцін, Трамп і Сі прынялі «дэкларацыю аб міры», раскрытыкавалі ў ёй Гаагскі трыбунал

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць