«А пятай раніцы спаць ужо немагчыма». Мінчук паскардзіўся ў Мінгарвыканкам на сабачы брэх
Жыхар мінскай шматпавярхоўкі на вуліцы Ляшчынскага паскардзіўся ў Мінгарвыканкам на сабаку, які не дае спаць жыхарам суседняга дома. Паводле яго слоў, вартавы сабака на тэрыторыі кааператыва «Аўтастаянка Комбі» брэша ў любы час сутак. Мужчына сцвярджае, што ўжо а пятай гадзіне раніцы спаць становіцца немагчыма.

Папярэдні адказ раённай адміністрацыі мужчыну не задаволіў, таму мінчук прыйшоў на асабісты прыём да намесніка старшыні Мінгарвыканкама Алега Корзуна. У якасці доказу ён прайграў на смартфоне аўдыязапіс сабачага брэху ў начны і дзённы час.
Алег Корзун заявіў, што сітуацыю неабходна вырашаць у межах заканадаўства. Разабрацца ў праблеме павінны профільныя службы.
Пры гэтым намеснік старшыні Мінгарвыканкама адзначыў, што для аховы аўтамабіляў існуюць і іншыя сродкі, акрамя вартавога сабакі. Напрыклад, можна паставіць камеры відэаназірання.
Каментары