Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск заявіў, што расійскія вайскоўцы заслугоўваюць большага спачування, чым атрымліваюць, бо многіх з іх, маўляў, адпраўляюць на фронт супраць іхняй волі. Пра гэта ён сказаў 18 лістапада падчас інтэрв’ю на мерапрыемстве, арганізаваным выданнем The New York Times, піша Deutsche Welle.

«Трэба спачуваць не толькі ўкраінскім хлопцам, якія гінуць, але і расіянам, бо іх мабілізуюць і прымушаюць ехаць на перадавую», — патлумачыў Маск сваю пазіцыю.
Ён таксама раскрытыкаваў супрацьпастаўленне «Украіна — добрая, Расія — дрэнная». Маск назваў жахлівым падыход, пры якім можна апраўдаць усё, што робяць з расіянамі. Пры гэтым ён прызнаў, што і сам спрабуе разабрацца, якая пазіцыя ў гэтай сітуацыі была б правільнай.
Кажучы пра расійскае ўварванне, Маск прызнаў, што Расія з’яўляецца агрэсарам. Аднак адначасова ён заявіў, што амерыканцы, маўляў, арганізавалі пераварот, каб адхіліць ад улады дэмакратычна абранага прарасійскага прэзідэнта Украіны. Верагодна, ён меў на ўвазе Еўрамайдан і ўцёкі Віктара Януковіча ў Расію ў 2014 годзе.
«Гучыць так, быццам я шукаю апраўдання Расіі, але гэта не так», — запэўніў Маск.
Варта адзначыць, што сцвярджэнне, нібыта імперыялістычная палітыка Крамля з'яўляецца выключна рэакцыяй на «дзяржаўны пераварот», які быццам бы адбыўся ў Кіеве 2014 годзе, з'яўляецца адным з ключавых тэзісаў, пакладзеных у падмурак расійскай дзяржаўнай прапаганды.
Каментары