Здаецца, ужо столькі зімаў пражыта, але я ўсё ніяк не магу звыкнуцца з маразамі. Увесь час хочацца хутацца, піць гарачае і не выходзіць з хаты.
Да ежы ў мяне ў гэты час таксама асаблівае стаўленне — хочацца нечага цёплага, сытнага і духмянага. І рызота падыходзіць пад гэтае апісанне ідэальна. Не бойцеся яго рабіць — гэта не настолькі доўга і складана, як часам кажуць. Але ў любым выпадку трэба ведаць некаторыя хітрыкі:
- вялікая частка поспеху — гэта правільны рыс, лепш за усё выкарыстоўваць коратка-крупчасты рыс сорта Арборыа, Карнаролі, Рома ці Балдо;
- тэмпература булёна павінна быць досыць высокая (нельга дадаваць булён, які па тэмпературы ніжэйшы, чым рыс);
- дадаткі (грыбы, курыца, агародніна) лепей дадаваць напрыканцы ўжо згатаванымі.
Нам спатрэбіцца:
- 1 шклянка рысу арборыа
- 30 гр. сухіх грыбоў
- 150 гр. свежых шампіньёнаў
- 1 белая цыбуліна
- 150 мл вяршкоў 20%
- 60 гр. сыру пармезан
- 40 гр. масла
- Соль, чорны перац
- 0,5 ч.л. чабару.
- 2 ст.л. аліўкавага алею
- труфельны алей (па жаданні)
Спачатку прыгатуем грыбны булён. Сухія грыбы заліваем 800 мл вады, дадаём соль і спецыі, даём паварыцца на маленькім агні хвілін 20. Па жаданні, можна зрабіць булён з агароднінай, дадаўшы да яго вельмі дробна парэзаную моркву і сельдэрэй. Грыбы дастаём, рэжам на маленькія кавалачкі. Булён выкарыстоўваем для рызота.
Цыбулю і шампіньёны наразаем кубікамі і смажым на патэльні на аліўкавым алеі да мяккасці, дадаём грыбы з булёну. Смажым да мяккасці і не даём моцна астыць.
У рондаль насыпаем рыс і даём хвілінку падсмажыцца. Наліваем чарпак булёну, добра мяшаем і варым, перамешваючы, пакуль вадкасць не выпарыцца. Дадаём наступны чарпак булёна. Працягваем таксама, пакуль рыс не ўбярэ ўвесь булён. Апошнім дадаём грыбы з цыбуляй і вяршкі (падагрэтыя), масла і 1/3 ч.л. труфельнага алею. Перамешваем, выключаем агонь, накрываем накрыўкай і пакідаем хвілін на 5.
Перад падачай пасыпаем пармезанам. Па жаданні, можна яшчэ пасыпаць нарэзанай пятрушкай. Смачна есці!

«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары