Грамадства88

Сям'я беларусаў працуе цыркавымі гімнастамі на круізных лайнерах — і чакае канца эпідэміі на караблі

Беларусы Сяргей і Вольга Даргель працуюць паветранымі гімнастамі на круізным лайнеры. Кажуць, гэта мара — выступаць з уласным нумарам у цырку і вандраваць па свеце. 

Цяпер яны за акіянам, у горадзе Галвестан амерыканскага штата Тэхас. Там у порце прышвартаваны іх лайнер, дзе пара праводзіць каранцін у чаканні часу, калі можна будзе вярнуцца дадому.

Пра працу за мяжой, пенсію ў гімнастаў, 13 гадоў шлюбу і самаізаляцыю на караблі Сяргей і Вольга расказалі «Нашай Ніне».

«Два беларусы сустрэліся на другім баку Зямлі»

У прафесію кожны з іх прыйшоў сваім шляхам. Сяргей усё жыццё прысвяціў спартыўнай гімнастыцы. Марыў выступаць на арэне цырка. Паступіў на факультэт фізічнай культуры ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, а на трэцім курсе атрымаў магчымасць паехаць працаваць за мяжу — акрабатам у цыркавым шоу на Тайвані. Праўда, праз год вярнуўся, каб скончыць універсітэт.

Вольга займалася танцамі. Яна балетмайстар па адукацыі, скончыла ўніверсітэт культуры ў Менску. І амаль адначасова з Сяргеем адправілася працаваць за мяжу.

«Так мы і сустрэліся — два беларусы на другім баку Зямлі,

— усміхаецца Сяргей і ўспамінае, што для яго гэта была першая далёкая вандроўка. — Падабалася ўсё, што я бачыў. Экзотыка: пальмы, акіян, ежа — я такіх страў ніколі не каштаваў».

На Тайвані пара працавала ў вялізным забаўляльным парку, падобным да Дыснейлэнду. Кажуць, было вельмі цяжка. У міжнародным калектыве трэба было размаўляць па-ангельску і нават трохі ведаць кітайскую мову.

Працоўны дзень пачынаўся а 7 гадзіне раніцы і канчаўся а 19. За гэты час артысты паспявалі зрабіць два ці тры шоу і адзін «Парад» — прадстаўленне накшталт карнавалу праз увесь парк.

Тады ж Сяргей і Вольга задумаліся над ідэяй сумеснага праекта — так было зручней працаваць. Знайшлі цыркавога рэжысёра з Кіева і два месяцы трэніравалі нумар — праз боль, слёзы і перамогі над сабой.

«Галоўная задача любога цыркавога нумара — рабіць вельмі складаныя і небяспечныя трукі з такім выглядам, як быццам гэта зусім не цяжка. Таму асноўнай праблемай быў страх перад тым, што ніколі не рабіў. Каб пачаць выконваць адзін вельмі складаны трук, спатрэбілася два тыдні. А зараз мы яго робім амаль кожны дзень і нават нічога не адчуваем.

Праца на кожным рэквізіце напачатку выклікае боль, пакуль ты да яго не прызвычаішся, а некаторыя трукі заўсёды балючыя, незалежна ад таго, колькі разоў ці гадоў гэта выконваеш. Ад гэтага напачатку было вельмі складана. Усё цела балела і было пакрыта сінякамі», — успамінае пара.

Пасля — куча кастынгаў. На адных беларусы ўдзельнічалі асабіста, на іншыя дасылалі запіс свайго нумару па інтэрнэце. Прапанову чакалі амаль два гады (увесь гэты час Сяргей і Вольга працавалі паасобку). Нарэшце адгукнулася адна з круізных кампаній і запрасіла іх на свой борт.

Карабель на 6 тысяч чалавек з тэатрам і лядовай арэнай

Лайнер, на якім працуюць беларусы, курсіруе па Карыбскім басейне і выглядае як маленькі горад. Карабель змяшчае 5000 гасцей і 1200 супрацоўнікаў.

Там ёсць усё: казіно, рэстараны, спа-салоны, крамы duty free, басейны, лядовая арэна, вялізны тэатр на больш за тысячу месцаў… Нават цэх па перапрацоўцы смецця і штучная марская хваля для сёрфінгу!

Сяргей і Вольга расказваюць, як выглядаў іх працоўны графік да эпідэміі.

«Звычайна за адзін круіз (ён цягнецца тыдзень) мы ўдзельнічаем у чатырох шоу. Але гэта толькі тое, што бачаць госці. Шмат чаго адбываецца на бэкстэйджы. Перад кожным шоу ёсць свае тэхнічныя прагоны — гэта такое ж шоу, толькі без касцюмаў і грыму. Таксама ёсць абавязковыя рэпетыцыі, як з усім калектывам, так і выключна для нас. У дадатак да ўсяго — трэнажорная зала: праца на сілу, гібкасць, кардыятрэніроўкі.

Апроч таго, што мы робім па нашай прафесіі, мы маем яшчэ некалькі абавязкаў. Самы галоўны — гэта бяспека на лайнеры. Кожны тыдзень праходзяць вучэнні, у якіх удзельнічаюць усе супрацоўнікі».

Публіка на лайнерах падарожнічае розная. На Раство ці Новы год у круізы адпраўляюцца вельмі багатыя людзі, у звычайную пару — сярэдні клас. На часы канікул становіцца больш моладзі, а ўвосень — пенсіянераў.

Як выглядае каранцін на лайнеры

На каранціне артысты з 15 сакавіка.

«Ва ўсім свеце круізныя кампаніі добраахвотна пагадзіліся на часовае прыпыненне дзейнасці ў сувязі з каранавірусам. Мы знаходзімся на караблі і не працуем. Кампанія вельмі добра клапоціцца пра нас і адначасова шукае шляхі, каб нас даставіць дадому. Але, у сувязі з тым, што ва ўсім свеце спыніліся авіязносіны, гэта амаль немагчыма», — расказваюць беларусы.

На караблі застаўся толькі персанал. Спачатку усе правялі 14 дзён у самаізаляцыі, пасля дазволілі выходзіць на палубу, але прымаючы меры бяспекі — у масцы і на дыстанцыі два метры.

Ежы хапае. Адкрыты вялізны рэстаран для ўсіх, кафэ, крама з усім неабходным, бар. 

Сяргей і Вольга на каранціне занятыя трэніроўкамі. Расцяжка, фітнес — усё, каб заставацца ў добрай форме.

«Сярэдні ўзрост, калі цыркавыя гімнасты сыходзяць на пенсію, — 40 гадоў»

Паветраныя гімнасты выступаюць на вышыні да 8-10 метраў.

«Зразумела, страшна, — не хаваюць яны. — Дзеля таго мы і рэпеціруем, каб больш кантраляваць тое, што робіш. Кожны цыркавы нумар, які звязаны з рызыкай, павінен быць вельмі адпрацаваным.

Калі што-небудзь ідзе не так падчас нумара, потым мы заўсёды разбіраем: чаму так атрымалася, якія варыянты могуць узнікнуць яшчэ, і галоўнае — як гэта выправіць. Гэта бясконцая «паліроўка». І нават яна не гарантуе дасканалага перформансу».

Каб трымаць працоўную вагу, даводзіцца абмяжоўваць сябе ў прысмаках.

«Дэсерты я ем вельмі рэдка, — кажа Вольга.— Харчаванне — гэта палова поспеху. Правільная дыета, простымі словамі, дапамагае нарошчваць мышачную масу і дае энергію».

Да якога ўзросту звычайна працуюць цыркавымі гімнастамі? Сяргей тлумачыць, што гэта залежыць ад многіх фактараў — здароўя, магчымасці вытрымліваць высокія нагрузкі і хутка аднаўляцца пасля іх, траўм, атрыманых за кар’еру.

«Сярэдні ўзрост, калі асноўная колькасць артыстаў сыходзяць, — гэта 40 гадоў, — дзеліцца назіраннямі Сяргей. — Пасля ва ўсіх свой шлях. Хто пачынае свой бізнэс, ніяк не звязаны з арэнай, хто застаецца ў цыркавым мастацтве ў якасці рэжысёра або агент-менеджара, хто працуе трэнерам у фітнес-клубе».

«Пачалі вандраваць па свеце, калі дачцэ быў адзін год»

Разам Сяргей і Вольга ўжо 15 год, з іх 13 — у шлюбе.

«У многіх сяброў ўзнікае пытанне: як можна і працаваць, і жыць разам? Так, гэта вельмі складана. Але прафесія паветраны гімнаст мае на ўвазе давер паміж партнёрамі, якога не атрымаць, калі ты не ў блізкіх адносінах. Толькі так можна даверыць сваё жыццё ў іншыя рукі», — разважаюць артысты.

Іх дачка Ліза ходзіць у шосты клас гарадзенскай гімназіі. Даглядаць яе, пакуль бацькі працуюць у круізах, дапамагаюць сваякі.

«Мы пачалі працаваць і вандраваць па свеце, калі ёй быў адзін год. Па магчымасці стараліся браць яе з сабою — аднойчы дачка нават была з намі ўвесь кантракт. Цяпер, у сувязі з вучобай, так не зробіш. Калі атрымліваецца, то бяром яе на летнія канікулы», — дзеляцца бацькі.

Але, заўважаюць, дачка не вельмі цікавіцца цыркавым мастацтвам — больш любіць маляваць. А з усіх відаў спорту пакуль спынілася на футболе.

«Сустрэлі амерыканца, у якога на ранча ёсць трактар «Беларус»

За мяжой артысты праводзяць 5-8 месяцаў на год. Па іх назіраннях, за акіянам пра Беларусь ведае няшмат людзей — многія нават назву не чулі. Але бываюць і выключэнні.

«Аднойчы мы сустрэлі амерыканца, які пачаў распавядаць, што на ягоным ранча ёсць трактар «Беларус», які ён набыў у 1990 годзе. І ён дагэтуль працуе!

— згадвае той выпадак Сяргей. — З нашага боку мы заўсёды стараемся расказаць пра нашу краіну. Распавядаем, якая яна прыгожая і мае доўгую гісторыю. І вучым гаварыць пару слоў на нашай мове».

На амерыканскім ўзбярэжжы беларусы сумуюць па сваяках, родным горадзе і магчымасці пагуляць з сабакам (у Гродне іх чакае цвергшнаўцэр).

«Падчас круізаў не хапае таксама прагулак па вуліцы. Мы маем абмежаваны час, калі можам выйсці на бераг, таму што лайнер адплывае з порту па графіку і нельга спазняцца. Увесь астатні час мы на лайнеры. Сумуем па дамашняй ежы. Тут добрая ежа, не зразумейце мяне няправільна, проста яна іншая.

А яшчэ сумуем па нашай прыродзе. Пальмы, мора — гэта добра, аднак беларуская прырода ўнікальная і часам яе не хапае».

Каментары8

Цяпер чытаюць

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал17

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал

Усе навіны →
Усе навіны

Іншую скульптуру аўтара скандальнай «Быхаўскай мадонны» чыноўнікі афіцыйна набылі за $15 тысяч толькі праз месяц пасля адкрыцця7

Масад папярэдзіў ЗША аб планах Ірана забіць Трампа дронамі5

SpaceX упершыню ў гісторыі злавіла верхні блок Starship ВІДЭА5

Ці хапае трох дзён бальнічнага, каб не заразіць калег?1

Больш танныя балістычныя ракеты радыкальна мяняюць правілы вайны1

Пажар тушаць гукам. Як гэта магчыма?

Сабаленка пракаментавала, што яе нецэнзурныя словы адрасаваліся не Світолінай16

Сустрэча Пуціна, Сі Дзіньпіна і Трампа пройдзе 19 лістапада1

Стала вядома, дзе будзе знаходзіцца Офіс Ціханоўскай у Варшаве32

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал17

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць