Меркаванні2626

Віктар Марціновіч: Я не пазнаю Беларусь

Фота Надзеі Бужан

Віктар Марціновіч на budzma.by аналізуе сітуацыю, у якой апынулася беларускае грамадства летам 2020 года.

Краіна, утыканая камерамі відэаназірання, нібы дзедаў гародчык — пудзіламі, цяпер уся размаляваная графіці «3%». Даўным-даўно, калі столькі камераў яшчэ не было на нашых вуліцах, а лічба «3%» нічога не значыла, «ЗУБРоўцаў» вылічвалі і саджалі за адзінкавы надпіс «Свабоду Марынічу!» (параўнайце «зараджанасць» таго надпісу з тэзай, што стаіць за графіці «3%»).

І самае галоўнае — ЖЭСаўцы, якія раней кідаліся на любы занюханы «ШОС» і засупрэмлівалі яго цягам сутак з моманту з’яўлення, цяпер быццам проста глядзяць, не спяшаюцца брацца за пэндзлі. І мне гэта неяк цяжка зразумець. Хіба тыя баявыя зафарбоўшчыкі з камунальнай гаспадаркі адчулі, што раней гаражы распісвалі «ЗУБРоўцы», «хартыйцы», «БНФаўцы», а цяпер за той накрэмзанай лічбай можа стаяць сусед па пад’ездзе?

Шараговыя сустрэчы з выбаршчыкамі на Бангалоры збіраюць натоўпы, якіх не ведаў не толькі фармат шараговых сустрэч з выбаршчыкамі, але і сам парк Дружбы народаў.

Аднак самая галоўная змена — больш тонкая і тычыцца хутчэй не падзей, а рэакцыі людзей на тыя падзеі.

Ведаеце, да 2020 года любы добры ўчынак, асабліва ў палітыцы, выклікаў не хвалю шанавання, а срач.

Ну, вось, напрыклад, Някляеў, знаны беларускі паэт, жывы класік, асоба з бясспрэчнай рэпутацыяй, кідае выклік уладзе ў 2010 годзе. І замест «дзякуй» чуе «прадаўся Крамлю». Нехта шпурляе ў масавую свядомасць дэзу пра тое, што Някляева фінансуе Суркоў, і грамада, замест таго каб памятаць, што Някляеў — «свой», (а тыя, хто намагаецца яго дыскрэдытаваць — не), пачынае зацята рубіцца, ці здрадзіў Някляеў Беларусі. Калі ў 2001-м апазіцыя абірае паміж Домашам і Ганчарыкам, усе, хто сочыць за гэтым, лаюцца адно з адным. І гэта такая наша традыцыя. Калі хочаш, каб людзі перасварыліся, кінь у калектыўны розум любую «срачаздольную» костку і глядзі, як сабакі рвуць адзін аднаму жываты.

Тое, што ў Беларусі нешта моцна змянілася, стала зразумела, калі не спрацаваў старанна выпечаны «відосік» з Цапкалам.

Нехта моцна запарыўся, каб гэта ўсё зрэжысаваць і зняць, разлік быў на тое, што зараз усю краіну перасмыкне ў спрэчках пра маральны партрэт стваральніка ПВТ. Але на бруд не павяліся нават «твітарскія», у адказ загучалі вельмі непрыемныя аргументы пра маральны партрэт тых, хто такія «відосікі» замаўляе, і, карацей, задума правалілася.

А на мінулым тыдні штабы трох альтэрнатыўных кандыдатаў без асаблівых высілкаў аб’ядналіся. Фотаздымак, які замацаваў аб’яднанне, — добрая ікона лета-2020 для гісторыі.

Так, можна сказаць, што ўлада добра «падыграла» гэтаму з’яднанню, зарэгістраваўшы кандыдатам толькі аднаго з трох прэтэндэнтаў, а двух асноўных сапернікаў закрыўшы ў астрозе (раней яе рашэнні былі больш разлічанымі на срач — рэгістраваць усіх і глядзець, як бедакі рубяцца за рэсурсы і выбаршчыка). Але, як паказваюць шмат якія дзеянні апазіцыі ў канцы дзевяностых, нават губляючы амаль усё, можна не з’ядноўвацца, а працягваць сварыцца (каму цікава, прачытайце пра гісторыю расколу БНФ). І тут мы бачым відавочна іншую, здольную на супольныя дзеянні на карысць справы Беларусь.

І гэта толькі пачатак дзівосаў.

Раней прыкметай «розуму» чалавека ў ФБ была здольнасць разнесці ў труху чужы годны ўчынак.

Напрыклад, калі нехта з былых нейтральных робіць гучную заяву супраць сістэмы, разумнік мусіць пачаць кукарэкаць: «А дзе яны раней былі?», «А чаму толькі цяпер?». Хаця лагічным было б памятаць, што гэтая асоба цяпер «з намі», а таму яе трэба не цкаваць, а падбадзёрваць.

І так, зразумела, што ў выпадку Беларусі ніякіх «з намі» няма, бо ў нас грамадства невялікіх груп, у якім раз’ядноўваць прасцей, чым знітаваць вакол якой заўгодна ідэі. Але любая перамога дасягальная выключна з’яднаннем, то захаванне такой манеры разумнікаў, якая ўхвалялася лайкамі, ні да чога добрага не вяло.

І тут рэальнасць і норавы беларускіх сацыяльных медыяў як падмянілі.

Я бачу, што любы крытычны закід у Твітары ці ФБ блакуецца ў першых жа каментах. Хтосьці надумаў «вывесці на чыстую ваду» Пракоп’ева, хтось — паздзекавацца з інтанацый «хатняй гаспадыні» Ціханоўскай у выступе на БТ. Такіх каментараў не залайкваюць, як раней, а вельмі хутка ставяць на месца: «Не падабаецца — паспрабуй лепей», «Не да часу зубаскаліш» і г. д.

А тыя спецыялісты, што пад’юджваюць крытыкаваць, пагублялі ўсе свае аргументы, былыя тэзы робяцца слабымі ў новай сітуацыі. Ну, кшталту адвечны беларускі срач пра «грантасосаў»: якія гранты, калі ў прэзідэнты пайшоў банкір з асабістым капіталам, якога хапіла б на тры кампаніі?

Беларусы сапраўды моцна пасталелі, іхныя паводзіны робяцца падобнымі на паводзіны грамадства, а не сельскай шоблы.

Акрамя бачных воку ў гэтым ёсць як мінімум дзве глыбінныя прычыны, пра якія я распавяду ў сваіх наступных тэкстах.

Каментары26

Цяпер чытаюць

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію50

Прэм’ер-міністр Тайланда заявіў, што вайна з Камбоджай працягнецца

Чэлентана, Беёнсэ, Лэдзі Гага і нават «Ласкавы май» — што ў плэйлісце Нікола Пашыняна

На юрфаку БДУ па-ціхаму разжалавалі дэкана-даносчыка2

У Індыі фанаты ўчынілі пагром пасля сарванага выхаду Ліянэля Месі1

Сустрэча Лукашэнкі і Коўла працягваецца сёння5

ЕС адмовіўся ад забароны бензінавых аўтамабіляў да 2035 года

Украіна вырашыла да канца года ліквідаваць інтэрнацыянальныя легіёны11

На памежных пераходах адключылі камеры9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні65

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць