Меркаванні

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў патлумачыў, чаму расіяне так падтрымліваюць вайну, а беларусы — не

Прыводзім яго допіс, прысвечаны гэтаму пытанню, цалкам.

Фота: Вячаслаў Рацінскі, УНІАН

«Адкуль такая падтрымка вайны сярод расейцаў?

Апошнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што грамадская падтрымка «спецыяльнай аперацыі» ў Расеі ёсць і яна вельмі высокая — 60-70%. Тут можна казаць аб блізкасці да ўлады цэнтраў, якія праводзілі даследаванні, аб праблемнасці апытанняў у таталітарных грамадствах, яшчэ аб розным… Але каментары ў сацыяльных сетках і відэа з вуліц расейскіх гарадоў хутчэй пацвярджаюць такія лічбы, чым іх абвяргаюць.

У Расіі спрабуюць высветліць, ці хочуць рускія вайны. І выглядае, што хочуць 

У той жа час у Беларусі сітуацыя кардынальна супрацьлеглая. Яшчэ да пачатку вайны толькі 11-12% жыхароў краіны падтрымлівалі ідэі аб магчымым удзеле Беларусі ў вайне Расеі з Украінай (даследаванне Chatham House, збор дадзеных з 20 студзеня па 9 лютага 2022 года). Больш чым упэўнены, што цяпер такіх людзей будзе яшчэ менш.

Чаму такое супрацьлеглае стаўленне да вайны ў расейцаў і беларусаў? Пры тым, што Беларусь уключаная ў расейскае інфармацыйнае поле, а да самой Расеі да нядаўняга часу беларусы адчувалі больш станоўчыя пачуцці, чым да Украіны?

Думаецца, адно з тлумачэнняў — рознае ўспрыманне вайны. Зразумела, перш за ўсё Вялікай Айчыннай (хоць, калі паглядзець глыбей у гісторыю, тэндэнцыя будзе пацвярджацца). Так, і ў тым, і ў іншым выпадку гэтая вайна з'яўляецца адным з цэнтральных месцаў у гісторыі краіны, але ўспрыманне і сэнс там розныя.

Для абсалютнай большасці беларусаў Вялікая Айчынная вайна з'яўляецца элементам сямейнай гісторыі, не параднай, паўсядзённай. З апавяданнямі або маўчаннем бабуль, з ваеннымі магіламі ў ваколіцах і праўдай пра партызан, з фотаздымкамі разбамбаванага роднага горада, помнікам габрэйскага гета на суседняй вуліцы.

А для расейцаў… Паглядзіце, як далёка на ўсход зайшла лінія фронту — Карэлія, Ленінград, Падмаскоўе, Сталінград, Кубань. Астатняе (Урал, Сібір, Далёкі Усход) — тыл. Так, героі тылу, «усё для фронту», пахавальныя… Але сама вайна далёка, у газетах і рэпрадуктары са зводкамі з фронту. Таму на сямейнай і гістарычнай памяці для іх «вайна» — гэта не столькі персанальна-асабістае, колькі тое, што напісана ў падручніках гісторыі і паказана ў кіно. І марш на Чырвонай Плошчы ў Маскве.

***

Памятаеце такі праект — «Бессмяротны полк»? Гэта калі 9 мая арганізоўвалася шэсце людзей з партрэтамі продкаў, якія прымалі ўдзел у вайне з фашызмам. «Несмяротны полк» паўстаў у Цюмені як народная, грамадзянская ініцыятыва, не палітычная, мемарыяльная. Але потым ён пашырыўся на ўсю Расею і ператварыўся ў прапагандысцкую рэч, адміністрацыйную. Людзей сталі прымушаць да ўдзелу ў такіх шэсцях — бюджэтнікаў, студэнтаў, школьнікаў. У рэшце рэшт арганізатары, якія прыдумалі гэты праект і распаўсюдзілі яго на дзясяткі гарадоў, сышлі. Кіраўніцтва праектам перайшло да ўладаў і «Адзінай Расеі».

Расея, якая і раней прэтэндавала на манаполію ў «спадчыне перамогі», падмяла пад сябе «Несмяротны полк», экспрапрыявала гістарычную памяць. Акцыю, што ўзнікла шмат у чым як народны рух, пасля 2014 года сталі ператвараць у адміністрацыйную абавязалаўку. Напэўна, менавіта тады нарадзілася такое слова — «победобесие». Памятаеце гэтыя налепкі на аўтамабілях: «На Берлін!», «Можам паўтарыць!», «Дзяды ваявалі!..»? І георгіеўскія стужачкі.

Ні разу не чуў у Беларусі «Можам паўтарыць!» У нас казалі інакш — «Ніколі зноў!»

У гэтым прынцыповая розніца. Тое, што для адных стала нязбыўным болем, іншыя інтэрпрэтавалі як падставу для ганарлівага выпяндрожу.

Давыпендрываліся».

Каментары

Цяпер чытаюць

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?24

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?

Усе навіны →
Усе навіны

Мая любілі не толькі золата, але і ртуць. Ці магло гэта загубіць іх цывілізацыю?2

Кіраўнік Nvidia Джэнсэн Хуанг прызнаўся, што здраджваў жонцы. Яго каханкай была меркаваная кітайская шпіёнка1

ШІ дапамог знайсці «натуральны Аземпік»4

Колькі кажаноў гіне ад ветракоў? Маштаб аказаўся значна большым, чым чакалі3

Грузія выдварыла 39 беларусаў за дзевяць месяцаў 2026 года6

За мірганне далёкім святлом можа пагражаць штраф да 450 рублёў2

Сям'ю забіў, пакуль тыя спалі, цікавіўся «гітлераўцамі і арыйскай расай». Што яшчэ вядома пра справу 24‑гадовага стралка ў Кракаве19

Катастрофа на чыгунцы ў Егіпце — сем загінулых, больш за 100 параненых

Чвэрць без «васьмёрак» — 100 рублёў. Шматдзетная маці расказала, колькі плаціць дзецям за ацэнкі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?24

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць