Грамадства

«Абяцанне, што заказ ужо ў дарозе, я чуў разоў з дваццаць». Беларусы месяцамі чакаюць ад прадпрымальніка свае вырабы, за якія загадзя заплацілі

«Праз 40 хвілін ператэлефаную», «Стальніцы ўжо едуць», «Засталося трохі пачакаць» — прыкладна такія адказы месяцамі чулі кліенты аднаго прадпрымальніка. Беларусы заплацілі за вырабы з каменя тысячы рублёў, але ў выніку некаторым прышлось заказваць стальніцы нанова і ўжо ў іншых майстроў. Выданне «Анлайнер» пагаварыла з заказчыкамі і самім прадпрымальнікам, які растлумачыў, чаму не змог выканаць абяцанае.

«У офісе размаўляў культурна»

Кацярына (імя змененае па просьбе гераіні) звярнулася да майстра вясной 2026 года. Жанчына ўнесла перадаплату за каменную стальніцу, але праз некалькі месяцаў заказ так і не быў выкананы.

«Усё пачалося вясной 2026 года, калі мы займаліся ўладкаваннем кухні і шукалі майстра, які мог бы вырабіць стальніцу з каменя. Кантакт гэтага чалавека мне даў іншы індывідуальны прадпрымальнік, з якім я звязваліся наконт кухні.

Я сазванілася з майстрам, мы дамовіліся пра сустрэчу, я прыехала да яго ў офіс, які знаходзіўся на Пераможцаў, 121. Офіс быў вялікі, паўсюль стаялі ўзоры каменя.Сам мужчына выглядаў цалкам прадстаўніча і размаўляў культурна. Ніякіх сумненняў у тым, што яму можна давяраць, у мяне тады не ўзнікала.

Мне патрэбна была каменная стальніца для кухні. На той момант сама кухня яшчэ нават не была заказаная, але майстар запэўніў, што патрэбны камень ёсць на складзе. Ён пры мне камусьці патэлефанаваў, удакладніў наяўнасць і сказаў, што матэрыял можна зарэзерваваць пад нас. Дамовіліся, што калі паставяць кухню, прыедзе замершчык, здыме памеры, і пасля гэтага стальніцу вырабяць. У красавіку мы заключылі дамову і ўнеслі перадаплату — 6306 рублёў, што складала 80% кошту заказа».

Першыя праблемы, па словах Кацярыны, узніклі ўжо пасля ўстаноўкі кухні, калі прыйшоў час рабіць замеры для стальніцы. Яна сцвярджае, што звязалася з майстрам, аднак той пачаў пад рознымі адгаворкамі адкладаць прыезд спецыяліста.

«Урэшце замершчык усё ж такі прыехаў, зняў памеры, але адразу папярэдзіў, што на вытворчасці нейкія праблемы і хутка вырабіць стальніцу не атрымаецца. Сказаў, што ўсе кліенты чакаюць сваёй чаргі. Што менавіта адбылося на вытворчасці, ніхто толкам не тлумачыў.

Мы вырашылі пачакаць, і далей пачалася нейкая бясконцая чарада абяцанняў. Спачатку казалі, што вытворчасць пераязджае, потым узнікалі іншыя складанасці. Кожны раз, калі я пыталася пра тэрміны, мне абяцалі, што хутка ўсё будзе гатова. Іпэшнік таксама дасылаў відэа, каб даказаць, што наш камень сапраўды існуе. На адным з іх быў паказаны матэрыял на складзе з прыклеенай паперкай, на якім быў напісаны адрас нашага аб’екта. Пазней я сама паехала разбірацца і высветліла, што гэта наогул не яго вытворчасць. Наколькі я зразумела, відэа было зроблена на чужым складзе.

Фота выраба, які, па словах гераіні, ёй даслаў майстар

Увесь гэты час мы жылі з усталяванай кухняй, але без стальніцы і не маглі нармальна карыстацца ні мыйкай, ні плітой. Уявіце: кухня нібыта ёсць, а гатаваць на ёй немагчыма. У такіх умовах мы правялі каля двух месяцаў».

Пазней Кацярына выпадкова наткнулася ў інтэрнэце на водгук іншага заказчыка, які таксама сутыкнуўся з праблемамі пры працы з гэтым прадпрыемствам.Жанчына звязалася з аўтарам водгуку, а той дадаў яе ў тэлеграм-суполку, дзе людзі дзеляцца падобнымі гісторыямі.

«У суполцы было каля 20 чалавек, з якіх, наколькі я зразумела, прыкладна 10 да гэтага часу чакаюць выканання заказа або вяртання грошай. Некаторыя спрабуюць вырашыць пытанне яшчэ з 2024 года.

Пасля зносін з іншымі заказчыкамі я вырашыла самастойна высветліць, што адбываецца з нашым матэрыялам. Даведалася, з якога склада павінен быў пастаўляцца камень, і звязалася з яго супрацоўнікам. Па яго словах, камень для нашага заказа прадпрымальнік наогул не выкупляў.

Для мяне гэта стала апошняй кропляй. Атрымліваецца, увесь той час, пакуль мне расказвалі пра чэргі на вытворчасці, занятых устаноўшчыкаў і хуткую гатоўнасць стальніцы, матэрыял нават не быў набыты, хоць грошы за яго мы ўнеслі яшчэ вясной.

Я накіравала прадпрымальніку афіцыйную прэтэнзію аб скасаванні дамовы і запатрабавала вярнуць перадаплату. Сёння ён пералічыў мне толькі 310 рублёў з 6306. Астатнія грошы я так і не атрымала.

Пры гэтым мужчына працягвае выходзіць на сувязь. Я магу яму патэлефанаваць, ён адказвае, размаўляе, абяцае ўсё вырашыць. То кажа, што сёння прыедзе прымаць нейкі аб’ект, то заўтра скончыць падаконнікі і адразу зоймецца вяртаннем. Кожны раз з’яўляецца новая прычына, чаму грошы пакуль нельга пералічыць.

У выніку, калі стала зразумела, што чакаць стальніцу бессэнсоўна, я звярнулася ў іншую кампанію. Там за 10 дзён закупілі матэрыял, вырабілі стальніцу і паствілі яе».

«Ягоная ўлюбёная фраза — «Праз 40 хвілін ператэлефаную»

Яўген разам з жонкай рыхтаваўся вясной гэтага года адкрыць установу ў Лідзе. Да турыстычнага сезону сужэнцы вырашылі цалкам абнавіць інтэр’ер, у тым ліку замяніць сталы, і заказалі 14 стальніц, пералічыўшы таму ж прадпрыемству каля 16 тысяч рублёў. Аднак абяцаныя тэрміны прайшлі, а заказ так і не быў выкананы.

«Купілі памяшканне, вырашылі зрабіць усё прыгожа. Месца турыстычнае, каля замка, таму нам было важна паспець да сезону. Адным з галоўных пытанняў сталі сталы. Падстоллі нам вырабілі на месцы, а стальніцы вырашылі заказать з кварцавага агламерату.

Спачатку ездзілі па розных кампаніях у Мінску, глядзелі матэрыялы, параўноўвалі цэны. Дзесьці было дарагавата, дзесьці не маглі падабраць прыдатны варыянт.

Потым вырашылі яшчэ пашукаць у інтэрнэце і знайшлі кантакты кампаніі, якая займалася вырабамі з каменя. Мы прыехалі ў офіс, дзе быў паўнавартасны шоурум: сталы з кварцавага агламерату, кухні з каменнымі стальніцамі, розныя матэрыялы. Нават працоўныя сталы, на якіх стаялі камп'ютары, былі зробленыя з каменя.

Прадпрымальнік расказваў, колькі аб’ектаў яны ўжо выканалі, паказваў фатаграфіі гатовых работ.

У выніку знайшлі ўзор, які нам вельмі спадабаўся. Нават узялі кавалачак з сабой у Ліду, прыклалі да інтэр’еру будучай установы, паглядзелі, як будзе спалучацца з астатняй мэбляй. Вырашылі, што гэта менавіта тое, што трэба. Звязаліся з прадпрыемствам, адправілі фатаграфію выбранага матэрыялу і папрасілі разлічыць кошт.

Нам патрабавалася 14 стальніц: 10 нестандартных памераў і яшчэ 4 памерам 80×80 сантыметраў. Ён падрыхтаваў раскладку, паказаў, як будуць рэзаць камень, і выставіў кошт — каля 16 тысяч рублёў.

Пры гэтым адразу папярэдзіў, што з аплатай трэба паспяшацца, бо калі не зрабіць яе ў бліжэйшы час, то матэрыялаў прыйдзецца чакаць паўтара месяца. А нам чакаць было нельга: мы планавалі адкрывацца да турыстычнага сезону, ужо займаліся персаналам, рамонтам і арганізацыяй працы. Таму вырашылі не абмяжоўвацца перадаплатай у 13 тысяч, якую ён прасіў, а адразу пералічылі ўсю суму — 16 тысяч рублёў.

Паводле дамовы сталы павінны былі вырабіць да канца мая 2026 года, наколькі памятаю, прыкладна да 29‑га чысла. Я некалькі разоў падкрэсліваў, што тэрміны для нас вельмі важныя. Тлумачыў, што ўстанова знаходзіцца насупраць Лідскага замка, хутка пачнецца турыстычны сезон, таму нам трэба адкрыцца своечасова.

Прадпрымальнік запэўніваў, што ўсё паспеюць зрабіць».

Першы час усё выглядала нармальна. Яўген чакаў стальніцы, часам сазвоньваўся з прадпрыемствам і кожны раз чуў, што праца ідзе. Але абяцаная дата прайшла, а сталоў так і не было.

«Кожны раз я чуў прыкладна адно і тое ж: яшчэ трохі, амаль гатова, хутка прывязём.Так прайшло яшчэ каля месяца. Потым раптам высветлілася, што нашыя стальніцы нібыта вырабляюць у Маскве. Прадпрымальнік тлумачыў, што там узнік нейкі форс-мажор і гатовыя вырабы не могуць адправіць у Беларусь. Я прасіў яго разабрацца, таму што тэрміны даўно прайшлі, а мы ўсё яшчэ не маглі адкрыць установу.

У нейкі момант ён заявіў, што сам паедзе ў Маскву па наш заказ. Я папрасіў прыслаць фатаграфіі і відэа, каб пераканацца, што стальніцы сапраўды вырабленыя. Ён адпраўляў нейкія запісы, але на іх было немагчыма зразумець, наш гэта матэрыял ці чужы. Дзесьці былі бачныя толькі тарцы, дзесьці ўсё было пакрыта пылам.

У яго яшчэ была ўлюбіёная фраза — «Праз 40 хвілін ператэлефаную». Я нават мянушку яму прыдумаў — «40 хвілін». Таму што гэтыя 40 хвілін маглі расцягнуцца на два дні, а званка так і не было.

Прыкладна праз тры тыдні пасля ўсёй гэтай гісторыі ён усё ж такі прыслаў відэа, на якім я пазнаў менавіта наш матэрыял. Мы з жонкай паглядзелі і крыху супакоіліся. Падумалі, што раз камень сапраўды ёсць, значыць, заказ усё ж такі выконваецца.

Але час ішоў, а стальніц не было.

Да таго моманту сітуацыя ўжо сур’ёзна ўдарыла па нашым бізнэсе. Мы разлічвалі адкрыцца да пачатку сезону, загадзя набралі супрацоўнікаў, арганізавалі іх навучанне. На падрыхтоўку персаналу пайшло каля двух з паловай месяцаў. Людзі былі гатовыя працаваць, а мы працягвалі чакаць мэблю.

Я пастаянна тлумачыў прадпрымальніку, што з-за яго мы не можам запусціць установу. Калі б ён адразу сказаў, што стальніц няма і вырабіць іх не атрымаецца, я б даўно заказаў усё ў іншым месцы. Але ён рэгулярна прысылаў нейкія відэа, абяцаў дастаўку праз некалькі дзён, і кожны раз здавалася, што яшчэ трохі — і пытанне вырашыцца.

Увесь гэты час мы плацілі за арэнду памяшкання каля 7 тысяч рублёў у месяц. Па маіх падліках, з-за затрымкі адкрыцця назапасілася прыкладна тры месяцы арэндных плацяжоў — каля 21 тысячы рублёў. Гэта акрамя грошай, якія мы ўжо пералічылі за стальніцы.

Я гаварыў яму пра гэтыя выдаткі, папярэджваў, што збіраюся звяртацца ў суд і патрабаваць кампенсацыі страт. Ён згаджаўся, вінаваціўся, абяцаў усё выправіць. Настала 1 жніўня, а нічога не змянілася, стальніцы так і не прывезлі. Працягваліся расказы пра тое, што вырабы ўжо едуць, што іх шліфуюць, што на складзе ўзніклі праблемы ці нешта затапіла.

Па маіх адчуваннях, абяцанне, што заказ ужо ў дарозе, я чуў разоў з 20 ці 30.

Урэшце я пачаў шукаць інфармацыю пра прадпрыемства ў інтэрнэце. Наткнуўся на публікацыі ў TikTok і Threads, а затым знайшоў суполку, дзе камунікавалі іншыя людзі, якія таксама скардзіліся на нявыкананыя заказы. Мяне туды дадалі, і пасля размоў з удзельнікамі я канчаткова зразумеў, што чакаць далей бессэнсоўна.

Да таго часу мы ўжо прапусцілі частку сезону і ўжо не маглі дазволіць сабе проста чакаць. Заказалі драўляныя стальніцы, каб хоць за паўсезона атрымаць нейкую выручку. Тады я сказаў гэтаму іпэшніку, каб ён вярнуў перадаплату, але за гэты час ён не пералічыў нам ні капейкі. Пры гэтым ён працягвае адказваць на званкі і абяцае разлічыцца.

Больш за ўсё мяне абурае нават не сама затрымка, а пастаянныя абяцанні. Я ж гатовы быў шукаць іншае рашэнне, заказваць сталы ў іншых майстроў — але кожны раз чуў, што ўсё ўжо гатова, што тавар едзе, што засталося пачакаць літаральна некалькі дзён».

«Стальніцу зрабілі ў іншага майстра, а грошы вяртаем да гэтага часу»

А вось Аляксей (імя зменена па просьбе героя) вырашыў абнавіць кухню яшчэ летам 2025 года. Тады ён заказаў стальніцу з каменя, якую абяцалі вырабіць за месяц. Аднак прайшло больш за год, а сям’я так і не дачакалася свайго заказа.

«Мы з жонкай звярнуліся да прадпрыемствы яшчэ ў ліпені 2025 года. Нам патрэбна была стальніца на асноўную працоўную паверхню і кухонны востраў. Майстра знайшлі па рэкамендацыі знаёмага, які займаўся праектаваннем нашай кухні. Ён расказаў, што іншыя яго заказчыкі ўжо звярталіся да гэтага чалавека і засталіся задаволеныя: усё вырабілі хутка, ніякіх праблем не ўзнікла.

Таму мы нават не сталі шукаць водгукі ў інтэрнэце або параўноўваць прапановы розных кампаній. Цэны ва ўсіх былі прыкладна аднолькавыя, а тут усё ж такі была рэкамендацыя ад чалавека, якому мы давяралі.

Прадпрымальнік сам прыехаў да нас дадому, узяў з сабой памочніка. Яны зрабілі замеры, мы абмеркавалі матэрыялы і дэталі заказа. Мужчына ствараў добрае ўражанне: упэўнена размаўляў, усё тлумачыў — ніякіх лішніх пытанняў не ўзнікала.

Дамову мы заключылі, наколькі памятаю, 31 ліпеня 2025 года. Унеслі перадаплату — $2000, або каля 5900 рублёў па курсе таго часу. Па дамове стальніца павінна была быць гатовая на працягу месяца, то-бок да канца жніўня».

Спачатку Аляксей спакойна чакаў заказ, але да канца жніўня стала зразумела, што ў абяцаны тэрмін майстар не ўклаўся. Прадпрымальнік спасылаўся на нейкія затрымкі, прасіў яшчэ трохі пачакаць, а затым зноў і зноў пераносіў дату гатоўнасці стальніцы.

«Так працягвалася прыкладна паўтара месяца. Кожны раз, калі мы звязваліся з ім, знаходзілася новая прычына, чаму заказ яшчэ не гатовы. У кастрычніку 2025 года мы вырашылі разабрацца, што наогул адбываецца. Пачалі шукаць інфармацыю пра прадпрыемства і выявілі, што ў дачыненні да яго ўжо ёсць выканаўчыя вытворчасці. Наколькі памятаю, тады гаворка шла пра запазычанасць парадку 100 тысяч рублёў.

Пасля гэтага мы зразумелі, што далей чакаць бессэнсоўна. Стальніцу заказалі ў іншага падрадчыка, які ў выніку ўсё вырабіў. А ад таго прадпрыемствы запатрабавалі вярнуць перадаплату. Ён згадзіўся, сказаў, што ўсё верне. Але на справе нічога не адбывалася. Мы званілі, нагадвалі, ён абяцаў разлічыцца, аднак канкрэтных тэрмінаў не называў або пастаянна іх пераносіў.

Прыкладна ў лістападзе-снежні 2025 года мы звярнуліся з заявай у міліцыю. Па нашым звароце правяралі, але падстаў для завядзення крымінальнай справы не знайшлі. Нам растлумачылі, што гэта грамадзянска-прававыя адносіны і пытанне трэба вырашаць праз суд.

Цікава, што незадоўга да заканчэння праверкі прадпрымальнік раптам пералічыў нам 500 рублёў. У мяне склалася ўражанне,што ён хацеў паказаць, нібыта сапраўды вяртае доўг і выконвае абавязацельствы. Пасля гэтага мы яшчэ прыкладна паўгода спрабавалі дабіцца вяртання рэшты сумы. Ён перыядычна пералічваў грошы невялікімі часткамі: то 100 рублёў, то 300.

Так паступова атрымалася атрымаць частку грошай, і сёння ён застаецца нам вінны прыкладна 2,7 тысячы рублёў.

У суд мы не пайшлі, бо мне вядома, што ў яго ёсць іншыя даўгі і выканаўчыя вытворчасці. Так што нават з судовым рашэннем атрымаць грошы будзе няпроста: па маёй інфармацыі, у яго няма маёмасці і пастаяннага даходу, за кошт якіх можна хутка пагасіць запазычанасць».

«Сам дурань, былі свае памылкі». Версія прадпрымальніка

«Анлайнер» звязаўся з ІП, на якога скардзяцца героі, і прапанавалі яму расказаць сваю версію таго, што адбылося.

Мужчына пацвердзіў, што ў яго ёсць нявыкананыя заказы і запазычанасці перад кліентамі. Аднак ён сцвярджае, што не збіраўся нікога падманваць, а праблемы пачаліся праз форс-мажор у бізнэсе.

«Вядома, былі прычыны, якія перашкодзілі выканаць заказы. Першыя сур’ёзныя праблемы пачаліся яшчэ ў 2024 годзе, але тады я неяк выкруціўся, а ў 2025‑м сітуацыя стала значна цяжэйшай. Калі коратка, то мяне тры разы «кінулі» з аплатай. Збанкрутавала адна мэблевая кампанія, дзе мы выканалі вельмі вялікі заказ. Каб яго закрыць, мы выкарыстоўвалі абаротныя сродкі і ў агульным ліку страцілі каля 300 тысяч рублёў. Пасля гэтага ўсё пачало рушыцца.

Цяпер я выплачваю грошы кліентам часткамі. Многім ужо нешта вярнуў, многім паставіў вырабы, але на ўсіх проста не хапае прытоку грошай. А пасля таго, як заказчыкі пачалі пісаць пра мяне ў сацсетках, сітуацыя стала яшчэ горшай. Я не магу нармальна даць рэкламу, некаторыя старыя партнёры ад мяне адвярнуліся. Атрымліваецца замкнёнае кола: мне трэба зарабляць, каб вяртаць грошы, а магчымасці зарабляць становіцца ўсё менш.

Я ж не прападаю, калі б ад пачатку збіраўся кагосьці падманваць, я б тады наогул не плаціў людзям грошы. Плаціў бы ўмоўныя 20 рублёў у месяц і жыў спакойна. Але я ж плачу нармальныя сумы: камусьці вярнуў палову перадаплаты, камусьці $500, камусьці па $1000.

— Вы працягваеце браць новыя заказы?

— Не, я прыпыніў прыём новых заказаў, займаюся толькі тымі, якія ўзяў вясною. Вядома, па іх ёсць пратэрміноўкі, але я ж не алкаголік, не гулец у казіно, дом сабе не будую і стараюся ўсім усё вярнуць. Я нават узяў крэдыт пад заклад кватэры, каб пагасіць частку запазычанасцяў.

Не хачу, каб сітуацыя выглядала так, нібыта я наогул ні ў чым не вінаваты. Сам дурань, былі свае памылкі: дзесьці своечасова не падпісаў акты, дзесьці падумаў, што потым усё зраблю. Я ж працаваў цэлымі днямі, прыходзіў дадому і проста падаў на ложак ад стомленасці.

— Кажуць, у вас куча выканаўчых вытворчасцяў.

— Так, кліенты падавалі на мяне ў суды, і я іх прайграў — гэтага не адмаўляю. Хтосьці пісаў заяву ў міліцыю, нібыта я махляр і ад пачатку хацеў усіх падмануць, праводзіліся праверкі. Наколькі мне вядома, у завядзенні крымінальных спраў па махлярстве адмаўлялі.

Я разумею, што людзі хочуць вярнуць свае грошы, але калі хочаце грошы, то дайце мне магчымасць іх зарабіць і вярнуць. А для гэтага мне патрэбна крыніца пастаяннага даходу. Так, я мог бы пайсці працаваць у таксі, але тады палову заробку адразу б спісваў аддзел прымусовага выканання, і аддаваць не было б з чаго.

Калі мне кажуць: бяры грошы дзе хочаш, пазыч, прадай нырку, — ну, так жа не бывае. Я б і сам хацеў пстрыкнуць пальцамі і адразу з усімі разлічыцца. Але адкуль узяць грошы, калі іх няма? А калі людзі пачынаюць блакіраваць рэкламу, пісаць скаргі, званіць у «Анлайнер», яны яшчэ мацней ускладняюць сітуацыю. Я ж тлумачу, што калі наогул не змагу працаваць, то і выплачваць даўгі мне не будзе з чаго.

Былі перыяды, калі я не здымаў трубку, бо проста не ведаў, што гаварыць людзям. Былі і дэпрэсіўныя станы, калі мне прыходзілася прымаць заспакаяльныя прэпараты. Вось уявіце, што вам амаль кожны дзень звяртаюцца і патрабуюць вярнуць грошы, а іх няма, — што тады адказваць людзям?

— А за якія грошы вы тады жывяце?

— Грошы на жыццё, праезд і нейкія неабходныя рэчы мне даюць сястра і бацькі. Адзенне, слава богу, ёсць, з інструментаў нешта засталося, таму спрабую выконваць асобныя работы: распіл, паліроўку — што атрымліваецца. Я разумею, чаму людзі злуюцца, на іх месцы, магчыма, я б рэагаваў бы гэтак жа.

— Які бачыце выхад з сітуацыі?

— Я не адмаўляюся ад даўгоў і цалкам прызнаю сваю адказнасць за тое, што адбылося. Я хачу працаваць і паступова ўсё выплачваць. Выканаць некалькі заказаў, зарабіць, вярнуць частку грошай, аднавіць рэпутацыю і гэтак далей. На ўсё гэта патрэбны час, і іншага выхаду я не бачу.

Каментары

Цяпер чытаюць

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?20

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі кажаноў гіне ад ветракоў? Маштаб аказаўся значна большым, чым чакалі3

Грузія выдварыла 39 беларусаў за дзевяць месяцаў 2026 года6

За мірганне далёкім святлом можа пагражаць штраф да 450 рублёў2

Сям'ю забіў, пакуль тыя спалі, цікавіўся «гітлераўцамі і арыйскай расай». Што яшчэ вядома пра справу 24‑гадовага стралка ў Кракаве19

Катастрофа на чыгунцы ў Егіпце — сем загінулых, больш за 100 параненых

Чвэрць без «васьмёрак» — 100 рублёў. Шматдзетная маці расказала, колькі плаціць дзецям за ацэнкі5

Чаму Макей пасля 2020‑га застаўся ў сістэме і ці спрабаваў спыніць рэпрэсіі?14

«Вокны з чорным налётам не адмыць». Пінчукі скардзяцца на адходы «Пінскдрэва»

Кушнер прапанаваў аднавіць дыялог Еўропы з Расіяй па ўзоры Савета Расія—НАТА4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?20

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць