Меркаванні

Вайна Расіі з Украінай прымушае беларусаў вызначацца з «вялікім геапалітычным выбарам». І працэсы — на карысць Захаду

У 2020 годзе многія беларусы адмовіліся ад ўстаноўкі «быць па-за палітыкай» ў сваёй краіне. Аднак заставалася нежаданне рабіць «вялікі геапалітычны выбар». Сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважае, якія карэктывы ў гэтае пытанне ўносіць расійска-ўкраінская вайна.

Фота Наталлі Фядосенка

Адным з парадоксаў, на якія была багатая Беларуская рэвалюцыя 2020 года, стала яе так званая «геапалітычная нейтральнасць». Гэта адзначалі айчынныя і замежныя даследчыкі, гэтаму здзіўляліся заходнія эксперты і журналісты, на гэтым настойвалі беларускія пратэстоўцы і большасць іх лідараў.

Між тым, жаданне такога становішча рэчаў, калі з усімі суседзямі выбудоўваеш нармальныя адносіны, самім беларусам парадаксальным не здавалася. Парадаксальным яно ўяўляецца тым, для каго: а). Беларусь з'яўляецца неад'емнай зонай уплыву Расіі; б). Геапалітычная оптыка існуе як адзіны інструмент, праз які можна глядзець на свет.

У беларусаў так не працуе. Прынамсі, не працавала раней.

Па-першае, таму, што ў беларускай масавай свядомасці Расійская Федэрацыя даўно перастала быць эксклюзіўным знешнепалітычным партнёрам. Якое б вялікае месца яна ні займала ў імпарце-экспарце, у інфармацыйнай прасторы і ў рыторыцы першых асоб дзяржавы. Ды і гэтая рыторыка, калі ўспомніць, у дачыненні да Расіі часам была вельмі супярэчлівай.

Па-другое, у масавай свядомасці ў Беларусі не было таго супрацьстаяння паміж Усходам і Захадам, якое характэрнае, напрыклад, для Расіі, Украіны ці Польшчы. Таму «пахаладанне» ў адносінах з Расійскай Федэрацыяй не азначала аўтаматычнага «павароту на захад».

Практычна ва ўсіх даследаваннях па геапалітычных перавагах, калі беларусу даць магчымасць выбіраць не толькі з палярных альтэрнатыў, больш чым у палове выпадкаў ён выбіраў «сярэдні» або абагульнены варыянт, які дапускаў магчымасці раўнаважных адносін са сваімі заходнімі і ўсходнімі суседзямі.

Менавіта ў такім кантэксце стала разгортвацца Беларуская рэвалюцыя.

Устаноўка на захаванне ранейшага курсу дзейнічала на працягу ўсяго 2020 года. Так, напрыклад, у ходзе даследавання, якое ў чэрвені 2020 года праводзіў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, пры адказе на пытанне «Як вы лічыце, якім павінен быць асноўны кірунак знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі?», за арыентацыю на Расію выказалася 23,9%, за Еўропу — 20,2%, за Кітай — 4,8%. За нейтральны варыянт (гэта значыць, ні за які з гэтых варыянтаў і за пазіцыю «Ні на каго арыентавацца не трэба, трэба праводзіць самастойную палітыку») выказаліся 54,6%.

У лістападзе таго ж 2020 года Chatham House правёў даследаванне сярод гараджан Беларусі і атрымаў супастаўныя даныя: у рамках адказу на пытанне «У якім геапалітычным саюзе лепш знаходзіцца беларускай дзяржаве?» пазіцыі «У саюзе з Расіяй і ЕС адначасова» і «Беларусі лепш быць па-за геапалітычнымі саюзамі» сумарна набралі 62,8%.

У выпадку палярных альтэрнатыў, як у тэлефонным апытанні Беларускай аналітычнай майстэрні (кіраўнік — прафесар Андрэй Вардамацкі), якое праводзілася ў той жа час, за саюз з Расіяй выказаліся 40% апытаных, а за Еўрапейскі Саюз — 33%.

Больш за тое, жаданне беларускага грамадства (прынамсі, яго паловы) падтрымліваць нармальныя адносіны і з Захадам, і з Расіяй захоўвалася і на працягу 2021 года. Нават нягледзячы на тое, што пуцінская Расія была фактычна адзінай знешнепалітычнай апорай рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі, які знішчаў беларускае грамадства. 

Гэта пацвярджаюць даныя некалькіх цыклаў даследаванняў Chatham House, у рамках якіх рэспандэнтам задавалася пытанне пра тое, у якім геапалітычным саюзе лепш знаходзіцца беларускай дзяржаве.

Як мы бачым, сумарна пазіцыя адначасовага саюзу з Усходам і Захадам альбо дыстанцыявання ад іх у розныя месяцы набірала ад 64% да 55% — але ў любым выпадку гэтая ідэя была прывабная для большай паловы беларускага грамадства.

Іншымі словамі, ажно да пачатку 2022 года, да пачатку расійска-ўкраінскай вайны, ідэя геапалітычнага нейтралітэту — парытэту паміж Захадам і Расіяй — заставалася для беларусаў актуальнай. Але цяпер, мабыць, вайна ва Украіне зробіць тое, чаго не змагла рэвалюцыя ў Беларусі — надламіць даўнюю ўстаноўку беларусаў на сіметрычнае сяброўства іх дзяржавы з усімі суседзямі, уключаючы ўсходняга «партнёра».

Да гэтай думкі падводзяць даныя, атрыманыя ў рамках праекта «Народнае апытанне» (дарэчы, праект гэты шмат у чым недаацэнены; з боку экспертаў ён атрымлівае менш увагі, чым на самай справе заслугоўвае).

Я маю на ўвазе вынікі даследавання пратэснай аўдыторыі, атрыманыя ўжо пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны: рэзкае зніжэнне колькасці выпадкаў выбару «нейтральных» пазіцый і рост папулярнасці праеўрапейскай арыентацыі.

Калі ў лютым 2022 года дзве «нейтральныя» пазіцыі разам набіралі 61%, а праеўрапейская — усяго 38%, то ў бягучым красавіку «нейтральныя» «выбары» склалі ўсяго 31%, а выбар ЕС — 60%. Гэта значыць, пазіцыя геапалітычнай роўнааддаленасці страціла амаль палову сваіх адэптаў, а ідэя еўрапейскага выбару стала папулярнейшай больш чым на траціну.

Падкрэслю, гэта даныя па апытанні пратэсна настроенай, прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства.

Які будзе расклад для ўсяго беларускага грамадства — пакуль няясна, але відавочна, што расійска-ўкраінская вайна ўносіць карэктывы ў беларускае нежаданне рабіць «вялікі геапалітычны выбар».

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў1

«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

Усе навіны →
Усе навіны

«Карацей, псеўдаветэраны». «Войска НКВД». Тыкток паставіў дыягназ парадам25

Аўтар расійскага «Коммерсанта» выбачыўся перад Лукашэнкам за тое, як апісаў ягоны прыезд на парад17

«Жэня ў нас ногі страціў». На парад у Мінск прыехалі вагнераўцы-беларусы — расказваем, хто яны20

Праўладныя каналы абурыліся паводзінамі падлеткаў падчас салюту ў Магілёве. Дзяўчатак ужо знайшлі сілавікі19

Стала вядома, што будзе з закрытым «Домам кіно» у Мінску4

Крэпасці, каналы і лунаючыя скалы. Куды паехаць з Гродна на вялікія майскія выхадныя4

Расія закрые неба над Капусціным Ярам. Раней так рабілі пры атацы «Арэшнікам»

Максім Недасекаў выставіў на продаж машыну. Сцвярджае, што хоча набыць нерухомасць8

Еўрапейскія лідары прыехалі ў Кіеў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў1

«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць